2 траўня 2024, Чацвер, 10:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выстава вынаходак Леанарда да Вінчы прыедзе ў Менск

5

Экспазіцыя налічвае 200 экспанатаў і ўжо аб'ехала паўсвету.

Упершыню ў Беларусь прыедзе самая шырокая міжнародная выстава, прысвечаная творчасці вялікага Леанарда да Вінчы, паведамляе «Камсамольская праўда ў Беларусі». Экспазіцыя «Вынаходствы да Вінчы». Яе стваральнікі - аўстралійская кампанія «Грандэ Эксыбішнс». Распрацаваная сумесна з музеем Leonardo da Vinci Museo ў Італіі, гэтая выстава з'яўляецца ўвасабленнем геніяльнасці Леанарда як вынаходніка, вучонага і інжынера. Усе экспанаты створаныя італійскімі рамеснікамі дакладна ў адпаведнасці з рукапісамі Леанарда да Вінчы, пры гэтым выкарыстоўваліся тэхніка і матэрыялы эпохі Адраджэння. Спецыялістамі было вывучана больш за 6000 старонак рукапісаў да Вінчы, расшыфраваныя ягоныя коды, наўмысныя памылкі і люстраны спосаб пісьма, які мастак ужываў, каб захаваць свае запісы ў таямніцы.

У залах Нацыянальнага мастацкага музея з'явяцца танк, акваланг, лятальны апарат, ровар, парашут, падводная лодка, ідэальны горад і многія іншыя вынаходніцтвы, як уяўляў іх Леанарда да Вінчы ў далёкім 15 стагоддзі. І гэта толькі некаторыя прыклады таго, што ўбачаць наведвальнікі на выставе. Варта адзначыць, што сам Леанарда ніколі не ствараў большасць з таго, што ён прыдумаў. Выстава прапануе даступнае, зразумелая і адчувальнае ўвасабленне работ Леанарда да Вінчы - аднаго з самых дапытлівых розумаў чалавецтва.

Экспазіцыя «Вынаходствы да Вінчы» ахоплівае значна больш, чым мадэлі пералічаных апаратаў. Тут таксама прадстаўленыя самыя вядомыя рукапісы да Вінчы і ягоныя нататкі ў анатоміі. Асобнай увагі заслугоўвае секцыя, прысвечаная карцінам Леанарда. У фармаце 3D гледачы ўбачаць такія шэдэўры як «Мона Ліза», «Тайная вячэра», «Вітрувіянскі чалавек», а таксама адзіную скульптуру мастака - «Конь Сфорцы», больш вядомую як «Конь Леанарда».

«Гэтая выстава закліканая адзначыць і сабраць разам унікальны розум, геніяльнасць і рознастароннасць такога вялікага і загадкавага чалавека як Леанарда да Вінчы. Гэта зроблена для таго, каб людзі ва ўсім свеце маглі паглядзець і захапіцца яго неабдымным талентам. Мы радыя, што нам удалося прывезці гэты фантастычны праект у Менск», - адзначаюць арганізатары.

Галоўныя асаблівасці выставы «Вынаходствы да Вінчы»:

- раскрывае маштабы работы Леанарда ў 9 розных сферах: фізіка, механіка, грамадзянская і ваенная інжынерыя, гідраўліка, анатомія, авіяцыя, мастацтва эпохі Адраджэння, навуковыя даследаванні;

- дазваляе наведвальнікам вывучаць матэрыял шляхам узаемадзеяння - інтэрактыўнасці;

- распавядае гісторыю галоўных твораў да Вінчы, выкарыстоўваючы самыя сучасныя тэхналогіі;

- праводзіць паралель паміж работамі Леанарда і сучаснай інжынерыяй і тэхналогіямі;

- больш за 60 мадэлей у натуральную велічыню тлумачаць тэорыю і задачы кожнай вынаходкі Леанарда.

З моманту стварэння выставы ў 2006 годзе яе ўбачылі жыхары ЗША, Лацінскай Амерыкі, Паўднёвай Афрыкі, Японіі, Расеі, Вялікабрытаніі, Заходняй Еўропы. Агульная колькасць наведвальнікаў налічвае мільёны па ўсім свеце.

Выстава «Вынаходствы да Вінчы» не мае ўзроставых абмежаванняў. Яна будзе цікавая ўсім - ад малога да вялікага. Гэтая інтэрактыўная экспазіцыя пакіне незабыўныя ўражанні для ўсёй сям'і.

Дзе? Калі?

Час: з 1 сакавіка наступнага года.

Месца: Нацыянальны мастацкі музей.

Кошт пытання: буднія дні (дарослы - 90 тыс. руб., дзіцячы - 70 тыс. руб.), выходныя (дарослы - 100 тыс. руб., дзіцячы - 80 тыс. руб.). Для студэнтаў - 80 тыс. руб., для пенсіянераў, ветэранаў, інвалідаў - 60 тыс. руб. Групавыя квіткі танней за індывідуальныя.

Гэтыя цэны сапраўдныя пры куплі квіткоў загадзя ў офісе арганізатара або ў касах музея. Кошт квіткоў на ўваходзе можа быць павялічаны да 50%.

Інфалінія: (017) 237-32-88, (029) 678-53-86, (029) 283-53-86

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках