3 траўня 2024, Пятніца, 17:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сын дырэктара санаторыя «Беларусь» у Сочы: доваднай базы супраць бацькі няма

8
Сын дырэктара санаторыя «Беларусь» у Сочы: доваднай базы супраць бацькі няма

Былых кіраўнікоў санаторыя «Беларусь» прызналі вінаватымі ў крадзяжы 2 мільёнаў даляраў, але канфіскавалі ў іх усяго $5000.

У судзе Цэнтральнага раёна Менска завяршыўся судовы працэс над былым дырэктарам санаторыя «Беларусь», грамадзянінам Расеі Георгіем Саракашышам, ягоным намеснікам, грамадзянінам Беларусі Аляксандрам Кізімам і кіраўніком сочынскай будаўнічай кампаніі, расейцам Андрэем Меранковым.

Усіх трох прызналі вінаватымі ў крадзяжы з дапамогай злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры. Па суду, асуджаныя скралі ў кіраўніцтва спраў Лукашэнкі больш за 2 мільёны даляраў, паведамляе «Радыё Свабода».

Георгій Саракашыш асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Аляксандр Кізім і Андрэй Меранкоў атрымалі па 9 гадоў пазбаўлення волі. У іх канфіскавалі знойдзеныя падчас ператрусаў грошы - сумы ў кожнага ад 1,2 да 2,8 тысячы даляраў, але куды дзеліся больш за 2 мільёны даляраў, следства не паведаміла. Не прагучала звестак з гэтай нагоды і ў судзе, успамінае журналістка інтэрнэт-выдання «Штодзённік» Анастасія Гурына, якая прысутнічала на абвяшчэнні прысуду ў гэтай справе.

«З нагоды канфіскацыі маёмасці нічога не было ў прысудзе. Абвясцілі аб канфіскацыі грашовых сродкаў, якія знайшлі падчас ператрусаў, ды яшчэ суд наважыў канфіскаваць мабільныя тэлефоны і ноўтбукі асуджаных. Аб маёмасці - нічога не было».

Пасля суда адвакат Георгія Саракашыша заявіла, што будзе абскарджваць прысуд, але іншыя каментары даваць адмовілася.

Сын асуджанага Канстанцін Саракашыш пацвердзіў, што ягоны бацька па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым і збіраецца абскардзіць прысуд: «Так, будзем абскарджваць. А як не абскарджваць, калі далі 6 гадоў, а доваднай базы няма? Разумею так, што калі пракурор просіць 6 гадоў, а адвакат цалкам даказвае невінаватасць падсуднага, то суд павінен неяк мяняць сваё меркаванне, павінен гэта разглядаць. Але тут далі якраз столькі, колькі прасіў пракурор. Пры тым, што сапраўднай доваднай базы няма».

Справа былых кіраўнікоў санаторыя «Беларусь» пачалося ў канцы 2012 года са скандалу. Беларускі КДБ арыштаваў Георгія Саракашыша і ягонага намесніка Аляксандра Кізіма, калі тыя прыехалі ў Менск з Сочы з асаблівага выкліку кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. Пазней стала вядома, што разам з імі арыштаваны і Андрэй Меранкоў, кіраўнік сочынскай будаўнічай фірмы, якая асвойвала грошы, выдзеленыя на будаўніцтва комплексу адпачынку ў раёне Чырвонай Паляны. З тых часоў да суда арыштаваных кіраўнікоў трымалі ў «амерыканцы». Яшчэ ўлетку 2013 сваякі Георгія Саракашыша скардзіліся, што з ім няма сувязі, і казалі, што ён не прызнае сябе вінаватым.

Назіральнікі адзначаюць, што беларускія ўлады зрабілі максімум, каб паменшыць рэзананс ад справы расейскіх грамадзян Георгія Саракашыша і Андрэя Меранкова. Не было афіцыйных звестак аб заканчэнні расследавання іх справы і перадачы яе ў суд, працэс над імі праходзіў у «рэжыме цішыні».

Журналістка Анастасія Гурына трапіла толькі на прысуд і згадвае, што яе з'яўленню ў судзе вельмі здзівіліся: «Знешне ўсё было вельмі звычайна. Як мне падалося, судовая сакратарка была вельмі здзіўленая, што прыйшла журналістка. Яны не чакалі, што будзе нейкі інтарэс».

Страты, якія, па суду, нанеслі Кіраўніцтву справамі Лукашэнкі былыя кіраўнікі санаторыя «Беларусь» - другія што да памераў у гісторыі гэтай установы. Большую шкоду нанесла толькі былая кіраўніца Упраўлення справамі Лукашэнкі Галіна Жураўкова, якую ў 2004 годзе асудзілі на 4 гады за крадзеж 2,2 млн даляраў таксама праз злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Ні дня за кратамі Жураўкова не правяла, бо дыктатар яе памілаваў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках