16 траўня 2024, Чацвер, 15:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леў Марголін: Або гандляваць са стратамі, або сыходзіць з рынку

97
Леў Марголін: Або гандляваць са стратамі, або сыходзіць з рынку

Беларускія прадпрыемствы неканкурэнтназдольныя.

Такім чынам Леў Марголін пракаментаваў сайту charter97.org павелічэнне дзяржаўнай запазычанасці Беларусі на 4,4% і страты беларускіх прадпрыемстваў у перапрацоўцы малака і мяса.

«Той факт, што замежная запазычанасць Беларусі расце, не выпадковы, і расце яна пакуль марудна. Калі Лукашэнку ўдасца атрымаць ад Расеі ад двух да пяці мільярдаў даляраў, то замежная запазычанасць вырасце вельмі значна. На жаль, але гэта наш лёс. Пакуль у Беларусі будзе рэжым Лукашэнкі, і не будзе рэформаў, мы можам жыць толькі за кошт замежных пазык», - перакананы эканаміст.

Экспэрт упэўнены, што беларускія ўлады не думаюць пра тое, як вярнуць грошы.

«Яны жывуць паводле прынцыпу «дзень прастаяць ды ноч пратрымацца», а вяртаць пазыкі давядзецца наступным пакаленням, гэта значыць нашым дзецям. Крэдыты можна браць толькі ў тым выпадку, калі гэта звязана з рэфармаваннем эканомікі. А цяпер мы іх бярэм, каб праесці», - мяркуе Леў Марголін.

Ён падкрэсліў, што стратных прадпрыемстваў будзе станавіцца ўсё больш і больш, бо прамысловасць у Беларусі нерэфармаваная.

«Прынамсі ў гэтых галінах: у мясной і малочнай перапрацоўцы мадэрнізацыя магла б дапамагчы, але на яе трэба шмат грошай. Сродкаў няма нават на тое, каб купіць новае абсталяванне. Лукашэнка спадзяецца на нашую сельскую прамысловасць, як на асноўную крыніцу валюты. Той факт, што гэтыя прадпрыемствы ўзначальваюць спіс стратных, значыць, што ў гэтай галіне мы прадаем прадукцыю ніжэй за сабекошт. І чым больш прадаем, тым больш страт», - дадаў эканаміст.

Ён адзначыў, што беларускае мяса і малако запатрабаванае ў Расеі, але існуе канкурэнцыя.

«Славуты» Мытны саюз прадугледжвае тое, што не толькі Беларусь пастаўляе ў Расею сваё малако і мяса, але і Новая Зеландыя, Аргентына, Францыя ды яшчэ шмат краін, дзе ўзровень вытворчасці і прадуктыўнасці працы значна вышэйшы, чым у нас. І калі масла, якое прывезлі з Новай Зеландыі таннейшае, чым беларускае, то мы можам сысці з рынку або прадаваць сабе ў страту. У гэтым і сутнасць праблемы», - заявіў Леў Марголін.

Нагадаем, дзяржаўная запазычанасць Рэспублікі Беларусь на 1 траўня 2013 года склала 134,4 трлн рублёў і павялічылася ў параўнанні з пачаткам 2013 на 5,6 трлн рублёў або на 4,4%.

Таксама адзначым, што прадпрыемствы для перапрацоўкі мяса і малака склалі большасць у топ-30 стратных ААТ Беларусі.

Напісаць каментар 97

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках