27 красавiка 2024, Субота, 13:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Місія МАП у Беларусі: прэферэнцыі ці новыя санкцыі?

7
Місія МАП у Беларусі: прэферэнцыі ці новыя санкцыі?

У Менску пачала працу кантактная місія Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).

Ці адновіць яна правы працоўных беларусаў?

Прадстаўнікі МАП плануюць сустрэцца з кіраўніцтвам Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) і Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), а таксама наведаць шэраг прадпрыемстваў, піша «Завтра твоей страны».

Місія МАП прыбыла ў Менск па рашэнні жэнеўскай Канферэнцыі працы, на якой Беларусь у шосты раз была ўключана ў спецпараграф як краіна, дзе сістэматычна парушаюцца правы рабочых і прафсаюзаў.

У 2004 годзе беларускі ўрад атрымаў 12 рэкамендацый МАП. Улады павінны былі даць незалежным прафсаюзам магчымасць рэгістраваць пярвічныя арганізацыі; даць ім права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі; спыніць пераслед грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасці; забяспечыць усім прафсаюзным аб'яднанням права ўдзелу ў вырашэнні важных сацыяльных праблем краіны. Аднак афіцыйны Менск праігнараваў рэкамендацыі МАП. З-за гэтага ў 2007 годзе краіна была выключана з Генеральнай сістэмы гандлёвых прэферэнцый Еўразвяза.

Па словах старшыні БКДП Аляксандра Ярашука, асноўныя рэкамендацыі МАП беларускія ўлады да гэтага часу не выканалі: працягваецца ціск на рабочых, а часам здараюцца і звальненні за прыналежнасць да незалежных прафсаюзаў. Такія факты былі зафіксаваныя на Мазырскім НПЗ, РУВП «Граніт», ААТ «Полацк-Шкловалакно», Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў і іншых прадпрыемствах.

- Зараз прадстаўнікі місіі хочуць атрымаць інфармацыю з першых рук, і паўплываць на тое, каб урад нарэшце выканаў 12 рэкамендацый МАП па выкананні правоў рабочых і прафсаюзаў. Было б наіўна разлічваць на імгненны цуд. Наўрад ці цяперашняя ўлада ў бліжэйшы час верне беларусам самае галоўнае права - свабодна ствараць і выбіраць сабе прафсаюз. Сёння беларускія рабочыя ў цэлым шэрагу месцаў абавязаныя знаходзіцца ў праўладных прафсаюзах, - адзначае прафсаюзны лідар.

Тым не менш, Аляксандр Ярашук лічыць, што МАП можа стаць досыць эфектыўным інструментам уплыву на беларускія ўлады.

- Для вяртання гандлёвых прэферэнцый Еўразвяза ўрад Беларусі павінен выканаць 12 рэкамендацый МАП. Улічваючы той факт, што пазбаўленне гандлёвых прэферэнцый мае для эканомікі краіны негатыўныя наступствы, беларускім уладам усё ж прыйдзецца прыслухацца да меркавання Міжнароднай арганізацыі працы, - упэўнены Аляксандр Ярашук.

Старшыня незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч звяртае ўвагу, што Беларусь неаднаразова ўключалася ў спецыяльныя параграфы МАП за парушэнні правоў рабочых і прафсаюзаў, таму прапануе місіі ўводзіць канкрэтныя санкцыі.

- Фактаў дастаткова. Напрыклад, мы не можам зарэгістраваць першасную арганізацыю ў Бабруйску, хоць у нас там больш за 100 чалавек, таму што прадстаўнікі мясцовых уладаў і КДБ прыходзяць да людзей, якія далі гарантыйны ліст для рэгістрацыі, і вымушаюць іх нам адмаўляць. Калі гэта робіцца па ўказанні вышэйшага начальства, значыць, яно павінна адказваць. Гэтыя парушальнікі правоў рабочых упэўніліся, што могуць тварыць прававое бязмежжа беспакарана. Для іх неабходна ўводзіць візавыя санкцыі. Прычым, неадкладна, - прапаноўвае Генадзь Фядыніч.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках