30 красавiка 2024, aўторак, 8:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Антусевіч: Беларускія чыноўнікі самі ездзяць на шопінг у Вільню

19
Сяргей Антусевіч: Беларускія чыноўнікі самі ездзяць на шопінг у Вільню

Імпартазамяшчэнне па-беларуску з'яўляецца бессэнсоўнай тратай часу і грошай.

Так намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч пракаментаваў сайту charter97.org заяву Міхаіла Мясніковіча пра тое, што беларусы вывозяць шмат валюты ў Літву і Польшчу.

«На самой справе, калі на праблему звяртае ўвагу кіраўнік урада, то яна і сапраўды існуе. А ў Беларусі звычайна на такія праблемы звяртаюць увагу, калі яны маюць ужо пагрозлівы характар . Нават калі выезд за мяжу абмежавалі да аднаго разу на восем дзён, чэргі на межах у віленскім і польскім напрамку асабліва не зменшыліся. Людзі едуць на так званы шопінг аднаго дня і праводзяць на мяжы значна больш часу, чым у гандлёвых цэнтрах. Што людзей там прыцягвае - гэта пытанне не толькі для малога беларускага бізнесу, але і для буйных прадпрыемстваў, якія ў прынцыпе не могуць задаволіць попыт і якасць таго, што прапаноўваецца ў тых жа самых Вільні ці Беластоку», - упэўнены прафсаюзны лідар.

Ён дадаў, што вялікія гандлёвыя цэнтры з'явіліся ўжо і ў Менску, але ў Літве і Польшчы якасць тавараў лепш, а іх канцэнтрацыя там непараўнальна больш.

«Але самае галоўнае - гэта, вядома, кошты. У Еўропе існуе сістэма сезонных зніжак. Таму ўсё больш беларусаў едуць туды для таго, каб, па-першае, патраціць заробленыя грошы. А, па-другое, для часткі людзей важная змена абстаноўкі. У свабоднай краіне яны адчуваюць сябе інакш. Уладам наўрад ці ўдасца прымусіць беларусаў купляць айчынныя тавары. Гэтая праблема цягнецца яшчэ з савецкіх часоў, калі не было гандлёвых цэнтраў, але былі фарцоўшчыкі. Так ці інакш, ёсць сусветна вядомыя брэнды, у якія апранаюцца людзі. І не адзін беларускі прадпрымальнік не зможа перасягнуць кітайскіх і польскіх вытворцаў лёгкай прамысловасці», - лічыць намеснік старшыні БКДП.

Ён падкрэсліў, што такое імпартазамяшчэнне з'яўляецца бессэнсоўнай тратай грошай і часу.

«Проста трэба глядзець, якім чынам палякі змаглі падняць сваю лёгкую прамысловасць. Трэба пераймаць вопыт рэформаў, а не нейкімі дырэктыўнымі ўказаннямі казаць, што хтосьці камусьці вінны. Думаю, што Мясніковіч і іншыя беларускія чыноўнікі самі ездзяць на шопінг у тую ж Вільню. Я сам не хаваю таго, што езджу ў Беласток і купляю вопратку, каб не траціць час на пошук патрэбнай якасці і не шарахацца ад беларускіх коштаў. Бывае так, што яны не проста неадэкватныя, а дзікія», - сказаў на заканчэнне Сяргей Антусевіч.

Нагадаем, прэм'ер-міністр Беларусі Мясніковіч заклікаў абласныя, гарадскія, раённыя выканкамы больш актыўна працаваць з прыватным бізнесам, занятым у вытворчай сферы.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках