17 траўня 2024, Пятніца, 8:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўны архітэктар Менска: Пашырацца сталіцы няма куды

9
Галоўны архітэктар Менска: Пашырацца сталіцы няма куды

Менчукам прапаноўваюць больш актыўна перасяляцца ў гарады-спадарожнікі.

Са студзеня старшынёй камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама стаў Мікалай Уласюк. Ужо ў першыя працоўныя тыдні ён агучыў некаторыя прынцыпы далейшай горадабудаўнічай палітыкі: скарачэнне будаўніцтва жылля ў сталіцы і развіццё Менскай агламерацыі, куды ўвойдуць гарады-спадарожнікі, піша агенцтва «Менск-Навіны».

- Насельніцтва сталіцы набліжаецца да 2 мільёнаў чалавек, па шчыльнасці мы ўжо апярэджваем шматлікія буйныя еўрапейскія гарады. Развівацца ўшыркі сталіцы няма куды, паколькі вакол яе зямлі сельгаспрызначэння, якія нельга забудоўваць. Таму прапануецца больш актыўна асвойваць гарады-спадарожнікі. Але яны не павінны стаць проста новымі спальнымі раёнамі Менска, неабходна забяспечыць хаця б 30-40-адсоткавую занятасць насельніцтва ў гэтых жа гарадах (каб максімальна пазбегнуць маятнікавай міграцыі). Для гэтага трэба стварыць новыя працоўныя месцы, альбо вынас некаторых сталічных функцый (часткова адміністрацыйных, адукацыйных, вытворчых, турысцкіх і інш.) Таму да 2017 года прапануецца ў Менску будаваць 60 адсоткаў жылля ад гадавога плана, а ў спадарожніках - 40. А пасля 2017 года гэтая прапорцыя павінна быць адпаведна 50 да 50. Да гэтага часу неабходна будзе падвесці транспартную і інжынерную інфраструктуры. Важна паралельна весці і будаўніцтва жылля, і ствараць месцы прыкладання працы, і будаваць сацыяльныя аб'екты. Жыллё ў спадарожніках па якасці жыцця і асяроддзя не павінна саступаць сталічнаму, інакш туды проста ніхто не паедзе. Сёння важна вызначыць, якія населеныя пункты развіваць у першую чаргу.

- Як вы глядзіце на ўшчыльненне горада?

- Сёння ў Менску не дазваляецца рэалізацыя інвестыцыйных праектаў, калі няма дэталёвага плана на гэтую зону (ПДП). Цяпер прыкладна на палову тэрыторыі Менска распрацаваны ПДП. Гэтыя дакументы вызначаюць функцыянальнае прызначэнне і рэгламенты забудовы дадзенай частцы горада, аб'ёмы будаўніцтва , неабходную колькасць аб'ектаў сацкультбыту і іншае. На падставе дэталёвых планаў вылучаюцца пляцоўкі для размяшчэння жылых і грамадскіх будынкаў, распрацоўваюцца горадабудаўнічыя пашпарты, якія вызначаюць параметры інвестыцыйных аб'ектаў, РУП «Белдзіпразем» вырабляе падрыхтоўку зямельна-кадастравай дакументацыі для рэалізацыі ўчасткаў на аўкцыёнах. Проста так зямля пад будаўніцтва ўжо не вылучаецца. У гэтым годзе падрыхтуюць яшчэ 43 дэталёвых плана. Усё гэта накіравана на тое, каб не дапусціць будаўніцтва кропкавымі фрагментамі без увязкі інтарэсаў усяго раёна.

- Што чакае сядзібную забудову, якая займае досыць вялікія тэрыторыі пры нізкай шчыльнасці пражывання?

- Думаю, пры адсутнасці свабодных тэрыторый сядзібная забудова паступова будзе змяншацца. Гэта зойме нейкі перыяд, але ўжо цяпер відаць, што з'яўляюцца інвестары, згодныя на такія абцяжаранні як знос састарэлага прыватнага сектара. Але перад гэтым будзе разглядацца патэнцыял усіх тэрыторый, якія неэфектыўна выкарыстоўваюцца (прамзоны, пусткі, тэрыторыі ўздоўж транспартных магістраляў, МКАД, чыгуначных шляхоў).

Новы кіраўнік камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама таксама прапануе надаць статус ахоўных прыродных тэрыторый водна-зялёнаму дыяметру Менска, каб захаваць гэтую жамчужыну горада ад замахаў інвестараў. Выключыць у ландшафтна-рэкрэацыйных зонах будаўніцтва аб'ектаў, размяшчэнне якіх супярэчыць існуючай горадабудаўнічай дакументацыі. Развіваць пешаходныя сувязі ў гістарычным цэнтры горада, абмежаваць транзітны рух у зоне гістарычнага ядра. Павялічыць існуючыя нормы па разліку колькасці парковачных месцаў да ліку кватэр у жылых дамах і забяспечанасці машына-месцамі нежылых аб'ектаў. Больш эфектыўна выкарыстоўваць тэрыторыі прамысловых зон, землі ўздоўж транспартных магістраляў, чыгуначных шляхоў, а таксама тых, якія вызваліліся пасля кабліравання ЛЭП. Перайсці ад праектавання спальных раёнаў да шматфункцыянальных жылых кварталаў, у якіх будуць працоўныя месцы.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках