2 траўня 2024, Чацвер, 6:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Якаўлеўскі: Лукашэнка працвярэзіць аптымістаў па абодва бакі Буга

11
Раман Якаўлеўскі: Лукашэнка працвярэзіць аптымістаў па абодва бакі Буга

За намёкамі могуць рушыць услед і канкрэтныя дзеянні беларускіх уладаў у памежнай з Польшчай Гарадзенскай вобласці.

"Памкненні на Гарадзенскую вобласць у асобных дзяржаў занадта празмерныя", намякнуў Аляксандр Лукашэнка на Польшчу, прымаючы з дакладам старшыню КДБ. Гэтая заява супала з прэс-канферэнцыяй пасла Польшчы Лешака Шарэпкі з нагоды Дня Незалежнасці краіны. Вельмі сумніўнае віншаванне суседа з нацыянальным святам. Але за намёкамі могуць рушыць услед і канкрэтныя дзеянні, якія "працвярэзяць" празмерных аптымістаў на абодвух берагах Буга наконт еўрапейскіх перспектыў цяперашняга рэжыму ў Беларусі, лічыць палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Пра гэта эксперт заявіў у інтэрв'ю "Беларускай праўдзе".

- Лукашэнка папрасіў старшыню КДБ даць інфармацыю аб сітуацыі ў Гарадзенскай вобласці: "Мяне яна не проста насцярожвае, а я памятаю, што было раней. Там жа быў адзіны выпадак у краіне, калі застрэлілі губернатара. І ясна, якія гэта былі праявы. Ды і ведаю, што памкненні на Гарадзенскую вобласць у асобных дзяржаў занадта празмерныя". Зразумелы празрысты намёк на Польшчу, але пра які ўплыў асобных дзяржаў ідзе гаворка?

- Цяжка неяк зразумець, што дакладна маецца на ўвазе ў выказваннях палітыка пра "занадта празмерныя памкненні ў асобных дзяржаў"... Зыходзячы з гісторыі падобных заяў, якія неаднаразова ўзнікалі, да прыкладу, на працягу апошніх дваццаці гадоў, за такімі намёкамі могуць рушыць услед і канкрэтныя дзеянні беларускіх улад у памежнай з Польшчай Гарадзенскай вобласці. Калісьці яны тычыліся жорсткага перафарматавання такой грамадскай арганізацыі, як Саюз палякаў Беларусі, галаўны офіс якога знаходзіцца ў Гародні. З тых часоў аб ім амаль нічога не чуваць.

У двухбаковых адносінах паміж Варшавай і Менскам гучала і тэма польскіх дамоў - ачагоў асветы палякаў-грамадзян Беларусі. Не сакрэт, што гэтыя дамы былі створаныя пры фінансавай падтрымцы польскага ўраду. Па-ранейшаму беларускія ўлады трывожыць тэма атрымання «карты паляка» беларускімі грамадзянамі.

І тое, што сваю насцярожанасць Лукашэнка публічна выказаў менавіта старшыні КДБ, а не на чале Гарадзенскай вобласці або Нацыянальнага сходу, можа сведчыць пра сур'ёзныя намеры яшчэ больш узмацніць татальны кантроль за грамадзянамі і «працверазіць» празмерных аптымістаў на абодвух берагах Буга наконт еўрапейскіх перспектыў цяперашняга рэжыму ў Беларусі.

- Паралельна з гэтай заявай 13 лістапада пасол Польшчы Лешэк Шарэпка абвясціў, што ў 2015 годзе ў Беларусі з'явіцца 8 візавых цэнтраў Польшчы - ва ўсіх абласных цэнтрах і двух буйных раённых гарадах. Якую пагрозу ў адкрыцці візавых цэнтраў пабачыў Лукашэнка?

- Гэтыя візавыя цэнтры закліканыя вырашыць праблему выдачы віз беларускім грамадзянам, якая шмат у чым з'явілася праз нежаданне беларускіх улад дазволіць павелічэнне персаналу ў польскіх консульскіх падраздзяленнях. Колькасць жадаючых атрымаць візы настолькі вялікая, што грамадзяне нават гатовыя на некаторае павышэнне і так нятаннага для беларусаў кошту віз. Але відавочна і тое, што сярод іх не будзе тых, хто застаецца ў еўразвязным "чорным спісе" для беларускіх чыноўнікаў, для якіх ўезд у Шэнгенскую зону забаронены. Вось імкненне ліквідаваць гэты спіс без ліквідацыі прычын, якія яго спарадзілі, і ёсць сапраўдная прычына паводзін беларускіх улад з «замарозкай» ільготнага перамяшчэння для жыхароў памежных раёнаў абедзвюх краін і наогул атрымання польскіх і шэнгенскіх віз.

- Ці з'яўляецца дадзены выпад адзінкавым, у канкрэтным выпадку, альбо справа ідзе да чарговага абвастрэння беларуска-польскіх адносін?

- На гэтыя адносіны ўсё больш будуць уплываць адносіны Расеі з аб'яднанай Еўропай, якія пагаршаюцца. А што тычыцца дадзенага, як вы сказалі, выпаду, то ён супаў не толькі з прэс-канферэнцыяй ў Менску пасла Польшчы з нагоды яе нацыянальнага свята - Дня Незалежнасці, што ўжо ўспрымаецца, мякка кажучы, сумнеўным віншаваннем суседа. Нельга не ўлічваць і тое, што гэтыя заявы могуць прыкметна паўплываць на атмасферу маючага адбыцца ў снежні ў Беларусі польска-беларускага бізнес-форуму, з якім звязваюць надзеі на істотную нармалізацыю адносін паміж Варшавай і Менскам. Бізнес не любіць падобных экспромтаў тых, ад каго многае, калі не ўсё, залежыць.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках