29 красавiка 2024, панядзелак, 22:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бакіеў пагражае кыргызскім уладам Гаагскім трыбуналам

38
Бакіеў пагражае кыргызскім уладам Гаагскім трыбуналам

Былы кіраўнік Кыргызстана заявіў, што лічыць дарэмнымі спробы дамагчыся ад беларускіх уладаў яго экстрадыцыі.

«Я не збіраюся вяртацца ва ўладу не толькі ў Кыргызстане, але наогул у любую ўладу. Час гэта ўжо зразумець. Я сышоў з палітыкі, сышоў канчаткова, і я гэта заяўляю вам афіцыйна», - заявіў Курманбек Бакіеў у інтэрв'ю агенцтву «Інтэрфакс».

Паводле яго слоў, «людзям, якія прыйшлі да ўлады пры дапамозе знешніх сіл, як гэта здарылася ў 2010 годзе, ім увесь час мрояцца нейкія сілы, якія рыхтуюць пераварот». Таксама былы кіраўнік распавёў, чаму Лукашэнка адмаўляецца выдаваць яго кыргызскім уладам.

«Адносна пытання аб маёй экстрадыцыі кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь выказвалася цалкам адназначна: спадар Бакіеў з'яўляецца грамадзянінам Беларусі з 2010 года і згодна з заканадаўствам экстрадыцыі не падлягае», - сказаў. Тым больш, падкрэсліў ён, «па выдуманых і палітычна матываваных абвінавачаннях».

Тэму аб экстрадыцыі, якая перыядычна ўзнікае, Бакіеў звязвае з жаданнем цяперашніх уладаў Кыргызстана «адцягнуць людзей ад рэальных праблем».

«Каманда, якая не можа працаваць эфектыўна, кідаецца то туды, то сюды. Чым запоўніць палітычны вакуум? Як растлумачыць сваё няўменне кіраваць краінай? Значна прасцей у чарговы раз абвінаваціць ва ўсім Курманбека Бакіева, Максіма Бакіева, запатрабаваць іх вяртання ў краіну», - заявіў былы кіраўнік. Больш за тое, адзначыў ён, «пройдзе час, і тым, хто сёння ва ўладзе, прыйдзецца адказваць і перад судом, і перад народам. Адказваць за тое, што яны зрабілі ў 2010 годзе, і за тое, да якой сітуацыі яны давялі сёння Кыргызстан».

Не абыйшлося і без абвінавачванняў у адрас цяперашніх уладаў краіны.

«Што тычыцца маёй бяспекі і магчымай кроўнай помсты, то хачу сказаць, што кроў усіх загінулых у красавіку 2010 года цалкам ляжыць на тых, хто прывёў гэтых людзей да Дома ўрада, хто даў ім у рукі зброю. На сумленні цяперашніх кіраўнікоў: Атамбаева, Атумбаевай, Тэкенбаева, Бекназарава і іншых», - заявіў Бакіеў.

«Калі правесці незалежнае аб'ектыўнае расследаванне ўсіх гэтых падзеяў, то гэта вельмі вялікае пытанне, хто апынецца на лаве падсудных. Гаагскі трыбунал ніхто яшчэ не адмяняў, і па такіх справах няма тэрміну даўніны. У незалежным судовым расследаванні і працэсе я гатовы прыняць удзел. Але баюся, што тады не паздаровіцца цяперашнім кіраўнікам», - заявіў Бакіеў.

Бакіеў і яго малодшы брат абвінавачваюцца на радзіме ў здзяйсненні шэрагу цяжкіх злачынстваў, у тым ліку расстрэле мітынгу ў цэнтры Бішкека 7 красавіка 2010 года, і абодва былі асуджаныя завочна на доўгія тэрміны зняволення за забойства былога кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Медэта Садыркулава.

Цяпер яны абодва знаходзяцца ў Беларусі.

Малодшы сын былога прэзідэнта Максім Бакіеў абвінавачваецца ў Кыргызстане ў здзяйсненні злачынстваў у сферы эканомікі, і ў сакавіку быў завочна прысуджаны да 25 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках