4 траўня 2024, Субота, 9:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гендырэктара «Барысаўдрэва» судзяць, але не звальняюць

12
Гендырэктара «Барысаўдрэва» судзяць, але не звальняюць

У Менскім абласным судзе працягваюцца слуханні аб крымінальнай справе генэральнага дырэктара ААТ «Барысаўдрэў».

Менавіта так. Уладзімір Мальцаў, які знаходзіцца роўна дзевяць месяцаў пад вартай, па-ранейшаму з'яўляецца кіраўніком прадпрыемства, пішуць «Беларускія навіны».

Пра гэта стала вядома падчас допыту абвінавачанага. Допыт працягваўся ўвесь мінулы тыдзень і закончыўся ў панядзелак, 10 лістапада. Факт знаходжання Мальцава на пасадзе гендырэктара ў судзе пацвердзіў адвакат Зміцер Гарачка, які паведаміў, што «канцэрн з Мальцавым кантракт не касаваў». А таму судзяць ня былога, а рэальнага гендырэктара «Барысаўдрэва», які з «уважнай» прычыны не можа выконваць свае абавязкі.

Цяпер абавязкі гендырэктара выконвае намеснік Уладзіміра Мальцава ў камэрцыйных пытаннях Андрэй Ягораў.

Можна толькі варажыць, чаму кіраўніка, які абвінавачваецца ў службовых злачынствах з прычыненнем шкоды 18 млрд рублёў і пэрспэктывай на тэрмін да 10 гадоў, не спісалі, як той казаў, «у архіў».

Паводле закону ўсё слушна: толькі суд мае права назваць чалавека злачынцам. У той жа час беларуская рэчаіснасць такая, што прасцей звольніць і забыць. Тым больш, што сам факт знаходжання Мальцава на лаве падсудных цэлым шэрагам высокапастаўленых чыноўнікаў можа быць успрыняты як пакаранне за «невыгоды» і хваляванні з трымценнем, якія Аляксандр Лукашэнка агучыў на ўсю краіну.

Нагадаем, 8 лістападзе 2013 года пад гнеў прэзідэнта за сарваныя тэрміны мадэрнізацыі прадпрыемства патрапілі і пазбавіліся пасад старшыня Менскага аблвыканкама Барыс Батура, старшыня канцэрна «Беллеспаперапрам» Аляксандр Пераслаўцаў і намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Андрэй Тур. Далі тады чосу й іншым адказным таварышам.

Аднак на лаве падсудных Уладзімір Мальцаў знаходзіцца ў самоце, ды яшчэ і на пасадзе. Пазбавіць арыштанта пасады - клопат нядоўгі. Пры гэтым варта ўлічваць, што мадэрнізацыя «Барысаўдрэва» праведзеная яшчэ не ў поўнай меры, а прадпрыемства мае патрэбу ў рэальным кіраўніку. Бо што спытаеш з в.а. або сядзельца следчага ізалятара?

Магчыма, пытанне «Што рабіць з Мальцавым?» на ўзроўні канцэрна закраналася, але паступіў наказ чакаць выраку суда. А хто такі наказ мог даць? Хто рызыкнуў бы лезці паперадзе бацькі ў пекла, памятаючы пра тое, што крымінальная справа была распачатая на загад Лукашэнкі?

Зрэшты, вернемся да гэтай гучнай для ўсяго беларускага дырэктарата справы. Дакладней, да аднаго эпізоду. Вельмі супярэчліваму, які наводзіць на думку аб следчай памылцы.

Безумоўна, судом гэты момант будзе дэталёва вывучаны і ацэнены пры падрыхтоўцы прысуду, бо гаворка ідзе пра адзін з пунктаў абвінавачвання. Сцісла ён гучыць так: пры беспасярэднім удзеле Мальцава, што лабіяваў інтарэсы турэцкай кампаніі Bersey, быў няслушна абраны прадавец кацельнага абсталявання. Больш за тое, у нашых кліматычных варунках турэцкая кацельня не здольная нармальна функцыянаваць.

У тэндэры, які быў абвешчаны ў снежні 2010 года, на пастаўку кацельнага абсталявання ўзялі ўдзел пяць кампаній: з Італіі, ЗША, Фінляндыі, Літвы і Турцыі. Вынікі конкурсу былі падрахаваныя на пачатку лютага 2011 года.

Са слоў сведак, а ў іх ліку і галоўны энэргетык Яўген Варакса, італійцы і амэрыканцы выставілі кошт абсталявання ў некалькі разоў вышэйшы за іншыя прапановы і фінансавыя магчымасці кліента, а таму іх знялі з конкурсу. Заяўка фінаў змяшчала ў сабе нейкі доследны варыянт абсталявання, якое яны раней не выраблялі. Рызыкаваць не сталі. З двух астатніх кандыдатаў перавага была аддадзеная турэцкай кампаніі, якая прапанавала так званы альтэрнатыўны варыянт тэрмааліўных катлоў. Літоўцы абурыліся.

Вось як гэты эпізод апісаў у сваіх сведчаннях у судзе былы намеснік генеральнага дырэктара ў пытаннях вытворчасці Іван Жукаў:

«Я ў той час выконваў абавязкі адсутнага генеральнага дырэктара Уладзіміра Кухто. Пасля падрахавання вынікаў конкурсу да мяне ў кабінет уварваліся літоўцы з расейцамі, тры чалавекі. Яны заявілі, што тэндэр праведзены няправільна, і яны будуць скардзіцца. Сыходзячы, яны сказалі, што турэцкая кацельня ў нашых варунках працаваць не будзе».

Дарэчы будзе заўважыць, што тэндэрную камісію «Барысаўдрэва» ўзначальваў Уладзімір Мальцаў, які выконваў у той час абавязкі галоўнага інжынера. Да таго часу ён на прадпрыемстве адпрацаваў толькі тры месяцы. Кантракт з туркамі на пастаўку кацельнага абсталявання падпісаў гендырэктар Кухто.

Каму і куды скардзіліся літоўцы, што саступілі, у судзе не агучвалася, аднак абвінавачаны Мальцаў неаднаразова ў сваіх сведчаннях падкрэсліваў, што ніхто з тых удзельнікаў, хто саступіў на тэндэры, у суд не звяртаўся. Больш за тое, са слоў Мальцава, прадстаўнік Камітэта дзяржкантролю вывучаў дакумэнты тэндэрнай камісіі, нічога супрацьзаконнага не знайшоў і нават не зрабіў заўваг. Экспэрт жа, на даручэнне следства, прыйшоў да процілеглай высновы. І гэтаму моманту будзе дадзеная судовая ацэнка.

А вось чаму следствам быў дзіўным чынам не заўважаны факт, што не проста ляжыць на паверхні, а ў цвёрда стаіць на тэрыторыі «Барысаўдрэва» у выглядзе навюткай кацельні, пакуль тлумачэнню не паддаецца.

Адказваючы на пытанні дзяржаўнай абвінаваўцы Алены Філовіч і суддзі Валянціна Вердыша з нагоды турэцкай тэрмааліўнай кацельні, якая нібыта ня можа працаваць у беларускіх кліматычных варунках, гендырэктар Уладзімір Мальцаў сказаў:

«Кацельня была запушчаная 13 студзеня 2014 года, калі не памыляюся, а 1-й гадзіне ночы. Была пададзеная пара на цэх МДФ, што дазволіла правесці 72-гадзіннае выпрабаванне на крыніцы спажывання пары. А ў другой дэкадзе студзеня было пададзенае і ацяпленне на цэх МДФ. Магутнасць старой кацельні была цалкам пераведзеная на прыватны сэктар, таму што гэтымі днямі моцна панізілася тэмпература паветра. У прыватным сэктары і дзіцячым садзе тэмпература ўпала ніжэй за плюс 12 градусаў. Хачу адзначыць, што пара была пададзеная праз трубаправоды, якія не былі пафарбаваныя ды ізаляваныя. І таксама ацяпленне на горад было пададзенае праз трубаправод, які не быў пафарбаваны ды ізаляваны. Пры тэмпературы мінус 20 градусаў ішла гарачая вада праз трубаправоды. Але ў мяне не заставалася ніякага выбару... Быў бы кій, паганяў бы не аднаго там...

11 сакавіка мяне заарыштавалі, а ў другой дэкадзе камісія, а гэта блізу дваццаці чалавек, падпісала акт уводу кацельні. Я не дачакаўся даслоўна 12 дзён падпісання гэтага акта...»

Што да працаздольнасці кацельні ў нашых кліматычных варунках, Уладзімір Мальцаў не без гонару ў голасе падкрэсліў:

«Згодна з патрабаваннямі Дзяржтэхнагляду, старт кацельні і падача пары пры тэмпературы паветра, я дакладна не памятаю, нуль ці мінус пяць градусаў, забароненая. А тэхналогія гэтай кацельні дазволіла падаць ацяпленне пры мінус 17 градусах. Адзіная асцярога была, што ці зможа першым стартам кацельня выпрацаваць патрэбнае цяпло, але ўсё пайшло паспяхова».

Пасля невялікай пярэрвы Мальцаў дадаў: «Калі б будаўнікі выканалі якасна сваю працу, то было б яшчэ прасцей».

Цяпер ад старой кацельні ўзору 1924 года не засталося і знаку - яе зруйнавалі. Наколькі новая турэцкая дапасуецца да беларускіх кліматычных варункаў, стане канчаткова вядома па зіме цяперашняй.

Пакуль жа тое, што «не павінна працаваць» - працуе. Дзясятак сведак у судзе гэты факт, які быў вядомы яшчэ да арышту Уладзіміра Мальцава, пацвердзілі. Клопату ж, з'ездзіць на прадпрыемства і паглядзець!

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках