17 траўня 2024, Пятніца, 10:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці забітага ў Кіеве беларуса: Хай гэтым нелюдзям адплаціцца

18
Маці забітага ў Кіеве беларуса: Хай гэтым нелюдзям адплаціцца

Родныя і сябры забітага падчас сутыкненняў у Кіеве Міхаіла Жызнеўскага спрабуюць вырашыць праблему з дастаўкай яго цела на радзіму.

Як паведаміла БелаПАН маці загінулага Ніна Жызнеўская, якая жыве ў Гомелі, пра смерць Міхаіла родныя даведаліся са сродкаў масавай інфармацыі. "Мне ўнук паказаў у інтэрнэце фатаграфіі з Кіева і сказаў: глядзі, гэта ж наш Міша. Потым гэтую інфармацыю пацвердзілі ў кіеўскай міліцыі. Але там заявілі, што будуць праблемы з дастаўкай цела сына дадому, так як пры ім не было ніякіх дакументаў", - распавяла жанчына.

Па словах Ніны Жызнеўскай, яна звязалася з беларускім консулам у Кіеве, але той заявіў, што яшчэ нічога не вядома, паколькі цела афіцыйна не апазнана з-за адсутнасці дакументаў.

Маці загінулага таксама распавяла, што ў амбасадзе ёй прапанавалі прыехаць у Кіеў. У бліжэйшыя суткі, па словах Ніны Жызнеўскай, яны з мужам і 18-гадовым унукам плануюць выехаць у сталіцу Украіны для вырашэння ўсіх фармальнасцяў. "Мне абавязкова трэба пахаваць яго ў Гомелі, каб ён быў тут, побач, і каб потым мяне таксама пахавалі каля яго", - падкрэсліла жанчына.

Паводле яе слоў, "Міша быў вельмі добрым, гаспадарчым, захапляўся каратэ, рыцарскімі рэканструкцыямі, дапамагаў ва ўсім, любы чалавечы боль прапускаў праз сябе".

"У яго на гэтай глебе ўзніклі праблемы ў 2005 годзе. Кіраўнік рыцарскага клуба ўзяў у кагосьці грошы на выраб сярэднявечных даспехаў. Грошы ён не вярнуў і схаваўся ва Украіне, прыхапіўшы з сабой Мішу, як жывы шчыт. Міша ні ў чым не быў вінаваты, яму тады было 17 гадоў. Да 2012 года мы нічога не ведалі пра яго. У 2012 годзе мой унук знайшоў яго па інтэрнэце. Мы сустракаліся з ім у Кіеве ў 2012 годзе. Пра сваё жыццё ён мала што распавядаў, казаў, што хацеў дапамагчы ўкраінцам, але планаваў вярнуцца дадому і жыць тут. Абяцаў вярнуцца вясной 2014 года" , - распавяла Ніна Жызнеўская.

Яна таксама паведаміла, што з 2005 па 2012 гады спрабавала шукаць сына з дапамогай беларускай міліцыі, але там лічылі, што Міхаіл хаваецца ад службы ў войску. "Ён не хаваўся ад войска, ён быў праваслаўным хрысціянінам. Ён хацеў адслужыць у войску, а потым сысці ў Жыровіцкі манастыр", - сцвярджае жанчына.

У смерці сына Ніна Жызнеўская вінаваціць тых, "хто стаяў на даху і страляў у нявінных людзей". "Мішу куля трапіла прама ў грудзі - значыць, стралялі мэтанакіравана прама ў яго. Няхай гэтым нелюдзям адплаціцца", - сказала яна.

Па словах жанчыны, пытанні з труной і дастаўкай цела Міхаіла на радзіму родным дапамагаюць вырашыць кіеўскія сябры сына.

Сяброўка загінулага беларуса Аляксандра, якая займаецца рашэннем усіх фармальнасцяў, пацвердзіла, што Міхаіл быў знойдзены без дакументаў, але з пасведчаннем аб нараджэнні.

"Без бацькоў цела не аддадуць. Цяпер мы чакаем, пакуль яны прыедуць", - адзначыла яна.

Дзяўчына таксама паведаміла, што сябры плануюць арганізаваць паніхіду ў Кіеве. "Пакуль не магу сказаць, калі дакладна гэта будзе - як толькі нам аддадуць цела. Будзе таксама арганізаваны дзень памяці ў горадзе Белая Царква, дзе Міша жыў. Паставім партрэт, каб людзі і там змаглі прыйсці і развітацца", - распавяла Аляксандра.

Беларускі МЗС, між тым, па-ранейшаму не мае афіцыйнага пацверджання факту гібелі суайчынніка. "Наша амбасада накіравала адпаведную ноту ў МЗС Украіны. Чакаем адказу. Нашы консульскія супрацоўнікі знаходзяцца ў пастаянным кантакце са сваімі ўкраінскімі калегамі", - заявіла намеснік кіраўніка прэс-службы знешнепалітычнага ведамства Марыя Ваньшына, адзначыўшы, што афіцыйную працэдуру апазнання абцяжарвае адсутнасць дакументаў.

Пратэсты ва Украіне працягваюцца ўжо больш за два месяцы. 22 студзеня адбыліся найбольш сур'ёзныя сутыкненні паміж прыхільнікамі апазіцыі і сілавікамі. На вуліцы Грушэўскага ў Кіеве пачалася чарговая жорсткая зачыстка дэманстрантаў. Спецназ і ўнутраныя войскі атакавалі барыкады, збудаваныя прысутнымі. Наступ суправаджаўся стрэламі. Сілавікі выйшлі за лінію згарэлых два дні таму аўтобусаў. Людзі спрабуюць уцячы, аднак міліцыянты іх даганялі і збівалі.

У выніку сутыкненняў, як мінімум, трое чалавек забітыя, некалькі сотняў атрымалі раненні. Дваіх дэманстрантаў, сярод якіх - беларус Міхаіл Жызнеўскі, застрэлілі сілавікі. Адзін з пратэстоўцаў зваліўся з каланады і памёр у рэанімацыі.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках