Замежнікі змогуць атрымаць візу ў аэрапорце
11- 21.08.2013, 12:51
- 16,671
Пры ўмове, што яны не фігуруюць у «чорных спісах» беларускіх уладаў.
Замежнікі, якія прыбываюць у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт Менск, змогуць атрымаць беларускую візу на месцы.
Пра гэта паведамілі ў прэс-службе міністэрства замежных спраў Беларусі.
У прэс-службе звярнулі ўвагу на патрабаванне своечасовага прадстаўлення ва ўпраўленне па пытаннях ўезду замежнікаў галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Беларусі дакументаў візавай падтрымкі, неабходных для афармлення ўязных віз:
«У прыватнасці, для афармлення кароткатэрміновых уязных віз - не пазней чым за 3 працоўныя дні да меркаванай даты прыбыцця замежнага грамадзяніна, а для доўгатэрміновых - не пазней чым за 5 рабочых дзён да меркаванай даты яго прыбыцця».
Дакументы візавай падтрымкі могуць быць прадстаўленыя самастойна ва ўпраўленне па пытаннях ўезду замежнікаў галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў, якое знаходзіцца ў Нацыянальным аэрапорце Менск альбо па пошце з улікам тэрмінаў дастаўкі.
«Афармленне кароткатэрміновых уязных віз у мэтах вучобы ажыццяўляецца толькі пры наяўнасці ў Нацыянальным аэрапорце Менск прадстаўніка арганізацыі, якой у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Беларусі прадастаўленае права выдаваць запрашэнні на навучанне», - адзначылі ў прэс-службе.