7 траўня 2024, aўторак, 21:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Ярашук: Улады правакуюць уцёкі беларусаў з краіны

32
Аляксандр Ярашук: Улады правакуюць уцёкі беларусаў з краіны

Увядзенне новых працоўных абавязкаў для беларусаў замест паляпшэння іхняй якасці жыцця можа прычыніцца да адваротнага эфэкту.

Усё больш працаздольнага насельніцтва будзе шукаць лепшага жыцця за мяжой, піша eurobelarus.org.

У Беларусі наспела патрэба сістэмнай пенсійнай рэформы, а разам з ёй і змены сацыяльна-эканамічнай палітыкі ў цэлым. Развязаць існыя праблемы кропкавымі зменамі не выпадзе, мяркуе старшыня Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафзвязаў (БКДП) Аляксандр Ярашук.

«Відавочна, што адной з мэт узмацнення жорсткасці з 1 студзеня гэтага года ўмоў для патрымання права на пенсію з'яўляецца барацьба з працоўнай міграцыяй. Згодна з толькі афіцыйнай расейскай статыстыкай у Расеі працуе сёння звыш 400 тысяч беларусаў. І гэта выклікае вялікую ўстурбаванасць у беларускіх улад. Яны шукаюць спосабы барацьбы з адтокам працаздольнага насельніцтва. Аднымі з такіх захадаў стаў валюнтарысцкі рост у 2012 годзе заробкаў, які прычыніўся ў выніку да рызыкі новай дэвальвацыі. У гэтым жа шэрагу, на мой погляд, і павышэнне мінімальнага стажу для атрымання працоўнай пенсіі з 5 да 10 гадоў», - распавёў Аляксандр Ярашук.

Такая неадназначная пастанова, на ягоную думку, можа выклікаць адваротны эфэкт. Ён мяркуе, што спробы прывязаць беларусаў да працоўных месцаў і адначасова развязаць пры гэтым праблему ўтрыманства праз павелічэнне мінімальнага працоўнага стажу, патрэбнага для налічэння працоўнай пенсіі, здольныя прычыніцца ў адрыве ад іншых захадаў да проста супрацьлеглых вынікаў. Калі разам з гэтым у краіне не будзе расці заробак і ўзровень жыцця, а, такім чынам, і сума пенсій, то ў выніку гэтыя пастановы могуць справакаваць павелічэнне колькасці ахвочых выехаць на працу ў іншыя краіны, перш за ўсё - у Расею.

І што не менш важна, гэтыя пастановы могуць прычыніцца да росту ліку тых, хто не захоча з працоўнай міграцыі вяртацца зусім. Таму што прыязджаць у Беларусь пасля працяглай працы за мяжой будзе бессэнсоўна, пенсія гэтым людзям на радзіме не прадбачыцца. Лідэр БКДП упэўнены, што для таго, каб пастановы ўлад у сфэры пенсійнага забеспячэння прычыніліся да чаканага выніку, яны павінны стаць часткай сістэмных пераўтварэнняў у сацыяльна-эканамічнай палітыцы краіны, выпрацоўцы прынцыпова іншага эканамічнага курсу.

Дзяржава вымушаная зацягнуць пас, але рабіць гэта трэба пісьменна

«Краіна ўступіла ў вельмі няпросты перыяд, які характарызуецца нарастаннем праблем у сацыяльна-эканамічнай сфэры, - тлумачыць Аляксандр Ярашук. - Складаная эканамічная сітуацыя не дазваляе дзяржаве гарантаваць сацыяльныя выплаты, якія яна абяцала грамадзянам. Усе заявы, якія былі зробленыя апошнім часам - у тым ліку актыўны пошук дармаедаў і новыя падаткаабкладанні - былі звязаныя з тым, што дзяржаве стаў надмерны той цяжар, які яна ў свой час на сябе прыняла. Гэта вядзе да патрэбы скарачэння сацыяльных ільгот і выплат».

Згодна з заявамі прадстаўнікоў Мінпрацы, дзяржава не мерыцца абмяжоўвацца двухразовым, з 5 да 10 гадоў, павелічэннем мінімальнага стажу для налічэння пенсій. Яго памер плануюць прывязаць да сярэдняга перыяду атрымання пенсій з прычыны ўзросту ў краіне. Для мужчын ён складае сёння 14,4, для жанчын - 29,4 года. Пры гэтым урадавыя чыноўнікі спасылаюцца на досвед развітых еўрапейскіх дзяржаў.

«У еўрапейскіх краінах мінімальны працоўны стаж можа вылічацца 15-ю, 20-ю і больш гадамі. Але спасылацца на іх беларускім уладам некарэктна, бо што ў нас розныя эканамічныя мадэлі і пенсійныя сістэмы», - упэўнены прафзвязавы лідэр.

Узровень беларускіх пенсій не можа параўнацца з еўрапейскімі. У заходніх краінах, апроч абавязковай салідарнай часткі, гарантаванай дзяржавай, у фармаванні пенсійнага фонду бяруць удзел самі работнікі і працадаўцы, адлічваючы ўвесь перыяд знаходжання чалавека на працы пэўны адсотак у гэты фонд.

«На прыкладзе Еўропы мы бачым, што такая сістэма паказала сваю дзейснасць. На Захадзе найбольш забяспечаная, я б сказаў, шчаслівая, частка грамадства, - гэта пенсіянеры. Яны могуць дазволіць сабе жыць у сваё задавальненне, падарожнічаць па свеце, па некалькі разоў у годзе адпачываць у розных краінах, пра што беларускія пенсіянеры не могуць нават марыць», - адзначае Аляксандр Ярашук.

Змены ў пенсійнай сістэме наспелі даўно

Аляксандр Ярашук падкрэслівае, што палітыка папулізму, упадабаны занятак беларускіх улад, сябе вычарпала цалкам. Сіберная рэчаіснасць дыктуе іншыя развязкі, якія закранаюць інтарэсы грамадзян. Яны наспелі найперш праз эканамічныя праблемы, але таксама і таму, што ў Беларусі стала пагаршаецца дэмаграфічная сітуацыя. Калі ў 90-м годзе на аднаго пенсіянера прыпадала 2,17 работніка, то ўжо ў 2009 годзе - 1,77. Сітуацыя ўскладняецца з кожным годам.

«Праблема гэтая, аднак, відавочная была гадоў 15 таму, і развязваць яе трэба было на часе, - мяркуе лідэр БКДП. - У канцы 90-х Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапаноўвала кіраўніцтву дзяржавы правесці пенсійную рэформу, у тым ліку паэтапна павялічыць пенсійны ўзрост. Тады гэтыя крокі маглі быць ажыццёўлены менш балюча». Ён упэўнены, што калі б рэформа была праведзена на часе, зусім іншая сітуацыя была б у сфэры пенсійнага забеспячэння Беларусі сёння.

Развязваць праблему сацыяльна-эканамічнага курсу можна толькі комплексна

«У няпростай сацыяльна-эканамічнай і дэмаграфічнай сітуацыі сапраўды наспела патрэба прыняцця непапулярных захадаў з боку дзяржавы, - уважае лідэр БКДП. - Але яны павінны быць пададзеныя ў выглядзе мэтавай праграмы пенсійнай рэформы, а не якіх-небудзь эклектычных яе фрагмэнтаў накшталт павышэння мінімальнага стажу для налічэння пенсій, якія выбіраюцца адвольна, сур'ёзна не абгрунтоўваюцца і выяўляюць у выніку інтарэсы дзяржавы, а толькі потым бяруць у разлік інтарэсы простага чалавека».

У такой сітуацыі нельга казаць пра тое, што прыманыя пастановы здольныя прынцыпова змяніць сітуацыю для працоўных грамадзян. Больш за тое, сапраўдная пенсійная рэформа ў краіне немагчымая без прынцыповай змены сацыяльна-эканамічнай палітыкі ў цэлым. Аляксандр Ярашук упэўнены, што тая палітыка, якая праводзіцца цяпер, з яе камандна-адміністрацыйнай сістэмай кіравання, не здольная забяспечыць эфэктыўнасць эканомікі, і цягне за сабой, у канчатковым выніку, татальную яе неканкурэнтаздольнасць.

У існых варунках, на ягоную думку, складана весці размову аб годных заробках і годным узроўні пенсійнага забеспячэння ў краіне. Сёння трэба прымаць прынцыповыя пастановы аб эканамічнай лібералізацыі, даўно наспелым пераходзе да пабудовы цывілізаваных рынкавых дачыненняў. Толькі развязаўшы гэтыя задачы, можна забяспечыць дзейснасць вытворчасці і канкурэнтаздольнасць эканомікі. А простым іх наступствам, мяркуе Аляксандр Ярашук, стане рост заробкаў, забеспячэнне грамадзян краіны годнымі пенсіямі.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках