27 красавiка 2024, Субота, 18:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Правал ГРУ ў Варшаве

5
Правал ГРУ ў Варшаве

Аперацыя выкрыцця расейскіх шпіёнаў у Польшчы доўжылася тры гады.

У выніку затрыманыя два чалавекі - вайсковец і цывільны чалавек - у падазрэнні ў шпіянажы. Неафіцыйна паведамляецца, што яны шпіёнілі на карысць Расеі.

Адзін з затрыманых - падпалкоўнік польскага войска, супрацоўнік Міністэрства абароны, які меў доступ не толькі да тайнай інфармацыі свайго войска, але таксама і NATO, хоць і не да зусім сакрэтных звестак. Падпалкоўнік сустракаўся з супрацоўнікамі ГРУ, якія працуюць у расейскім пасольстве ў Варшаве пад дыпламатычным прыкрыццём, і атрымліваў ад іх грошы, паведамляе «Радыё Свабода».

Іншы - малады юрыст з падвойным грамадзянствам - расейскім і польскім, з рускай сям'і, якая ўжо многія гады жыве ў Польшчы. Юрыст цікавіўся пытаннямі, звязанымі з энэргетыкай, а пастанова аб затрыманні была прынятая, калі высветлілася, што ён мае намер паступіць на службу ў адно з міністэрстваў, якое займаецца эканомікай.

Пра гэта неафіцыйна паведамляюць польскім СМІ супрацоўнікі польскіх спецслужбаў.

«Нашы крыніцы кажуць, што падазраваных у шпіянажы ўсталяваць было досыць проста , - піша газета Rzeczpospolita. - За афіцэрамі ГРУ, якія працуюць у Польшчы, была ўсталяваная сочка, і адпаведныя службы правяралі таксама тых, хто падтрымлівае з імі пастаянныя кантакты. Аперацыя доўжылася блізу года . За гэтым пойдуць і іншыя дзеянні, у тым ліку і высылка з Польшчы расейскіх дыпламатаў, якіх польскія службы ўважаюць за афіцэраў ГРУ(...) Але і гэта не ўсё. Паводле нашых звестак, цягам бліжэйшых тыдняў польскія спецслужбы будуць старацца пазбавіць права на пастаяннае месца жыхарства і выслаць з краіны некалькіх расейцаў, якія жывуць у Польшчы. Іх падазраюць у супрацоўніцтве з выведкай сваёй краіны. Гаворка ідзе, сярод іншага, аб адным з расейскіх журналістаў».

У сваю чаргу ў рэдакцыйным артыкуле Rzeczpospolita яе аўтар Барташ Вэнглярчык піша, што шпіёнскі скандал стане першым сур'ёзным выпрабаваннем для новага ўрада Польшчы на чале з Эвай Копач, паколькі ў гэтай сітуацыі варта чакаць рэзкіх крокаў у адказ з боку Расеі.

«У і без таго напружанай сітуацыі ў стасунках паміж Еўропай і Расеяй Масква будзе вымушана адказаць вельмі рэзка. Гэтага будзе патрабаваць нацкаваная антыеўрапейскай і праімперскай прапагандай расейская грамадскасць. Уладзімір Пуцін будзе вымушаны моцна ўдарыць кулаком па стале, бо гэтага патрабуе яго імідж, створаны паслухмянымі СМІ . І так з Расеі вышлюць польскіх дыпламатаў - можа, частку, а можа, большасць з іх. Польскім фірмам ў Расеі будзе яшчэ цяжэй, кантактаў з Польшчай будзе яшчэ менш, а антыпольская прапаганда ў Расеі дасягне новых вяршыняў. Я не ведаю, ці патрэбны новаму ўраду такі крызіс. Спадзяюся, што ўрад пастаянна інфармавалі пра следства і што гэтая палітычная граната ўзарвалася з дазволу палітыкаў, якія стаяць над спецслужбамі. Зразумела, аднак, што для Эвы Копач і новага міністра замежных спраў Гжэгаж Схэтына гэта будзе першая важная праверка здольнасцяў тушэння міжнародных пажараў».

Старшыня парламенцкай камісіі справаў спецслужбаў Артур Дэмбскі заявіў у студыі тэлеканала TVN, што з часу пачатку ўкраінскага Майдана актыўнасць расейскіх службаў у Польшчы значна ўзрасла.

«Мы знаходзімся ў сферы велізарнай зацікаўленасці расейскіх спецслужбаў. Паводле розных ацэнак, з моманту пачатку ўкраінскага канфлікту актыўнасць расейцаў на нашай тэрыторыі павялічылася ў пяць разоў. Цяпер нават у жаночай сумачцы можна прывезці дрон і пры ягонай дапамозе сфатаграфаваць любы аб'ект, і з гэтым вельмі цяжка змагацца. Іншая справа - асабістыя крыніцы. Я ўпэўнены, што затрыманне адбылося ў самы ўдалы момант. Мяркую, што нашы службы дастаткова адказныя і прафесійныя для таго, каб не проста перапыніць аперацыю, але затрымаць тады, калі гэта трэба было зрабіць», - сказаў ён.

Дэпутат Дэмбскі такім чынам адказвае таксама на абвінавачванні некаторых экспертаў у тым, што затрыманне шпіёнаў з'яўляецца паказчыкам бяссілля спецслужбаў, якія звычайна павінны зрабіць усё магчымае, каб зрабіць з шпіёнаў падвойных агентаў.

Кансерватыўная Gazeta Polska Codziennie піша пра тое, што звычайна падобнага роду аперацыі займаюць у спецслужбаў значна больш часу. Газета піша, што апошнія затрыманні - гэта не што іншае, як спроба прыкрыць публікацыі гэтага ж выдання пра тое, што фірма ганаровага консула Расеі ў Польшчы займалася інфармаваннем многіх важных урадавых структур, у тым ліку і Міністэрства абароны.

Gazeta Wyborcza у сваю чаргу прысвяціла шпіёнскаму скандалу нечакана мала ўвагі.

«Пастанова аб затрыманні была прынятая, калі высветлілася, што існуе магчымасць страты кантролю над падазраваным у шпіянажы. Два месяцы таму службы перадалі справу ў пракуратуру, дзе была прынятая пастанова аб пачатку следства. Нашы крыніцы сцвярджаюць, што магчымыя чарговыя затрыманні», - піша выданне.

Gazeta Wyborcza нагадвае, што самым гучным шпіёнскім скандалам ў незалежнай Польшчы было затрыманне ў 1993 годзе маёра Марка Зеліньскага, які супрацоўнічаў з выведкай СССР, а затым Расеі цягам 12 гадоў, за што быў асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі.

Пасля 2000 году яшчэ чацвёра былых афіцэраў Вайсковай інфармацыйнай службай Польшчы былі асуджаныя за шпіянаж на карысць Расеі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках