30 красавiка 2024, aўторак, 21:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Арлоў: У прафесара БДУ - комплекс «малодшага брата»

64
Уладзімір Арлоў: У прафесара БДУ - комплекс «малодшага брата»

Нічым іншым жаданне паставіць помнік расейскаму цару ў Менску растлумачыць нельга.

Такое меркаванне выказаў пісьменнік Уладзімір Арлоў, каментуючы сайту charter97.org прапанову прафесара БДУ усталяваць у сталіцы Беларусі помнік расейскаму цару Аляксандру II.

«Такія выказванні з'яўляюцца праявай комплексу «малодшага брата», якому расейскія каланізатары, бачыце, адмянілі прыгоннае права. Каб стаць па-сапраўднаму незалежнай еўрапейскай дзяржавай, мы павінны пазбавіцца ад посткаланіяльнага сіндрому. Але нам спрабуюць навязаць яшчэ і помнікі, якія будуць толькі замацоўваць такую свядомасць», - лічыць пісьменнік.

Ён падкрэсліў, што нашы сем'і ў канцы XVIII стагоддзя былі захопленыя і вырваныя з агульнаеўрапейскага цывілізацыйнага кантэксту расейцамі.

«І што, калі яны і рабілі тут што-небудзь прагрэсіўнае, мы павінны шанаваць за гэта каланізатараў? Я нагадаю, што ў Расейскай імперыі прыгоннае права, па сутнасці, прыгоннае рабства, якога ў такіх формах ніколі не было на радзіме нашых продкаў у ВКЛ, было адменена, калі ў Лондане пусцілі метро. Гэта падкрэслівае розніцу ва ўзроўні цывілізацый. І нашы продкі былі вымушаныя жыць у той дзяржаве, у той імперыі, якую класікі марксізму-ленінізму абсалютна заслужана, называлі турмой народаў і жандарам Еўропы. Шмат у чым можна не пагаджацца з Марксам, Энгельсам і Леніным, але тут яны далі бліскучую характарыстыку Расеі», - перакананы Уладзімір Арлоў.

Нагадаем, Уладзімір Кошалеў, які займае пасаду загадчыка кафедры Гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, заявіў, што ў беларускай сталіцы трэба ўсталяваць помнік Аляксандру II.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках