19 траўня 2024, Нядзеля, 5:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Васіль Быкаў пра Лукашэнку: Такое ўражанне, што ён толькі ўчора прыляцеў з космасу

151

20 гадоў таму Васіль Быкаў напісаў артыкул, у якім жорстка асудзіў тады яшчэ дэпутата Лукашэнку.

Пра яго піша Сяргей Навумчык у сваёй кнізе «Сем гадоў Адраджэння, альбом Фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)». Ён згадвае, што ў жніўні 1993 года расейская газета «Правда» апублікавала інтэрв'ю з беларускім дэпутатам Лукашэнкам пад загалоўкам «Дык адродзіцца!». У ім ішла гаворка аб неабходнасці аб'яднання Беларусі і Расеі.

Васіль Быкаў праз некалькі дзён - у верасні 1993 - жорстка адрэагаваў на заявы дэпутата артыкулам у «Народнай газеце». Яна была апублікаваная пад загалоўкам «Каб захаваць уладу, яны гатовыя аб'яднацца з самім д'яблам» і ў ёй пісьменнік раскрытыкаваў заявы будучага дыктатара, піша «Салiдарнасць».

Прапануем вашай увазе вытрымкі з артыкула:

«Народы былога Савецкага Саюза мелі нядаўна шчаслівую магчымасць пазнаёміцца ў «Правде» з адрозным сваёй незвычайнасцю матэрыялам. Маецца на ўвазе інтэрв'ю з малітоўным загалоўкам «Дык адродзіцца!», арганізаванае ўласным карэспандэнтам гэтай газеты ў Беларусі. Вядома, у свой час у ёй даводзілася чытаць і не такія матэрыялы, але каб з такой ашаламляльнай адкрытасцю паставіцца да далікатнай незалежнасці краіны, дзе нарадзіўся і жывеш, дзе будуць жыць твае дзеці, - такое трэба пашукаць у наш час нават сярод самай рэакцыйнай прэсы.

...

Наогул не мела б вялікага сэнсу палемізаваць з гэтым газетным лямантам перапуджанага чалавека, які за гады ідэалагічнага адурэння, мабыць, так і не разабраўся ў гістарычнай сутнасці часу. Калі б аўтарам інтэрв'ю, дадзенага ваяўнічаму прадстаўніку камуністычнай журналістыкі, быў не народны дэпутат, прадстаўнік выбарнай улады, якая ў цяперашні час вызначае не толькі спосаб жыцця цяперашніх пакаленняў, але імкнецца ўплываць на жыццё наступных, на лёс нашай дзяржаўнасці. Хоць пра які лёс можна весці размову, калі гэты і яму падобныя дэпутаты, ужо не тоячыся, ўзялі курс на ліквідацыю дзяржаўнасці, на дэнансацыі белавежскіх пагадненняў і «аднаўленне адзінай саюзнай дзяржаўнасці». Каб жыць разам.

Ствараецца ўражанне, быццам паважаны народны дэпутат толькі ўчора прыляцеў з космасу на нашу грэшную зямлю і ўбачыў, што тут «народ дайшоў да жабрацтва», што вакол жах і беспарадкі, і яго спасцігла шчаслівае азарэнне: «паасобку з бяды не вырвацца». Быццам бы і не ведае, што Беларусь больш за 70 гадоў згодна і вернападдана жыла ў «адзінай і нармальнай дзяржаве» і менавіта ў ёй дажыла да сённяшняга жаху і бяспраўя, калі «няма нафты, гаручага, прастойваюць камбайны, перакрываецца газ, няма новых расейскіх грошай». (Заўважце, усё - у безасабовай форме, усе няшчасці - быццам па волі лёсу.)

Што і казаць, сапраўды жудасна. Толькі якая сувязь паміж «няма нафты, гаручага» і незалежнасцю краіны? Няўжо народны дэпутат думае, што ў рамках «адзінага і нармальнага» ён усё гэта будзе мець бясплатна, па званку з «Белага дома»?

У Расеі таксама не ва ўсіх ёсць бензін нават для жніва, бо за бензін трэба плаціць, а ў земляробаў Сібіры, напрыклад, няма грошай. Бо таксама беспарадак, развал, сацыялістычная безгаспадарчасць. Цікава, аўтар не разумее, ці робіць выгляд, што не разумее, прычын развалу гэтай «адзінай і нармальнай» дзяржавы, якая таму і развалілася, што існаваць далей не знайшлося магчымасці.

...

Эканоміка, у якой 80 працэнтаў нацыянальнага прыбытку пачала адбіраць ваенная вытворчасць, доўга існаваць не магла. Гэта зразумела не толькі ЦРУ, але і КДБ, а за імі і «малады гаспадар» СССР Міхаіл Гарбачоў, які пачаў перабудову для таго, каб выжыць, выратаваць дзяржаву і КПСС. Але было ўжо позна - не дапамагла і перабудова.

...

Суверэннасць нацыі і дзяржавы - адны з самых святых дабротаў сумеснага чалавечага існавання, і толькі ва ўмовах скажонай, перакуленай свядомасці з'яўляецца патрэба гэта даказваць».

Праз год пасля выхаду гэтай водпаведзі Лукашэнка стаў прэзідэнтам і ў дачыненні да Васіля Быкава пачалася кампанія цкавання. Прычынай яе, відавочна, быў не толькі артыкул у «Народнай газеце». Пісьменнік з’яўляўся адным з заснавальнікаў БНФ і пПасля 1994 кнігі Быкава перасталі выдаваць у роднай Беларусі. Пазней пісьменнік будзе успамінаць: «Па волі гэтай прапаганды я зрабіўся не толькі дрэнным пісьменнікам, але і «вар'ятам нацыяналістам», які марыць адабраць у Польшчы Беласточчыну, а ў Расеі - Смаленск.

У выніку гэтай кампаніі я страціў некаторых сваіх сяброў з колаў расейскай дэмакратыі».

У кампанію цкавання былі ўцягнутыя нават былыя аднапалчане пісьменніка. У 1997 годзе ў «Знамени Юности» і «Народнай газеце» выйшлі артыкулы пад лозунгамі «З Быкавым у разведку не пойдзем» і «Прышчэпка непрыязнасці. Адкрыты ліст Васілю Быкаву».

Цкаванне, забарона і пагаршэнне на гэтым фоне здароўя вымусілі народнага пісьменніка з'ехаць за мяжу ў палітычную эміграцыю. Вярнуўся Васіль Быкаў у Беларусь толькі за месяц да смерці, якая прыйшла да яго дзесяць гадоў таму, 22 чэрвеня 2003 году.

Напісаць каментар 151

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках