30 красавiка 2024, aўторак, 21:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў

1
Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў

Фестываль опернага і балетнага мастацтва «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» адкрываецца сёння ў Нясвіжы.

Пачнецца музычнае свята канцэртам вядучых салістаў оперы з удзелам струннага квінтэта «Серэнада», які пройдзе ў тэатральнай зале замка. Увечары ўнутраны двор замка Радзівілаў ператворыцца ў тэатр пад адкрытым небам, на сцэне якога адбудзецца паказ легендарнага балета Пятра Чайкоўскага «Лебядзінае возера». Дырыжыраваць спектаклем будзе заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка, паведамляе БелТА.

Нясвіжскі касцёл Божага цела 22 чэрвеня расчыніць свае дзверы для прыхільнікаў музыкі эпохі рамантызму. У храме прагучаць творы беларускіх кампазітараў XIX стагоддзя. У гэты ж дзень тэатральная пляцоўка ўнутранага двара замка стане арэнай для палітычных і чалавечых запалаў. Нацыянальная опера «Сівая легенда» кампазітара Змітра Смольскага на лібрэта Уладзіміра Караткевіча пройдзе ў сапраўдных гістарычных дэкарацыях пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Украіны Віктара Пласкіны. Вядучыя партыі выканаюць зоркі Вялікага тэатра: Аксана Волкава, Анастасія Масквіна, Сяргей Франкоўскі і Станіслаў Трыфанаў. Разыграюць зоркі беларускай оперы і любоўны трохкутнік з італьянскім акцэнтам: 23 чэрвеня ў тэатральнай зале Уршулі Радзівіл паставяць камічную оперу «Рыта, або пірацкі трохкутнік» Гаэтана Даніцэці.

Завершыць чацвёрты фестываль «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» грандыёзны гала-канцэрт зорак беларускай оперы і балета пад кіраўніцтвам дырыжораў заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалая Калядка і Вячаслава Воліча. У праграме канцэрта - папулярныя арыі з класічных опер, фрагменты балетных спектакляў.

Адзначым, у красавіку ў Нясвіжскі замак вярнуліся рэдкія выданні княжацкай бібліятэкі Радзівілаў.

Фота: zn.by

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках