18 траўня 2024, Субота, 15:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За галадоўку, «якой не было», адказаў маладафронтавец

118
За галадоўку, «якой не было», адказаў маладафронтавец

(абноўлена - 17:40) Прэс-служба Мінабароны працягвае ўпарта адмаўляць саму магчымасць галадоўкі салдатаў у знак пратэсту.

Як паведамляў наш сайт 22 ліпеня, вайскоўцы в/ч 44540 у Лапічах абвясцілі галадоўку з-за прадузятага стаўлення камандавання.

Інфармацыя пра галадоўку выклікала, мякка кажучы, неадэкватную рэакцыю прэс-сакратара Мінабароны Уладзіміра Макарава і вайсковага кіраўніцтва.

«Ды не было ніякай галадоўкі! Вы што, здзекваецеся? Інфармацыя, якая ўкінутая дзякуючы таталітарнаму інтэрнэт-рэсурсу «Хартыя'97» не адпавядае рэчаіснасці. Вашы лібероідныя штучкі не пройдуць», заявіў прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў. Ён таксама сказаў, што падрыхтаваў артыкул, які чамусьці завецца «Казліная песня ў выкананні беларускай апазіцыі» і ў якім ваеннае ведамства раскажа пра «чарговую правакацыю» з боку незалежных СМІ.

Між тым, па інфармацыі charter97.org, камісія Міністэрства абароны праводзіць расследаванне інцыдэнту. Аказалася, што ў частцы служыць маладафронтавец Міхаіл Мускі, яго і зрабілі крайнім.

«Нам вядома пра тое, што Міхаіла сёння раніцай вывезлі з часткі ў Лапічах у напрамку Менска. Дакладна невядома, забралі яго на гаўптвахту ці ж у іншае месца. Ён не прымаў прысягі і таму фактычна не можа адбываць пакаранне як вайсковец. З таго, што нам вядома ад людзей, якія былі ў частцы, што пасля пратэстнай галадоўкі салдатаў і траплення інфармацыі ў СМІ, у частку прыехала камісія з Міністэрства абароны. Некалькі дзён яна разбіралася, і па выніку, усе абвінавачванні ў тым, што галадоўка адбылася і інфармацыя патрапіла ў СМІ, ляглі на Міхаіла, і яго забралі. Мы разумеем, што распаўсюджванне інфармацыі не можа быць падставай крымінальнай справы, але ў нашай краіне ўсё магчыма, і таму абсалютна незразумела, з-за чаго, чаму і як усё адбываецца», распавёў charter97.org актывіст МФ Мікалай Дземідзенка.

Сёння ўвечары стала вядома, што Міхаіл Мускі знаходзіцца ў Менскім гарнізоне. Яму далі сем сутак гаўптвахты.

Між тым, інфармацыю пра галадоўку пацвярджаюць і самі вайскоўцы.

Пра гэта сайту charter97.org паведаміў на ўмовах ананімнасці адзін з салдатаў.

«Так, сапраўды ў вайсковай частцы 44540 была абвешчаная галадоўка ў знак пратэсту супраць дзеянняў кіраўніцтва», - распавёў ён.

Яшчэ адзін вайсковец, з якім нам удалося пагаварыць, паведаміў, што камандаванне забараніла даваць якія-небудзь каментары пра тое, што адбываецца ў падраздзяленні.

Мы звязаліся з кіраўніцтвам вайсковай часткі ў Лапічах. У дзяжурнай частцы сказалі, што не могуць каментаваць інфармацыю, адзначыўшы, што яе можна атрымаць толькі ў зампаліта Вячаслава Белякова альбо ў Бабруйскай міжгарнізоннай ваеннай пракуратуры. У пракуратуры спаслаліся на «адсутнасць начальства», а Вячаслаў Белякоў проста не стаў размаўляць з нашым карэспандэнтам, а пасля наогул адключыў тэлефон.

Напісаць каментар 118

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках