4 траўня 2024, Субота, 15:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рабочага, які абвясціў галадоўку ў Бабруйску даставілі ў медпункт

5
Рабочага, які абвясціў галадоўку ў Бабруйску даставілі ў медпункт

У рабочага Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў Генадзя Лабачова моцна падняўся ціск

Ён браў удзел у галадоўцы пратэсту некалькіх звольненых работнікаў прадпрыемства, піша БелаПАН.

«Генадзь Лабачоў галадаў на працоўным месцы, яго вызвалілі ад працы, павялі на медыцынскі агляд, ціск быў 200 на 100. Вось ужо аднаго давяла галадоўка да бальнічнага», - паведаміў старшыня заводскай арганізацыі СПБ Міхаіл Кавалькоў.

Наладчык 6-га разраду Генадзь Лабачоў заявіў, што звязвае пагаршэнне свайго здароўя з галадоўкай. «Мяне наша кіраўніцтва завяло ў медпункт, засумнявалася ў маім самаадчуванні. Потым высветлілася, што ў мяне ціск. Атрымаў бальнічны да 12 лістапада», - сказаў рабочы.

«Адміністрацыя з'явілася і пачала адхіляць мяне ад працы, заяўляючы, што «ў нас не галадаюць». Калі мяне справадзілі з завода, заблакавалі пропуск», - паведаміў Лабачоў. Улічваючы пагаршэнне свайго здароўя, актывіст СПБ прыняў пастанову адмовіцца ад удзелу ў галадоўцы.

Што тычыцца астатніх удзельнікаў акцыі, то яны маюць намер працягнуць галадоўку 11 лістапада. «Будзем галадаць. Дзе менавіта, пакуль не пастанавілі. Зразумела, што яны нас не адновяць на працы. Мы яшчэ пагаладаем, а потым напішам які-небудзь зварот. Каб усе людзі, якія захочуць дамагчыся праўды і справядлівасці, ведалі, з чым яны сутыкнуцца», - заявіў Мікалай Жыбуль.

Са слоў Кавалькова, на гэты момант галоўным вынікам галадоўкі з'яўляецца прыцягненне ўвагі да яе. «Спачатку было ўяўленне, што гэта «баяры» дрэнныя, а «цар-бацюшка» нічога не ведае. Вось і мы мяркуем, што калі Лукашэнка нашу заяву не прачытаў, то будзем дамагацца таго, каб ён яе прачытаў. Але думаю, што на сённяшні дзень «цар-бацюшка» ведае сітуацыю. І нават не сумняваюся ў гэтым. І тое, што ніякай адмашкі няма, каб пайсці насустрач звольненым, хоць выправіць гэтую сітуацыю можна элементарна, кажа пра тое, як прэзідэнт дапамагае людзям», - сказаў прафсаюзны лідэр.

Ён адзначыў, што бліжэйшым часам удзельнікі акцыі пратэсту пастановяць, што рабіць далей.

Члены Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) Мікалай Жыбуль, Алег Шаўчэнка, Аляксандр Варанкін і Аляксандр Грамыка 5 лістапада абвясцілі галадоўку ў будынку Бабруйскага гарвыканкама, патрабуючы захавання іх канстытуцыйнага права на працу. Ім двойчы даводзілася пакідаць будынак на патрабаванне міліцыі і чыноўнікаў. 6 лістапада чацвёра галадоўнікаў прадоўжылі акцыю пратэсту недалёка ад прахадной БЗТДіА. На выходныя яны перарывалі галадоўку і аднавілі яе 10 лістапада разам з двума работнікамі прадпрыемства, якія далучыліся да іх на працоўных месцах. Учора звольненыя галадаючыя былі дастаўлены ў міліцыю, дзе іх вусна папярэдзілі аб магчымай адказнасці за несанкцыянаваную акцыю пратэсту.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках