12 траўня 2024, Нядзеля, 13:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская рулетка

34
Беларуская рулетка

Стаўкі па рублёвых дэпазітах для насельніцтва дасягнулі ў банках 50% гадавых.

Пра павышэнне адсоткавых ставак па рублёвых дэпазітах насельніцтва ў канцы мінулага тыдня абвясцілі дзяржаўныя банкі, якія выступаюць найбуйнейшымі трымальнікамі сродкаў насельніцтва, піша БелаПАН.

Так, «Беларусбанк» прыняў рашэнне аб павышэнні 27 верасня адсоткавай стаўкі па ўкладу «Гарантаваны даход» з 40% да 45% гадавых. «Белаграпрамбанк» павысіў стаўку па дэпазітах насельніцтва з 43% да 45% гадавых (па ўкладу «Старт»).

У сваю чаргу, у рознічных банках стаўкі па рублёвых дэпазітах насельніцтва дасягнулі чарговага максімуму. Так, «Дэльта Банк» па ўкладу «Летні экспрэс» устанавіў адсоткавую стаўку на ўзроўні 50%. Мінімальная сума дэпазіту па дадзеным укладу складае 100 млн. рублёў.

«Ідэя Банк» для сваіх пастаянных кліентаў прапанаваў новы дэпазітны прадукт («Шчодры ўраджай 2»), адсоткавая стаўка па якім таксама складае 50% гадавых.

Па словах банкіраў, рост адсоткавых ставак па рублёвых дэпазітах абумоўлены дэфіцытам рублёвай ліквіднасці ў банкаўскай сістэме. Па дадзеных Нацбанка, стаўка па аднадзённых міжбанкаўскіх крэдытах у рублях перавышала ў канцы мінулага тыдня 57% гадавых.

Як паведамлялася раней, па дадзеных на 1 верасня тэрміновыя дэпазіты насельніцтва ў нацыянальнай валюце складалі 22 трлн. 657 млрд. рублёў і павялічыліся за жнівень на 1 трлн. 355,4 млрд. рублёў. Рост рублёвых укладаў адбыўся пасля ліпеньскага павышэння ставак па дэпазітах у нацыянальнай валюце.

Нагадаем, што пасля росту ў студзені-траўні рублёвых укладаў насельніцтва ў чэрвені гэты працэс спыніўся, а ў першую дэкаду ліпеня на фоне росту курсу даляра назіраўся адток сродкаў насельніцтва ў нацыянальнай валюце з банкаў.

Рэагуючы на гэта, камерцыйныя банкі ў другой дэкадзе ліпеня масава павысілі адсоткавыя стаўкі па ўкладах, пасля чаго ў трэцяй дэкадзе ліпеня рост рублёвых дэпазітаў аднавіўся.

На працягу жніўня камерцыйныя банкі захоўвалі максімальныя стаўкі па рублёвых укладах на ўзроўні 35% гадавых. Аднак у верасні на фоне дэфіцыту рублёвай ліквіднасці банкі зноў прынялі рашэнне аб павышэнні адсоткавых ставак.

На думку беларускіх эканамістаў, дэфіцыт рублёвай ліквіднасці ў банкаўскай сістэме абумоўлены жорсткай грашова-крэдытнай палітыкай, якую праводзіць Нацбанк.

«Высокія стаўкі на міжбанку - вынік дзеянняў Нацбанка, які, спрабуючы абараніць курс нацвалюты ад абясцэнення, абмяжоўвае ўзровень рублёвай ліквіднасці», - лічыць эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Зміцер Крук.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках