30 красавiка 2024, aўторак, 8:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапарламент разгледзіць даклад Палецкіса 11 верасня

4
Еўрапарламент разгледзіць даклад Палецкіса 11 верасня

Даклад аб Беларусі будзе разгледжаны на восеньскай сэсіі Еўрапарламэнта , якая пройдзе ў Страсбургу з 9 да 12 верасня.

Згодна з парадкам дня сэсіі, справаздачу, падрыхтаваную Юстасам Палецкісам, еўрадэпутаты заслухаюць і абмяркуюць 11 верасня, паведамляе БелаПАН.

У першым чытанні даклад аб Беларусі абмяркоўваўся камітэтам замежных спраў у канцы траўня. Дакумэнт атрымаў вялікі грамадскі розгалас праз тое , што ў ім гаварылася пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2012 годзе. Гэта выклікала абурэнне беларускай апазіцыі і праваабаронцаў. У адказ на абвінавачванні аўтар дакладу Юстас Палецкіс сцвярджаў : такую выснову ён зрабіў на падставе інфармацыі беларускіх праваабаронцаў.

Пасля таго як у дакумэнт было ўнесена блізу 300 паправак, даклад быў заслуханы камітэтам замежных спраў ЕП 9 ліпеня ў другім чытанні. У выніковым варыянце дакладу , апублікаваным на сайце Еўрапарламэнта, значыцца: «Нягледзячы на памяншэнне ў абсалютных лічбах палітычна матываваных арыштаў (паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», з 868 у 2011 годзе да 235 у 2012- м), захоўваецца атмасфэра рэпрэсій і запалохвання».

У дакумэнце таксама адзначаецца, што саміт Усходняга партнёрства, які мае адбыцца ў лістападзе гэтага года ў Вільні «можа стаць важнай магчымасцю для паляпшэння стасункаў паміж Беларуссю і ЕЗ пры ўмове, што беларускія ўлады вызваляць і рэабілітуюць усіх палітвязняў» , а ў палітычны дыялог паміж Менскам і Брусэлем, які магчымы пры выкананні вышэйпададзенай умовы, павінны быць уцягнутыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі Беларусі.

У сваю чаргу апазіцыі, як адзначаецца ў дакладзе, трэба працаваць над стварэннем агульнай стратэгіі і плана дзеянняў . Стварэнню такой стратэгіі спрыялі б канкрэтныя захады - такія , напрыклад, як агульны спіс кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах 2014 года, агульная палітычная праграма, вылучэнне адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.

Еўракамісіі, Вярхоўнаму прадстаўніку ЕЗ ў замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі, Радзе ЕЗ і дзяржавам - чальцам ЕЗ еўрапарламэнтары рэкамендуюць заклікаць беларускія ўлады паважаць правы чалавека і рухацца ў кірунку дэмакратычных рэформаў, каб спыніць самаізаляцыю краіны ад Еўропы.

ЕЗ таксама павінен яшчэ раз выяўна пазначыць: перадумовай для якога-небудзь прагрэсу, які мог бы прычыніцца да зняцця санкцый і разблакавання дзвюхстаронніх стасункаў, з'яўляецца безумоўнае і неадкладнае вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў , падкрэсліваецца ў дакладзе.

Еўрапарламэнт таксама мяркуе, што Расею і краіны Ўсходняга партнёрства варта пераканаць заклікаць Беларусь неадкладна вызваліць палітвязняў.

ЕЗ, значыцца ў дакладзе, павінен «з найбольшай карысцю выкарыстоўваць часовае прыпыненне візавых санкцый у дачыненні да міністра замежных спраў Беларусі як дыпламатычнага канала сувязі і ягоны магчымы ўдзел у саміце Ўсходняга партнёрства, перш за ўсё для таго, каб спрыяць развязанню пытання аб палітвязнях» .

Пры гэтым у дачыненні да іншых чыноўнікаў, «адказных за парушэнні дэмакратычных выбарчых стандартаў і правоў чалавека», санкцыі касавацца не павінны», мяркуюць у Еўрапарламэнце.

ЕЗ таксама павінен «заахвочваць дыялог з тымі чыноўнікамі, якія не былі пэрсанальна ўцягнутыя ў рэпрэсіі, для таго, каб спрыяць развіццю беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва, а таксама іх узаемадзеяння з беларускай грамадзянскай супольнасцю, каб у выніку палегчыць правядзенне рэформаў» .

У справаздачы гаворыцца і пра тое , што Беларусь павінна выканаць усе рэкамендацыі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ , зняць усякія абмежаванні на ажыццяўленне права на свабоду сходаў , выказванняў, мірных сходаў, слова для прадстаўнікоў апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і няўрадавых арганізацый, у тым ліку зліквідаваць усякія перашкоды для рэгістрацыі НДА.

Акрамя таго, адзначаецца ў дакладзе, у Беларусі трэба правесці рэформы, якія гарантуюць незалежнасць судовай сістэмы, не прыводзіць у выкананне вынесеныя ў 2013 годзе смяротныя прысуды і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

ЕЗ рэкамендавана ў аднабаковым парадку спрасціць парадак выдачы віз для беларусаў і знізіць іх кошт з 60 еўра да ўзроўню, прымальнага для беларускіх грамадзян, а таксама ў поўнай меры выкарыстаць магчымасці для выдачы бясплатных віз, якія дае Візавы кодэкс ЕЗ.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках