3 траўня 2024, Пятніца, 1:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сумару надакучылі супермаркеты

42
Сумару надакучылі супермаркеты

Старшыня Берасцейскага аблвыканкама забараняе ўшчыльняць жыллё ў абласным цэнтры і будаваць новыя гандлёвыя цэнтры.

На нарадзе, прысвечанай пытанням развіцця вулічна-дарожнай сеткі Берасця, «губернатар» вобласці раскрытыкаваў дзеянні гарадскіх уладаў, якія пагаджаюцца на размяшчэнне буйных гандлёвых аб'ектаў. Як паведамляе карэспандэнт charter97.org, у прыватнасці Канстанцін Сумар застаўся незадаволены тым, што на ўездзе ў абласны цэнтр з боку вуліцы Маскоўскай з'явіўся яшчэ адзін супермаркет і гэта, са слоў старшыні аблвыканкама, выклікае незадаволенасць людзей. «Там пабудаваны прыгожыя дамы і напрошвалася яшчэ зона адпачынку з дзіцячымі пляцоўкамі, а вы ўзялі і размясцілі перад імі гандлёвыя кропкі, - заявіў Сумар. - Таму давайце дамовімся так: у Берасці забараняецца ўсялякае ўшчыльненне: лепш выдаткаваць лішні мільярд і будаваць на чыстых участках».

Больш за тое, кіраўнік абласной «вертыкалі» фактычна ўвёў забарону на будаўніцтва буйных гандлёвых цэнтраў наогул. «Хопіць, наеліся: трэба скончыць усе, што пачата і запланавана, і прывесці ў парадак, - аддаў распараджэнне Канстанцін Сумар. - Лепш гэтыя грошы аддамо пад паркоўкі, дзіцячыя пляцоўкі і зоны адпачынку. Гаворка не ідзе пра крамы крокавай даступнасці: у іх па-ранейшаму ёсць неабходнасць, і яны будуць будавацца для выгоды людзей».

Варта заўважыць, што гэта ўжо не першая спроба старшыні Берасцейскага аблвыканкама «аб'явіць вайну» супермаркетам, аднак усе яго папярэднія грозныя заявы не паўплывалі на сітуацыю. Што ж тычыцца ўшчыльнення жылля, то самі мясцовыя ўлады праяўляюць у гэтай справе падазроную ініцыятыву, што ўжо станавілася прычынай скандалаў, асабліва калі гаворка ішла пра тэрыторыі ў цэнтры горада.

На згаданай нарадзе Канстанцін Сумар таксама заявіў, што аб'ёмы лапікавага рамонту дарог і вуліц у Берасці трэба абмежаваць і займацца суцэльным асфальтаваннем. Пры гэтым у цяперашні час у абласным цэнтры ў дрэнным стане знаходзіцца амаль 70 кіламетраў дарог, а ў гэтым годзе плануецца заасфальтаваць толькі 15,6 кіламетраў, на што спатрэбіцца блізу 20 мільярдаў рублёў. У якасці дадатковай крыніцы фінансавання звышпланавых работ па рамонце дарог, берасцейскі чыноўнік вялікія надзеі ўскладае на новы збор з аўтаўладальнікаў. «Сродкі ад гэтага збору на парытэтнай аснове будуць размяркоўвацца на дарогі рэспубліканскія і мясцовыя, а гэтыя дадатковыя грошы дазволяць нам выканаць звышпланавыя працы ў дарожным будаўніцтве», - адзначыў «губернатар».

Прынамсі, гарадскія ўлады да гэтага часу не разлічыліся з падрадчыкам, што займаўся будаўніцтвам першай чаргі Заходняга аўтамабільнага колца вакол Берасця (сума запазычанасці складае амаль 33 мільярды рублёў), а таксама павінны вярнуць у рамках атрыманага крэдыту ад Банка развіцця яшчэ 40 мільярдаў рублёў.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках