2 траўня 2024, Чацвер, 16:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На зондзе Philae пачалі рызыкоўныя эксперыменты

10

Навукоўцы гатовыя рэалізоўваць усё больш авантурныя планы ў перамяшчэнні зонда.

Спрабуючы атрымаць максімум з некалькіх гадзін, якія засталіся да адключэння зонда Philae, навукоўцы ўключылі ўсе 10 даследчых інструментаў. Апошні сеанс сувязі з зондам, які знаходзяцца ў цені, чакаецца апоўначы паводле Масквы. Тады ж будзе вядома, ці атрымалася ў інструмента MUPUS прасвідраваць паверхню каметы. Апошнія звесткі аб праекце Rosetta былі прэзентаваныя на прэс-канферэнцыі ЕКА, паведамляе Lenta.ru.

Адначасова супрацоўнікі Еўрапейскага касмічнага агенцтва плануюць апошнія спробы перасунуць Philae да крыніц сонечнага святла і разглядаюць усе магчымасці ўваскрашэння зонда пры больш ўдалым размяшчэнні каметы адносна Сонца.

У першы дзень пасля пасадкі зонда навукоўцы дзейнічалі з максімальнай асцярожнасцю - яны баяліся, што праца ягоных інструментаў абрыне апарат у прорву або прывядзе да аддзялення ад паверхні каметы. Але калі стала ясна, што зонд знаходзіцца ў цені скал, ягоныя сонечныя батарэі не атрымліваюць неабходнага мінімуму святла, а акумулятараў хопіць усяго на 64 гадзіны, было прынятае рашэнне актывізаваць усе інструменты, каб паспець сабраць максімум звестак.

Галоўную цікавасць выклікаў пенетратар MUPUS (сэнсар для даследавання тэмпературы, шчыльнасці і механічных уласцівасцей паверхні). Вядома, што пенетратар (даўжынёй каля паўтара метраў) высунуўся з зонда на 25 сантыметраў, але застаецца незразумелым, ці ўвайшоў ён унутр каметы. Новыя звесткі дасылае і APXS - альфа-пратон-рэнтгенаўскі спектрометр для аналізу грунту.

Навукоўцы таксама гатовыя рэалізаваць усе больш авантурныя планы ў перамяшчэнні зонда. «Канец блізкі, і мы ідзем на ўсё большую рызыку», - заявіў кіраўнік місіі Паола Фэры (Paolo Ferri).

Перш за ўсё ЕКА паспрабуе разгарнуць корпус зонда так, каб найбуйнейшая з ягоных сонечных панэлей разгарнулася ў бок Сонца. На жаль, тэхнічнай магчымасці разгарнуць апарат Rosetta так, каб ягоныя велізарныя панэлі адлюстроўвалі святло на Philae, у ЕКА няма. Таксама існуе план разгарнуць махавік зонда, што магло б выкінуць Philae з пасткі.

Але нават калі першае жыццё зонда скончыцца ў суботу, у яго застаюцца добрыя шанцы ўваскрэснуць, адзначыў Феры. Змена часоў года палепшыць асвятленне на месцы пасадкі. Акрамя таго, набліжэнне да Сонца здольнае радыкальна змяніць ландшафт каметы, якая складаецца з пылу і лёду. Ужо да жніўня 2015 Сонца выпарыць лёд, і камета будзе «падобная на пекла», заявілі навукоўцы. Супрацоўнікі ЕКА пажадалі «скрыжаваць пальцы і чакаць сігналаў з пекла», паводле выразу адказнага за камеру OSIRIS Хольгера Сіркса (Holger Sierks).

Таксама падчас прэс-канферэнцыі брытанскі навуковец Мэт Тэйлар (Matt Taylor) са слязамі на вачах прынёс прабачэнні за сваё з'яўленне на мінулых мерапрыемствах ЕКА ў гавайцы з выявай дзяўчат у легкадумных строях. Гэтая кашуля выклікала бурную рэакцыю ў Інтэрнэце: вучонага абвінавацілі ў сэксізме і безадказнасці.

Высадка Philae, які адстыкаваўся ад касмічнага апарата Rosetta, адбылася 12 лістапада. Місія Rosetta з'яўляецца самым амбіцыйным праектам ЕКА (стартаваў ён у 2004 годзе). Звесткі, атрыманыя з ягонай дапамогай, неабходныя для тлумачэння працэсаў эвалюцыі Сонечнай сістэмы і з'яўлення вады на Зямлі. Асноўным арганізатарам місіі выступае ЕКА, а ўсяго ў арганізацыі місіі задзейнічаны 50 кампаній з 14 краін Еўропы і ЗША.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках