17 траўня 2024, Пятніца, 17:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея праводзіць самыя маштабныя вайсковыя вучэнні за 25 гадоў

110
Расея праводзіць самыя маштабныя вайсковыя вучэнні за 25 гадоў

Буйныя вайсковыя вучэнні пачаліся сёння ў Сібіры і на Далёкім Усходзе Расеі.

Загад аб іх правядзенні падпісаў напярэдадні Уладзімір Пуцін.

«Даручаю правесці раптоўную праверку Усходняй вайсковай акругі, давесці да ўсяго асабістага складу гэтае ўказанне і ў гадзіну ночы з 12 на 13 ліпеня прывесці войскі Усходняй вайсковай акругі ў поўную баявую гатоўнасць з наступным вывадам іх у раёны вучобы, на палігоны», - цытуе Пуціна яго прэс-служба.

На працягу ўсёй гісторыі Расеі пасля распаду Савецкага Саюза такіх маштабных вайсковых вучэнняў не праводзілі ні разу.

«Агульная колькасць войскаў, якія прыцягваюцца да праверкі баявой гатоўнасці, складае звыш 80 тысяч вайскоўцаў, блізу 1 тысячы танкаў і баявых браніраваных машын, 130 самалётаў і верталётаў далёкай, вайскова-транспартнай, знішчальнай, бамбардзіровачнай і вайсковай авіяцыі, а таксама 70 караблёў і судоў Ваенна-марскога флоту», - гаворыцца ў паведамленні Міністэрства абароны Расеі.

Але некаторыя СМІ называюць яшчэ большую колькасць салдат і тэхнікі, якія задзейнічаныя ў манеўрах.

Да раптоўнай праверкі боегатоўнасці войскаў Усходняй і часткі Цэнтральнай вайсковых акругаў у суботу прыцягнутыя блізу 160 тысяч вайскоўцаў, піша NEWSru.com.

Войскі выконваюць мерапрыемствы па прывядзенню ў вышэйшую ступень баявой гатоўнасці, ажыццяўляюць перагрупоўку воінскіх частак рознымі тыпамі транспарту. Падраздзяленні на незнаёмых палігонах, якія знаходзяцца на значным выдаленні ад пунктаў іх пастаяннай дыслакацыі, будуць выконваць вучэбна-баявыя задачы ў адпаведнасці з іх прызначэннем.

«Асаблівая ўвага надаецца пытанням кіравання войскамі, транспартнаму, матэрыяльна-тэхнічнаму і медыцынскаму забеспячэнню, - сказаў кіраўнік Міністэрства абароны Расеі Сяргей Шайгу - будуць адпрацоўвацца пытанні, якія звязаныя з выратаваннем на моры, у тым ліку і падводнага флоту».

Раптоўная праверка будзе доўжыцца тыдзень. Селектарную нараду ў Мінабароны абяцаюць збіраць кожны дзень.

Нагадаем, увосень адбудуцца маштабныя вайсковыя вучэнні «Захад-2013». Яны пройдуць на тэрыторыі нашай краіны. Вучэнні, у якіх возьмуць удзел войскі Беларусі і Расеі, пачнуцца 20 верасня.

У адпаведнасці з планамі Мінабароны, зацверджанымі Лукашэнкам, колькасць войскаў, якія ўдзельнічаюць у іх, а таксама баявых танкаў, баявых браніраваных машын, самаходнай і буксірнай артылерыі, колькасць запланаваных самалётавылетаў не перавышае ўзровень, якi падлягае абавязковаму назіранню за пэўнымі відамі вайсковай дзейнасці, якая ўсталёўваецца рознымі дамовамі і пагадненнямі ў галіне кантролю над узбраеннямі.

Але правядзенне вучэнняў выклікала непакой сярод суседзяў Беларусі.

Пакуль афіцыйнай інфармацыі паводле сцэнару вучэнняў і сілаў,якія ўдзельнічаюць у іх, недастаткова, аднак ёсць здагадка, што яны будуць нагадваць, які вялікі рэзананс выклікалі вучэнні «Захад-2009». Тады ў вучэннях узялі ўдзел звыш 12 тысяч вайскоўцаў, афіцыйна яны былі названыя абароннымі, што заклікаюць падтрымаць стратэгічную стабільнасць у рэгіёне. Аднак у іх сцэнары, паводле некаторых паведамленняў, быў прадугледжаны напад на тэрыторыю балтыйскіх краін і прэвентыўны ядзерны ўдар па Варшаве.

Фота: ІТАР-ТАСС

Напісаць каментар 110

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках