5 траўня 2024, Нядзеля, 15:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Казкі Пятра Пракаповіча

85
Казкі Пятра Пракаповіча

Віцэ-прэм'ер абяцае беларусам заробкі ў 700 даляраў.

Віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч зноў пачаў распавядаць беларусам казкі. Ён паабяцаў шмат, пры ўмове, што мы будзем працаваць добра. А калі будзем працаваць добра - то жыць будзем яшчэ лепш, піша «Товарищ.online».

«Спадзяемся, што заробак будзе не менш, чым плюс прыкладна 100 даляраў да таго, што мы будзем мець у 2013 годзе. У гэтым годзе ўрад разлічвае выйсці на сярэднюю зарплату па рэспубліцы прыкладна ў 600 даляраў. Калі будзем добра працаваць, то будзем зарабляць не менш, а больш», - заявіў віцэ-прэм'ер Урада Беларусі Пётр Пракаповіч падчас прамой лініі ў рэдакцыі газеты «Рэспубліка».

Заробак у 600 даляраў - гэта добра, але 700 - яшчэ лепш, так? Толькі Пётр Пятровіч на гэты раз нават павёў сябе сціпла. Ён забыўся тое, пра што ў студзені гэтага года пісалі ўсе СМІ. А пісалі яны пра паведамленне Мінэканомікі, у якім гаварылася, што рост сярэдняга заробку да 700 даляраў у эквіваленце заяўлены ў якасці прагнознага параметра на 2013 год. Такім чынам, прагнозны параметр «завалены».

Наогул, зарплата ў 700 даляраў - даўняя мара ўрада. Яшчэ ў 2008 годзе Аляксандр Лукашэнка, выступаючы з пасланнем народу і «парламенту», звярнуўся да тагачаснага прэм'ер міністра Сяргея Сідорскага: «Трэба вяртацца да патрабавання павышэння заработнай платы. Іншага шляху няма. На канец пяцігодкі (да 2010 года) нам трэба заработную плату давесці, баюся гаварыць, да 700 даляраў, нікуды не падзенемся. 500 даляраў будзе мала. Трэба 700 - сярэдні заробак па краіне. Тады мы зможам утрымаць стабільнасць у нашым грамадстве».

У чэрвені 2012 года Лукашэнка запатрабаваў, каб зарплата на дзяржпрадпрыемствах была 500, а ў «прыватнікаў» - 700 даляраў. У снежні 2012 года Мікалай Снапкоў на такой жа прамой лініі ў той жа газеце заявіў, што заробак у 700 даляраў у Беларусі ў 2013 годзе будзе «без праблем».

Аднак усе гэтыя прагнозы так і засталіся прагнозамі. І застануцца і надалей. Раней спецыялісты казалі, што заробку ў гэтым годзе ў 700 даляраў не будзе, проста таму, што ён нават не закладзены ў бюджэце.

Эканаміст Леанід Злотнікаў сказаў, што ніякіх перадумоў для росту зарплаты ў Беларусі няма.

«Гэтаму не спрыяюць практычна нулявыя тэмпы развіцця эканомікі Беларусі, скарачэнне аб'ёмаў сусветнага рынку, спад эканамічнага росту ў Расеі. Таму зарплата ў 700 даляраў для Беларусі наўрад ці дасягальная ў цяперашніх умовах», - кажа эксперт.

Акрамя таго, ён адзначыў, што арыентавацца на зарплату ў далярах, не ўлічваючы паводзін самога даляра, зусім няправільна і некарэктна. «Узровень пакупніцкай здольнасці самога даляра падае, - гаворыць Злотнікаў. - Заробак у 500 даляраў у снежні 2012 года па пакупніцкай здольнасці быў такім жа, як заробак у 415 даляраў у снежні 2011-га. І гэта рэальнасць. У апошнія два гады даляр губляе сваю пакупніцкую здольнасць, за два гады яна знізілася для даляра на 20%. Гэта досыць вялікае падзенне, і даляр зараз - слабая валюта».

А яшчэ Пётр Пракаповіч заявіў, што падстаў для дэвальвацыі беларускага рубля няма. «На сёння для дэвальвацыі няма падстаў. Нацыянальны банк з пачатку года купіў каля $1 млрд. Таму якія могуць быць падставы для дэвальвацыі?» - адзначыў віцэ-прэм'ер.

Злотнікаў нагадаў, што такія ж заявы Пётр Пракаповіч рабіў перад дэвальвацыяй 2009 і 2011 года. «Таму натуральна, што народ ставіцца да іх з недаверам», - мяркуе эканаміст.

І ўсё ж, на думку эканаміста, такія прагнозы як у Пракаповіча, так і ў яго, вельмі ўмоўныя, проста таму, што «мы разлічваем на тую палітыку, якую ўрад праводзіць цяпер. А калі ўрад раптам стане праводзіць іншую палітыку? Калі раптам мы пачнем выконваць рэкамендацыі Міжнароднага валютнага фонду, калі нам нічога не застанецца, як праводзіць прыватызацыю, і мы на гэта пойдзем? Калі мы пачнем прадаваць свае прадпрыемствы, і будзем атрымліваць, як і планавалі 2,5 мільярда даляраў у год з прыватызацыі? А раптам ўрад стане праводзіць ліберальную палітыку ў эканоміцы? Тады, вядома, у краіну пойдзе прыток валюты ад прыватызацыі, будзе праводзіцца нармальная мадэрнізацыя вытворчасцей, і тады зарплата, вядома, можа дасягнуць абяцанага Пракаповічам параметру без інфляцыі і дэвальвацыі», - марыць Злотнікаў.

Паводле яго слоў, надзея на тое, што Урад раптам рэзка зменіць эканамічны курс, практычна нулявая, аднак выключаць хоць найменшай верагоднасці таго, што «мы станем іншымі», нельга.

«Таму ўсе прагнозы на будучыню - умоўныя. Заробак у 700 даляраў наўрад ці дасягальны пры ўмове захавання палітыкі цяперашняга ўрада», - адзначыў Злотнікаў.

Напісаць каментар 85

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках