4 траўня 2024, Субота, 1:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Гуркоў: Паважаю тых, хто захоўвае нашу мову і традыцыі

19
Віталь Гуркоў: Паважаю тых, хто захоўвае нашу мову і традыцыі

Дзесяціразовы чэмпіён свету па тайскім боксе распавёў пра сваю любоў да роднай мовы, Бруса Лі і Вiктара Цоя.

Ліпень для дасціпнага і таленавітага Віталя Гуркова выдаўся насычаным на падзеі. Найперш гэта тычыцца першынства Еўропы, дзе ён заваяваў "золата", у чарговы раз даказаў, што ў сваёй вагавой катэгорыі лепш за яго ў Старым Свеце нікога няма! Што казаць, цудоўная падстава для рознабаковай размовы з чалавекам, у якога сапраўды моцная грамадзянская пазіцыя, піша «Звязда».

— Сёлетняе першынство Еўропы атрымалася даволі скомканым, — узгадвае Віталь. — Усё выглядала неяк неарганізавана. Нам нават не хапала дактароў, і звычайны медагляд займаў даволі шмат часу. Перад сваім фінальным боем я не адчуваў ніякай ліхаманкі, настрой быў спакойны. Фінальны бой у маім выкананні з украінцам Алімам Набіевым атрымаўся без лішніх пытанняў.

***

— Дрэннае судзейства на гэтым чэмпіянаце для мяне сюрпрызам не стала. Проста гэтым разам нахабства арбітраў перайшло ўсе межы. Ёсць выключна палітычныя моманты, калі рэферы прасоўваюць байцоў з краіны, якая прымае міжнароднае спаборніцтва. І існуе зусім нязначны працэнт, што пры роўным баі са спартсменам-гаспадаром перамогу прысудзяць табе. Цікава, што падобнае адбываецца паўсюль, але толькі не ў Беларусі. Помню, як на чэмпіянаце Еўропы па боксе, які прымаў Мінск, суддзі проста не пускалі нашых баксёраў ў наступныя стадыі. Гэта была сапраўдная дзяльба медалёў. Мяркую, трэба мець у міжнародных федэрацыях уласных прадстаўнікоў, якія здолеюць не толькі дапамагаць сваім хлопцам, а зробяць так, каб нам не перашкаджалі нармальна спаборнічаць. Вы толькі ўявіце: на апошнім першынстве Еўропы па тайскім боксе агулам узялі 10 допінг-проб, з якіх 4 належалі беларусам. Гэта ўжо прадузятае стаўленне.

— Помніце, калі вас адкрыта засуджвалі?

— На леташнім чэмпіянаце свету ў Расіі. У фінале я сустракаўся менавіта з расіянінам. Калі толькі перабраўся цераз канаты, адразу заўважыў, што судзіць будзе рэферы, які ўжо раней не даваў мне нармальна працаваць на рынгу. Тады я паглядзеў на іншых суддзяў і сярод іх заўважыў венгра. Ну, венгр венграм. Да нацыянальнасці я не стаўлюся непрыязна. Аднак ён ужо не першы год жыве ў Маскве, працуе ў тамтэйшай федэрацыі, трэніруе і судзіць спаборніцтвы. Вось тады я і зразумеў, што шанцаў у мяне на поспех замала. Пры роўным баі перамогу аддалі майму саперніку.

— У партугальскім Лісабоне беларусы пайшлі на кардынальны крок — выйшлі на рынг усёй дэлегацыяй і адмаўляліся яго пакідаць, пакуль не будзе прыняты пратэст наконт дрэннага судзейства.

— Усё атрымалася спантанна. Наш Дзмітрый Варац чыста перамог свайго расійскага апанента. Суддзі вырашылі інакш і нарваліся на свіст трыбун. Нас падтрымалі прадстаўнікі іншых дэлегацый, і першымі на рынг выйшаў наш трэнерскі штаб, а пасля ўсе астатнія. Пратэст зацвердзілі, і пасля перагляду ўсе 5 арбітраў заслужана аддалі перамогу нашаму байцу.

***

— Я жыў разам з бацькамі ў Сцяпянцы, рабочым раёне, дзе вельмі шмат было цыганоў. Было так, што зачэпішся з адным, а потым абараняць яго пасля прыходзіць 10 чалавек — уся сям'я. Мой тата быў мантажнікам, маці працавала на трыкатажнай фабрыцы. У нас быў уласны дом, у якім я, праўда, шмат вольнага часу не праводзіў. Разам з іншымі хлопцамі гадаваўся на вуліцы, дзе ўсіх дзялілі на малых і старэйшых. Сваякі сяброў часам нават не хацелі адпускаць сваіх дзяцей гуляць разам са мной: лічылі, што я іх зводжу. Мы часта ганялі на палігон, будпляцоўкі, уцякалі ад сабак і вайскоўцаў, поўзалі у акопах, а таму звычайна вярталіся дадому зацемна, перапэцканыя ў мазуце і смале. Можна толькі адчуваць, якая была рэакцыя знерваваных бацькоў, калі ў кватэры з'яўлялася падобнае дзіця.

***

— У маім дзяцінстве было месца толькі для двух герояў — для Бруса Лі і Віктара Цоя. Брус Лі быў ідалам цэлага пакалення. Мой пакой быў завешаны плакатамі і фоткамі з яго выявай. Я нават запісаўся ў фотагурток, навучыўся рабіць фотакопіі постараў Бруса Лі. Акрамя таго, мяне вельмі натхняла, заварожвала музыка Віктара Цоя. Падабалася, як ён трымаецца на сцэне. Пэўны час у музыцы для мяне існаваў толькі гурт "Кіно". І толькі ўжо ў старэйшых класах я пачаў слухаць "больш цяжкі" рок.

***

— На першую трэніроўку я прыйшоў са старымі, завялікімі, пагрызенымі сабакам баксёрскімі пальчаткамі. Цікава, я ніколі не думаў, што стану прафесіянальным спартсменам і буду ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Калісьці мне падабалася маляваць, самастойна ляпіць цацкі з гліны і пластыліну. Звычайна атрымліваліся баксёры, паміж якімі я ладзіў сапраўдныя баі. Хто ведае, магчыма, калі б не пайшоў у спорт, стаў бы нядрэнным скульптарам ці мастаком.

***

— У 2004 годзе я ўпершыню на чэмпіянаце свету сустрэўся з тайскім баксёрам, прадстаўніком краіны, дзе зарадзіўся муай-тай. Седзячы ў агульнай раздзявальні, безумоўна, я вельмі хваляваўся, нават не ведаў, што з сабой рабіць. Тут да мяне падышоў Міхаіл Андрэевіч Панцюхоў, адзін з нашых трэнераў, і кажа: "Ну, дзе тут сядзіць твой таец?" Я і кажу, што насупраць. Ён прайшоўся каля майго саперніка некалькі разоў, кінуўшы на яго позірк, а пасля вярнуўся да мяне са словамі: "Ну, чаго палохаешся? У яго няма ніякай мускулатуры!". Я проста ледзь не ляснуўся са смеху, бо сам у той час быў нейкім здыхлікам, важыў крыху больш за 60 кілаграмаў. Але яго словы разрадзілі атмасферу, дапамаглі мне. Я выйшаў на рынг і даволі ўпэўнена перамог саперніка.

***

— Я пачаў размаўляць на мове гады тры таму. Пасля вельмі цяжкіх баёў я нечакана для многіх даў каментарый на нацыянальнай мове для тэлебачання. Нават не памятаю, як так адбылося. Проста стаяў перад камерамі і нечакана пачаў казаць на мове. Кажуць, што атрымалася даволі ўдала. Зразумела, многія здзівіліся, калі пачулі гэта па тэлевізары. Я вельмі паважаю тых, хто штодзённа гаворыць па-беларуску, захоўвае нашу мову і культурныя традыцыі. Прыемна, што мяне падтрымалі і мае сябры-спартсмены. Мы, між іншым, часам на трэніроўках робім паўзы і пераходзім цалкам на мову. Атрымліваецца нядрэнная практыка.

***

— Родную мову палюбіў яшчэ ў школе. І калі быў выбар, на якой мове пісаць дыктоўку, заўжды галасаваў за беларускую. А першай беларускамоўнай кнігай для мяне ў той час стаў зборнічак народных прымавак. Наша літаратура ў той час мне не вельмі падабалася, бо ў ёй было шмат дэпрэсіі. Людзі на балоце, у дрыгве, у нядолі — падобнае асацыявалася ў мяне з нечым негатыўным. Гэта ўжо пасля мае сябры параілі пачытаць мне кнігу "Лясныя дарогі: версэты" Алеся Разанава, творы Уладзіміра Арлова. Помнікі, якім пісьменнікам параіў бы ўсталяваць у Мінску? Мяркую, што Максіму Танку і Васілю Быкаву.

***

— Мне таксама ў спрэчках прыходзілася абараняць родную мову. Зазвычай гэта былі спрэчкі з маімі знаёмымі, якія заканчваліся тым, што кожны заставаўся пры сваіх меркаваннях. Але была адна вельмі крыўдная сітуацыя, калі мяне спынілі інспектары ДАІ. Я, зразумела, перасеў да іх у аўтамабіль, пачаў адказваць на пытанні. І тут мой суразмоўца прыадчыніў фортку, спытаў у калегі: "А что, он с тобой тоже разговаривает на белорусском?". Ён атрымаў станоўчы адказ, а пасля задаў мне цэлы шэраг пытанняў: "Зачем на этом мёртвом языке говоришь? Я таких, как ты, в 93-м на улице строил!". Ну, я і адказваю, што, па-першае, не такая гэта ўжо і мёртвая мова, калі я на ёй размаўляю, а па-другое, наў-

рад ці такіх, як я, вы дзесьці там выхоўвалі. І ў гэты момант я паказваю яму "корачку", дзе напісана "заслужаны майстар спорту". Размова адразу набыла крыху іншы характар. Ведаеце, мне было крыўдна ў той момант. Прадстаўнік закону павінен ведаць дзве дзяржаўныя мовы. А калі не можа размаўляць па-беларуску, дык павінен паважаць нашу мову.

***

— Віталь, апошнім часам спартсмены даволі негатыўна адгукаюцца на жаданні прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў праводзіць свае парады, маніфестацыі. Даволі рэзка наконт іх выказаўся расійскі баксёр Мікалай Валуеў, а Матэя Кежман, былы футбаліст барысаўскага БАТЭ, назваў гомасексуалізм хваробай.

— Я не лічу, што гэта хвароба, аднак мне не падабаецца прапаганда накшталт акцый, маршаў, парадаў. Навошта такім чынам прыцягваць да сябе ўвагу? Ці насамрэч ім так дрэнна жывецца? Як іх дыскрымінуюць? Ніяк! Жыві ўласным жыццём, будзь класным дызайнерам, будзь яшчэ кімсьці, акрамя таго, што ты гей і менавіта гэтым прыцягваеш да сябе ўвагу. І тое, што ў Еўропе нехта збіраецца геям дазволіць усынаўляць дзяцей, я таксама сустракаю адмоўна. Прыродай закладзена так, што ў дзіцяці павінны быць маці і бацька, а не два мужчыны замест іх. Уяўляю, як пяцігадовы хлопчык усведамляе, што яго даглядаюць два мужчыны. У мяне б падобнае выклікала пратэст, я не дазволіў бы сябе надалей выхоўваць падобным людзям.

***

— Пра што я мару? А мае мары ўжо скончыліся. Зараз я знаходжуся ў пошуку самога сябе. Калісьці нават марыў з'есці шакалад. Праўда, што гэта за мара?

— Можа, марылі ў дзяцінстве набыць сабе гітару?

— Адкажу словамі персанажа савецкай стужкі "Кур'ер". Адзін герой спытаў у свайго знаёмага "А якая ў цябе мара?", на што той адказвае: "Набыць паліто". Маўляў, хадзіць няма ў чым, халодна. Першы падумаў і вымавіў: "Трымай, насі на здароўе! Апранай і мар пра што-небудзь высокае". Дык вось, марыць сапраўды трэба пра высокае. А вы мне пра гітары кажаце. Дробязь.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках