28 красавiка 2024, Нядзеля, 3:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камітэт ААН: Беларусь парушыла правы Алеся Бяляцкага

8
Камітэт ААН: Беларусь парушыла правы Алеся Бяляцкага

Гістарычная пастанова супраць дзяржаў, якія ўшчамляюць права на свабоду асацыяцыяў прынятая Камітэтам ААН у правах чалавека.

Пра гэта паведамляе сайт ПЦ «Вясна».

24 кастрычніка Камітэт ААН у правах чалавека прызнаў, што Беларусь як дзяржава парушыла правы праваабаронцы Алеся Бяляцкага, гарантаваныя артыкуламі 9 (права на свабоду і асабістую недатыкальнасць), 14 (права на справядлівае судовае разбіральніцтва) і 22 (свабода асацыяцый) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Праваабарончая арганізацыя «Вясна» была ў 2003 годзе пазбаўленая дзяржаўнай рэгістрацыі. Пасля гэтага яе заснавальнікі тройчы (у 2007 і 2009 гадах) звярталіся ў Мінюст за рэгістрацыяй, але атрымлівалі адмовы. З высноваў Камітэта, парушэннем свабоды асацыяцыі з'яўляюцца адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», прынятыя толькі на падставе таго, што ў пададзеных на рэгістрацыю дакументах меліся нязначныя неадпаведнасці патрабаванням Міністэрства юстыцыі, якія маглі быць выпраўленыя пры прадстаўленні міністэрствам такой магчымасці заснавальнікам.

Адмовы ў рэгістрацыі, мяркуюць у Камітэце, прывялі да забароны дзейнасці арганізацыі на тэрыторыі Беларусі і перашкодзілі рэалізацыі яе чальцамі сваіх правоў. Прысуд Алеся Бяляцкага да працяглага тэрміна пазбаўлення волі за дзеянні, звязаныя з атрыманнем і расходаваннем сродкаў на фінансаванне дзейнасці, якую ён узначальвае, быў прамым следствам парушэння свабоды асацыяцыі, гаворыцца ў заключэнні Камітэта. Пры разглядзе справы беларускія суды адхілілі доказы таго, што гэтыя сродкі прызначаліся і выкарыстоўваліся менавіта на названыя мэты, і не разглядалі справу з пункту гледжання гарантый права на свабоду асацыяцыі. У гэтых умовах прыцягненне Алеся Бяляцкага да крымінальнай адказнасці Камітэт расцаніў як парушэнне гэтага права.

«Гэтая пастанова Камітэта ў правах чалавека на аснове міжнароднага права прызнае легітымнасць дзейнасці праваабарончага цэнтра «Вясна» і цалкам рэабілітуе яго кіраўніка Алеся Бяляцкага», - заявіў намеснік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч.

Камітэт у правах чалавека таксама дадаў, што ўтрыманне пад вартай Алеся Бяляцкага ў перыяд папярэдняга расследавання мела адвольны характар, паколькі пастанова аб арышце прымалася пракурорам, а не судом і грунтавалася толькі на цяжары выстаўленага абвінавачвання, а не на фактах, якія сведчаць аб неабходнасці і мэтазгоднасці гэтай меры.

Камітэт прызнаў, што ў працэсе крымінальнага пераследу Алеся Бяляцкага была парушаная прэзумпцыя невінаватасці, што выявілася ў інфармацыі дзяржаўных СМІ і выказваннях прэзідэнта, якія да ўваходжання ў законнае дзеянне прысуду суда сцвярджалі аб вінаватасці Бяляцкага, а таксама ў тым, што падчас судовых пасяджэнняў яго ўтрымлівалі ў клетцы і дастаўлялі ў суд у кайданках. У пастанове Камітэта ў правах чалавека пазначана, што Бяляцкі мае права на належныя сродкі прававой абароны, а менавіта: перагляд заявы «Вясны» аб дзяржаўнай рэгістрацыі, зняцці судзімасці, адэкватнай кампенсацыі, уключаючы кампенсацыю выплат паводле судовых пастаноў. Акрамя таго, Камітэт пастанавіў, што дзяржава павінна перагледзець сваё ўнутранае заканадаўства аб асацыяцыях.

Фота: charter97.org

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках