2 траўня 2024, Чацвер, 9:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Бяссмертны: Беларусь накрые штормам вецер свабоды з Украіны

13
Раман Бяссмертны: Беларусь накрые штормам вецер свабоды з Украіны

Падзеі, якія адбываюцца ва Украіне не пройдуць бясследна для яе суседзяў.

Пра гэта заявіў Раман Бяссмертны - былы надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Украіны ў Беларусі (2010-2011), камендант Майдана падчас «аранжавай рэвалюцыі», віцэ-прэм'ер урада Юліі Цімашэнка - у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

- Спадар Раман, як вы ахарактарызуеце сітуацыю ў краіне на дадзены момант, на раніцу 30 студзеня?

- Нягледзячы на тое, што нібыта робяцца нейкія крокі і парламент прыняў нейкія рашэнні, у цэлым сітуацыя абвастраецца. І па той простай прычыне, што крокі, якія цяпер робяць парламент і ўрад, трэба было рабіць як мінімум два месяцы таму. Відавочна, што сёння людзі патрабуюць адстаўкі прэзідэнта і датэрміновых выбараў прэзідэнта і парламента. Учорашнія рашэнні, якія звязалі амністыю палітвязняў з вызваленнем памяшканняў органаў адміністрацыйнага кіравання і органаў дзяржаўнай улады, не дадуць разрадкі сітуацыі. Відавочна, што яна будзе напальвацца.

Напальваецца яна яшчэ і таму, што ўлада пачынае арганізоўваць такія ж «загоны» з «цітушак», якія пад лозунгам таго, што яны нібыта абараняюць ўладу, пачынаюць абарону дзяржаўных устаноў і іншае. Відавочна, што паўсталы народ успрымае гэта як спробу расправіцца з ім.

З'яўляюцца на вуліцах і на дарогах блок-пасты, вадамёты, БТРы. Замест таго, каб выводзіць войскі, уводзяць дадатковыя. Усё гэта не спрыяе выпраўленню сітуацыі. Замест таго, каб правесці амністыю, затрымліваюць іншых, так як учора людзей зноў затрымлівалі.

Відавочна, што сёння набірае абароты той складнік, які, па маім перакананні, можа вырашыць сітуацыю - гэта міжнароднае пасярэдніцтва. Прычым, гэта павінны быць Расея - Германія ці Расея - ЗША. А можа быць і тройка: Еўропа - Расея - ЗША. Без такога пасярэдніцтва сітуацыю наўрад ці ўдасца вырашыць мірным спосабам - нягледзячы на тыя крокі, якія робіць улада.

А яна ратуе, відавочна, сябе, бо гаворка сёння не ідзе пра тое, ці выстаіць украінская ўлада і ці выстаіць украінскі прэзідэнт. Гаворка ідзе толькі пра тое, як ім адступіць з найменшымі «ахвярамі» для сябе.

І ўсе гэтыя размовы, якія мы чуем з вуснаў украінскай улады, што Украіна не патрабуе сур'ёзнага міжнароднага пасярэдніцтва, гэтая бравада ўжо нікім тут не ўспрымаецца. Бо ўсе разумеюць выдатна, што ўчора ў Вярхоўнай Радзе, калі прэзідэнт прымусіў дэпутатаў Партыі рэгіёнаў прагаласаваць за закон аб амністыі, які звязвае амністыю з вызваленнем памяшканняў, - гэта быў апошні козыр прэзідэнта, які ён выцягнуў з рукава. Другога такога галасавання ўжо не будзе.

Украіна сёння ўжо патрабуе не толькі палітычнага пасярэдніцтва. Краіна дайшла да таго, што яна не проста ў стане дэфолту, яна - банкрут. Відавочна, што ўжо ў гэтыя месяцы дзяржава не зможа разлічыцца з грамадзянамі па сацыяльных плацяжах. Трэба каласальнае напружанне, каб гэта зрабіць. Гледзячы на такую сітуацыю, людзі адмаўляюцца плаціць падаткі.

Трэба разумець: сітуацыя дайшла да таго, што трэба ставіць грунтоўныя пытанні - такія, як дзяржаўны лад, знешнія і ўнутраныя абавязацельствы дзяржавы і гэтак далей. Гэта пытанні, якія не пад сілу сёння ні Віктару Януковічу, ні цяперашняй уладзе. Дзяржава - банкрут. Гаворка ідзе толькі пра час, калі гэтая ўлада сыдзе ў нябыт - на гэтым тыдні, праз два месяцы, праз паўтара года і гэтак далей. Хутчэй за ўсё, усё гэта скончыцца тым, што будзе створаны тэхнічны ўрад, які стабілізуе сітуацыю, пасля чаго будуць прызначаныя выбары, гэта значыць адбудзецца перазагрузка ўсёй гэтай сістэмы ўлады. Бо тое, што сёння зроблена, далёка не дастаткова для вырашэння сітуацыі.

- Ці верыце вы, што Януковіч можа самастойна і добраахвотна сысці ў адстаўку?

- Ён разумее, што гаворка ідзе пра яго палітычны, не фізічны лёс. Думаю, што апошняя кропля, якая прымусіць яго пайсці на гэта, - гэта фінансавая сітуацыя студзеня. На сёння бюджэт сабраў 15 адсоткаў ад запланаванага. Гэта - прысуд.

- Якая ва ўсім гэтым працэсе роля апазіцыі?

- Гэта справа самой апазіцыі. Відавочна, што на сённяшні дзень там нарадзіўся лідар, і яго падтрымка ўзрастае - гэта Віталь Клічко. Узрастае яго прэзідэнцкі рэйтынг. Трэба разумець, што ў гэтай тройцы - Клічко, Яцанюк, Цягнібок - з'явіўся яшчэ і паўнапраўны чацвёрты канкурэнт: Пётр Парашэнка. Як сітуацыя будзе развязана паміж імі - гэта пытанне іх ўнутраных дамоўленасцяў. Відавочна, што яны - гэта бліжэйшая палітычная будучыня Украіны.

Калі ўлада хоча на сённяшні дзень паскорыць вырашэнне сітуацыі, то ёй трэба купляць квіток, ехаць у Качанаўку да Юліі Цімашэнкі, прасіць яе, каб яна выйшла. Яе з'яўленне на Майдане вельмі хутка супакоіла б сітуацыю.

Але, як вы бачыце, тут праблема, і лідары апазіцыі ў апошні час не падымаюць гэтае пытанне, і ўлада нашмат больш баіцца зараз Цімашэнка, чым паўгода ці год таму.

- Як падзеі ва Украіне адаб'юцца на рэгіёне і ў Беларусі ў прыватнасці?

- Калі ў Лукашэнкі яшчэ хоць нешта засталося ў галаве, то ён пойдзе на лібералізацыю сітуацыі. Бо вецер свабоды, які дыхнуў адсюль, можа накрыць штормам Расею, а Беларусь тым больш. Гэта бясследна не праходзіць.

Я пагаджаюся з прэзідэнтам Міхаілам Саакашвілі, што гаворка ідзе не проста пра паўстанне ва Украіне. Гаворка ідзе пра глабальную рэвалюцыю.

Як і ў 1917 годзе Еўропа і свет зрабілі высновы з рэвалюцыі ў Расеі, так і цяпер суседнія краіны і ўвесь свет павінны зразумець, што трэба мяняць адносіны паміж дзяржавай і ўладай. Бо тое, што адбываецца сёння ў Кіеве, структурна і арганізацыйна цалкам адрозніваецца ад таго, што адбылося год таму ў азіяцкіх і афрыканскіх краінах. Па сутнасці, гэта новы адказ надыходзячым выклікам глабалізацыі.

Узровень самаарганізацыі ў гэтым працэсе перавысіў усе тэарэтычныя напрацоўкі, якія былі. Сітуацыю цяпер вядзе народ, а не лідары. Вось у чым яе асаблівасць.

І адказ трэба даваць народу, а не сядзець у кабінетах і пра нешта дамаўляцца. Кулуарных дамоўленасцяў народ сёння не ўспрымае. Патрэбная публічная дыскусія і публічная дамова з народам. І тады народ гэта ўспрыме.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках