1 траўня 2024, Серада, 20:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іміграваць у Літву беларусам стане складаней

9
Іміграваць у Літву беларусам стане складаней

З 1 лістапада ўвойдуць у дзеянне папраўкі да закона Літоўскай Рэспублікі «Аб прававым становішчы замежных асобаў».

Адна з мэтаў паправак - імкненне ўрада абмежаваць адкрыццё фіктыўных фірмаў, якія выкарыстоўваюцца замежнікамі для атрымання дазволу на часовае пражыванне ў Літве, піша «Наша Нiва».

Дагэтуль схема бізнэс-іміграцыі ў Літву выглядала проста. Самым распаўсюджаным спосабам было адкрыццё закрытага акцыянернага таварыства (UAB). Сціплы мінімальны статутны капітал - блізу 3000 еўра, магчымасць вываду статутных сродкаў, вялікая колькасць адвакацкіх кантор, якія прапаноўвалі паслугі ў рэгістрацыі фірмаў-пустышак, - усё гэта зрабіла Літву перавалачнай базай для жадаючых перабрацца ў ЕЗ.

Як правіла, нашы суайчыннікі куплялі гатовы UAB, дзе станавіліся дырэктарамі, і прызначалі сабе заробак - мінімум 230 еўра ў месяц, - з якога адлічвалі ў казну падаткі.

Літоўскі бок закрываў вочы на падобныя схемы даволі доўга - падатковыя паступленні лішнімі не бываюць. Аднак летам 2014 урад нарэшце звярнуў увагу, што замежныя «бізнэсоўцы» ў большай частцы не інвестуюць у эканоміку краіны, а гоняцца за палепшаным варыянтам Шэнгенскай візы.

У выніку, з 1 лістапада ўладальнік ААТ з мінімальным капіталам (10.000 літаў) ужо не зможа атрымаць дазвол на часовае пражыванне ў краіне. Для атрымання такога дазволу сума ўласнага капіталу фірмы цяпер будзе складаць не менш за 100 тысяч літаў, з якіх палова - гэта інвестыцыі або іншая маёмасць замежніка. Новаспечанаму бізнэсоўцу трэба будзе ўладкаваць на поўную стаўку як мінімум трох грамадзян Літвы. Да таго ж, беларус павінен будзе працаваць у фірме, якая функцыянуе не менш за паўгода.

І самае важнае: пастанова аб выдачы дазволу на часовае пражыванне будзе прымацца пасля праверкі прадпрыемства.

Упадабаны спосаб іміграцыі ў суседнюю дзяржаву не губляе актуальнасці, але ўсё большую папулярнасць будзе набываць польскі накірунак.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках