4 траўня 2024, Субота, 16:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасол ФРГ: Палітыка санкцый не можа разглядацца як адразанне кавалачкаў ад салямі

2
Пасол ФРГ: Палітыка санкцый не можа разглядацца як адразанне кавалачкаў ад салямі

Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі ацаніў стан беларуска-нямецкіх стасункаў.

Маюцца магчымасці для паляпшэння стасункаў паміж Беларуссю і Нямеччынай, заявіў пасол ФРГ у Менску Вальфрам Маас 9 лістапада, размаўляючы з журналістамі на мерапрыемстве ў гонар 25-годдзя падзення Берлінскага мура.

Дыпламат падкрэсліў, што перашкоды, якія замінаюць паляпшэнню стасункаў, вядомыя, паведамляе БелаПАН.

«Але тыя два гады, што я тут працую, дазваляюць мне зрабіць выснову пра тое, што мы рухаемся наперад у нашых стасунках. Па-першае, думаю, па праву можна сказаць што палепшылася атмасфера кантактаў. Па-другое, узровень кантактаў паэтапна павышаўся, і ўзмацнялася іх частата», - сказаў пасол. Пры гэтым самым важным ён назваў тое, што «параметры і глыбіня тэм, што абмяркоўваюцца, значна ўзмацніліся».

«Вядома, мы яшчэ не дайшлі да таго пункту, дзе нам хацелася б знаходзіцца. Але мы на правільным шляху і, спадзяюся, што хуткасць гэтага руху будзе павялічвацца», - сказаў пасол.

Маас не змог адказаць на пытанне, ці можна цяперашні перыяд у стасунках Беларусі і Захаду назваць адлігай.

«Некаторыя праблемы па-ранейшаму захоўваюцца, існуюць і змяненняў у гэтым сэнсе не адбылося, - канстатаваў дыпламат. - Але ў станоўчым плане хацелася б адзначыць, што паралельна існуюць сферы, дзе ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва магчымыя і вядуцца прама цяпер».

Кажучы пра санкцыі ЕЗ у дачыненні да Беларусі, Маас адзначыў, што яны не з'яўляюцца прадметам гандлю. «Мы ўсе павінны разумець, што палітыка ў галіне санкцый не можа разглядацца як пачарговае адразанне кавалачкаў ад салямі, - сказаў дыпламат. - ЕЗ кіруецца законамі права і ў кожным канкрэтным выпадку неабходна глядзець, ці саспелі перадумовы для прыняцця нейкіх пастаноў».

Маас падкрэсліў, што абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі былі прынятыя ЕЗ у кантэксце пэўных праблем. «Пакуль не будзе адбывацца пазітыўных змяненняў у праблемных пытаннях, не будзе і ніякіх зменаў санкцый», - заявіў ён.

Адзначым, што на сённяшні дзень адной з галоўных праблем у стасунках з Беларуссю ў Еўрапейскім звязе называюць наяўнасць у краіне палітвязняў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках