3 траўня 2024, Пятніца, 14:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Мельнікаў: Творца не павінен быць скотам

6
Андрэй Мельнікаў: Творца не павінен быць скотам

Вядомы беларускі бард распавёў, як аднойчы запрасіў Лукашэнку на фэст «Аршанская бітва».

Вядомы беларускі бард у эксклюзыўным інтэрвію для charter97.org распавёў таксама пра тое, як сядзеў у турме, і выказаў захапленьне творчасьцю Міхалка.

- Паміж вашым першым і апошнім альбомам – 25 год. Як самі адчуваеце, ці страціла актуальнасьць тое, пра што сьпявалі па першым часе?

- Тады я адкрыў для сябе Беларусь, новую і незнаёмую, беларускамоўную. Адкрыў праз вартых людзей. Першы, каму я паказаў свае песьні, быў Сяржук Сокалаў-Воюш, і ён іх сустрэў на ўра. Да гэтага былі вандроўкі з Канфедэрацыяй беларускіх суполак, Сяргеем Вітушкам, Алесяй Сёмухай, Яўгенам Вапам… Мяне зачаравалі новыя людзі і новыя ідэалы. Мяне сустрэлі вельмі прыхільна, у адрозьненьні ад расейскамоўных тусовак, дзе ўжо тады адчувалася канкурэнцыя і зайздрасьць. Я тады сьпеў «Як за пушчай, за лесам» і «Выйдзі, выйдзі, ясна пана». Гэта мае самыя папулярныя песьні.

- Шмат тых, хто быў побач з вамі ў той час, зьехалі. Асуджаеце іх?

- Частка людзей зьехалі прымусова, сур’ёзнае пагражала. Нехта можа і ня жыў бы, каб застаўся тут. Не асуджаю адназначна. Трапна на гэты конт сказаў Сяргей Вітушка: з кожным ад’язджаючым беларусам павялічваецца беларуская прысутнасьць у сьвеце.

- У самога такія думкі былі?

- Былі. Але ў першы ж выезд у Польшчу ў 1996 годзе адмовіўся ад іх. Палякі былі ў тых жа ўмовах, у якім мы знаходзімся. Адтуль нават больш у сьвет зьехала, чым беларусаў зь Беларусі. Але тыя, хто застаўся, перажылі галодныя часы, вайсковае становішча і змагаліся за сваю краіну. І мне стала сорамна, што я прыеду на тое, што яны зрабілі. Тады ў мяне зьявілася перакананьне, што мне трэба быць у Беларусі згодна з тым, чым я займаюся.

- Калі давялося разьвітацца з ілюзіямі адносна той Беларусі, пра якую марылася адраджэнцам?

- Насамрэч, разьвітаньне з ілюзіямі працягваецца. Пачалося ў сакавіку 1991-га на зьезьдзе БНФ, калі стала відавочна, што ў беларускі рух масава хлынулі пацукі з тонучага савецкага статку. Так падавалася тады, а цяпер скажу больш даросла - хлынулі рацыянальныя землякі. Наймацнейшыя ўдары па асабістых ілюзіях былі пасьля: у маі 1995, увосень 1997, у верасьні 2000, улетку 2001...

- А якія падзеі паўплывалі на вас асабіста?

- Згадваю 1997 год, калі мяне «заносіла канкрэтна» і я запісаў альбом з разбуральным лэйтматывам, пачаў граць з гуртом і меў сапраўднае адчуваньне шчасьця, даючы канцэрт у «Рыф-клюбе» на Нямізе. А тут раптоўная пасадка. Мяне затрымалі на літоўскім баку за незаконны пераход дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю. На той час шмат хто мяжу зь Літвой перасякаў нелегальна, пра што якраз распавялі па ОРТ Павал Шарамет з Дзьмітрыем Завадскім якраз незадоўга да маёй авантуры. І пачалася кампанія з элементамі паказухі і псыхозу па ўмацаваньні дзіравай мяжы...Я прасядзеў 153 дні за кратамі і меў час падумаць ды зразумець, што асабліва нікому на волі непатрэбны. Пераважная большасьць тых, хто апынаецца ўпершыню за кратамі, думаюць, што яны больш патрэбныя на волі, чым на самой справе. Аднак, для мяне той досьвед быў карысным. Пачаў уяўляць рэаліі, якіх да гэтага не адчуваў.

- На пачатку 2000-х вы амаль не пісалі. Чаму?

- Песьні пісаў, не выдаваў проста альбому. Я тады стаў вернікам. Калі прыйшоў да Бога, тады ўсё зьмянілася. Зьявілася сыстэма каардынат.

- Рэлігія ўратавала ад дэпрэсіі?

- Пашырыла далягляды, адназначна. Вялікіх дэпрэсіяў не памятаю за сабой. Сьвет надзвычай цікавы ў любым выпадку.

- Творца, па-вашаму, мусіць мець актыўную грамадзянскую пазыцыю?

- Некалькі гадоў таму пабачыў па тэлевізары, як наш гомельскі, а на той час ужо і маскоўскі Сярога Пархоменка дапякаў Міхалка наконт таго, што трэ быць патрыётам і мець грамадзянскую пазыцыю. Міхалок даводзіў у адказ, што ён касмапаліт і музыка павінна быць такой жа. Падазраю, што з той дыскусіі і пачаўся рух Міхалка ў бок патрыятызму і грамадзянскасьці. Канкрэтна для яго гэта аказаўся крок натуральны і чаканы. Музыкі ёсьць розныя і кожны вырашае сам. Прасьцей сказаць, кім не павінен зьяўляцца музыка - скотам.

- Вашаму аўтарству належыць адна са знакавых песень сярэдзіны 90-х «Гэта мы». Ці зьяўляюцца такія трапныя тэксты ў наш час?

- Справа ня ў тэксьце, а ў энэргетыцы. Зараз такія тэксты зьяўляюцца ў «Ляпісаў». Прычым адкрыў цікавую рэч нядаўна: у многіх іх творах ёсьць некалькі ўзроўняў. Тыя людзі, якія ствараюць папулярнасьць «Ляпісам», ня лезуць ніжэй за першы ўзровень, ім ня трэба гэта глыбіня, іх цікавіць пасыл, энэргетыка. Каб улезьці ў глыбіню, трэба мець да гэтага стымул, гэта ўжо разьвіцьцё духу. Магу правесьці паралель зь некаторымі сваімі песьнямі, бо гляджу на Міхалка, як на чалавека з свайго сэктара творцы. Разумею, што ён сьвядома пайшоў на папсовасьць, каб ахапіць паболей людзей. Я напэўна не настолькі люблю людзей, каб прагнуць працаваць на вялікі натоўп, каб доўга пераконваць тых, хто са мной не пагаджаецца.

- Няўжо ў вас не было прагі стаць вядомым шырокім масам?

- Была. Мне хацелася б так, каб мяне ведалі, але на вуліцах не пазнавалі. Каб я мог бачыць праўду. І я маю гэта.

- Можаце сказаць, што ў вас шмат адзінадумцаў?

- Аднадумцаў нямала. Але і нямнога. Суб’ектыўна - недастаткова, але хтосьці можа і пазайздросціць гэтай колькасьці. Адчуваю, што цікавасьць да нацыянальнай тэматыкі ў нашым грамадзтве ёсьць. Мая творчасьць падабаецца людзям, якіх ёсьць за што паважаць. І тыя, хто запрашае мяне з выступамі, натхняюць на далейшую творчасьць. Бачу ў сваіх слухачах лепшае за свае рысы, за свае ўчынкі. Мяне падтрымлівае тое, што іх мае песьні падтрымліваюць.

- Кожны год вы ладзіце фэст «Аршанская бітва». Ці стаў ён масавым?

- Дзякуючы гэтаму фэстывалю вялікая колькасьць людзей пазнаёмілася. Назіраў станоўчыя зьмены, калі людзі з «нулявога» беларускага ўзроўню рабіліся беларускімі нацыяналістамі падчас фэсту. У кагосьці дзеці нарадзіліся пасьля таго, як яны там пабывалі… «Аршанская бітва» - пасьпяховы вопыт. Праўда ён перайшоў у іншую фазу, калі ў 2007 там вырашыў адзначыць сваё 10-годзьдзе «Малады фронт». Тады ўпершыню ўлады перайшлі мяжу. Прыехаў віцебскі і менскі АМОН. І ўпершыню прымянілі масасы разгон. Саджалі на суткі ці на цягнікі, каб ехалі ў свае гарады. І потым гэта стала паўтарацца кожны год.

- Вам не хацелася, каб фэстываль мяшаўся з палітыкай?

- Тут два канцы. Я ўзрадаваны, што «Малады фронт» абраў месца Аршанскай бітвы для свайго юбілею. Трошкі шкадую, што вельмі мала хто прыязджае сюды пасьля.

- Калі б фэстываль раптам узяла пад апеку дзяржава – пагадзіліся б?

- Гэта нерэальна пакуль, бо Аршанская бітва вельмі чапляе Расею. А нашых яна проста напружвае, таму што яны вымушаны выконваць загад. А так – добра было б, я толькі за. У 1994 годе, калі прыйшоў чалавек да ўлады, які і зараз пры ёй, мы накіравалі яму тэлеграму, запрашалі на «Аршанскую бітву». Водгуку праўда не было. Першыя месяцы прэзыдэнтцва былі самым свабодным часам у Беларусі, а потым сытуацыя зьмянілася. І тэлеграмы мы ўжо не дасылалі.

- Толькі выйшаў ваш новы дыск «Зубы на далоні». Які сэнс вы ўкладалі ў гэту назву?

- Назваў так альбом пасьля выпадку, зьвязанага з Плошчай. Я там быў 19 сьнежня. Пасьля першага сутыкненьня АМОН адыйшоў назад і было адчуваньне, што больш сутычак ня будзе. І я пайшоў да знаёмай папіць гарбаты. Як селі, дык пачалася заваруха. Так выйшла, што я зваліў з Плошчы. Паралельна маёй разьвівалася іншая гісторыя – незнаёмага мне чалавека, які стаў перад амапаўцамі з іконай сьвятога Мікалая. Ікону патапталі, а яму выбілі сківіцу. Прайшло паўтары гады і менавіта на сьвятога Міколу ў мяне пасыпаліся зубы. Я ўспрыняў гэта, як нагадку і як знак. Трэба адказваць за тое, што зваліў. Таму і назваў так альбом і ўключыў у яго песьні, якія пасавалі да гэтай тэмы.

Размаўляў Сяргей Будкін, спэцыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках