2 траўня 2024, Чацвер, 8:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Малчанаў - на волі

54
Аляксандр Малчанаў - на волі

Палітвязень Аляксандр Малчанаў выйшаў на волю.

Яго выпусцілі раным-рана, яшчэ да абуджэння, хоць, паводле інфармацыі праваабаронцаў, звычайна асуджаных у калоніі №14 пад Барысавам пачынаюць вызваляць пасля 11.00.

Цяпер Аляксандр Малчанаў знаходзіцца дома. Пра ягонае вызваленне сайту charter97.org паведаміла актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Юлія Сцяпанава, якая ехала сустракаць яго з калоніі.

Праз тое, што палітвязня вызвалілі раней, журналісты і праваабаронцы, сярод якіх былы палітвязень Васіль Парфянкоў і лідар прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў , здолелі пабачыцца з ім ужо ў Барысаве.

Аляксандр Малчанаў распавёў пра свае бліжэйшыя планы ў інтэрв'ю сайту charter97.org.

«У калоніі я займаўся адукацыяй, атрымаў дыплом станочніка шырокага профілю. Цяпер збіраюся вучыцца і працаваць далей. У кожным выпадку ад сваіх ідэй і грамадскай дзейнасці адмаўляцца не збіраюся», - сказаў ён.

З калоніі палітвязень выйшаў не адзін. Ён узяў з сабой голуба, які заляцеў на тэрыторыю папраўчай установы.

Аляксандр Малчанаў падзякаваў усім, хто падтрымліваў яго падчас зняволення.

«Лістоў было так шмат, што, на жаль, не ўсім здолеў адказаць» , - сказаў ён.

Аляксандр Малчанаў нарадзіўся 22 чэрвеня 1988 года ў Барысаве, у гэтым горадзе жыў усё сваё жыццё. Вучыўся ў Барысаўскай школе №22.

У першай палове 2000 гадоў быў актывістам моладзевага руху «Зубр». Менавіта ў той час палітычная актыўнасць хлопца была прычынай сталай увагі да яго з боку міліцыі.

Першы раз Малчанава затрымалі паводле крымінальнай справы за Плошчу ў Барысаве 6 студзеня 2011 года. Аляксандру было выстаўлена два абвінавачанні ў справе аб масавых беспарадках: ва ўдзеле ў іх, а таксама ў абразе падчас акцыі дзяржаўных сімвалаў. Змешчаны пад варту ў следчы ізалятар КДБ.

2 сакавіка 2011 года асуджаны ў Фрунзенскім судзе Менску на 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў калоніі №15 Магілёва, адкуль быў вызвалены 14 верасня 2011 на падставе памілавання Лукашэнка ў ліку іншых палітычных зняволеных.

Неўзабаве супраць Аляксандра была распачатая другая крымінальная справа. У лістападзе 2011 года ён быў арыштаваны другі раз у Барысаве і змешчаны пад варту ў ІЧУ. На гэты раз апазіцыянера абвінавацілі ў крадзяжы металалому. Аляксандр не мог уладкавацца на працу, бо яго нікуды не бралі пасля палітычнага суду, і ён зарабляў на жыццё сабе і бацькам-пенсіянерам зборам металалому. Ён кажа, што на тэрыторыю завода, якая не ахоўваецца, жыхары горада звычайна заходзілі за металічнымі адыходамі вытворчасці. 9 красавіка 2012 года асуджаны на 1 год 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Аляксандр Малчанаў - на волі. Фота: БелаПАН
Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках