6 траўня 2024, панядзелак, 13:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Распрацоўшчык World of Tanks выдаткаваў яшчэ €45 млн. на кіпрскі банк

39
Распрацоўшчык World of Tanks выдаткаваў яшчэ €45 млн. на кіпрскі банк

Беларуская кампанія Wargaming выкупіла дзель ў дадатковай эмісіі акцый банка Hellenic.

Распрацоўшчык папулярнай гульні World of Tanks, беларуская кампанія Wargaming, і хедж-фонд Third Point патрацілі каля €45 млн. кожны, каб выкупіць па 20% дадатковай эмісіі акцый кіпрскага банка Hellenic на агульную суму €220 млн. $274,9 млн.). Банк павінен завяршыць дадэмісію да 31 снежня, паведамляе РБК.

Wargaming і Third Point выкупілі дзель ў дадатковай эмісіі акцый банка Hellenic прапарцыйна памерам сваіх пакетаў акцый банка, паведаміў фiндырэктар Hellenic Антоніс Рувас агенцтву Reuters. Банк зацвердзіў дадэмісію пасля таго, як ён не прайшоў стрэс-тэст (комплексную ацэнку) Еўрапейскага Цэнтрабанка (ЕЦБ) у канцы кастрычніка.

ЕЦБ тэставаў 130 банкаў і крэдытных арганізацый у Еўропе, з іх 25 банкаў праверку не прайшлі - іх абавязалі павялічыць свой капітал на €25 млрд. Згодна з сістэмай ацэнкі ЕЦБ, банкі павінныя быць забяспечаныя не менш чым 8% ад сваіх узважаных у рызыцы актываў пры найбольш верагодным сцэнары эканамічнай сітуацыі на працягу наступных трох гадоў і 5,5% пры больш песімістычныя прагнозах.

5 лістапада выданне Financial Mirror паведаміла, што Hellenic правядзе дадэмісію акцый на суму €220 млн., якія прапануюць выкупіць толькі дзейным акцыянерам. Паводле звестак выдання, банку неабходна павялічыць капітал на €105 млн., каб адпавядаць патрабаванням ЕЦБ, а астатнія грошы ён збіраецца выдаткаваць на развіццё бізнесу.

Яшчэ год таму асноўным акцыянерам Hellenic была Кіпрская праваслаўная царква, але ў лістападзе 2013 кантрольны пакет банка перайшоў у рукі новых інвестараў: Wargaming і Third Point атрымалі па 30% акцый кожны, заплаціўшы па €40 млн., кіпрскі інвестфонд Demetra Investments атрымаў 15% за €20 млн. З тых часоў банк правёў яшчэ адну дадэмісію і канвертаваў у акцыі аблігацыі на €24 млн. У выніку дзелі Wargaming і Third Point у Hellenic знізіліся да 20,23% паводле стану на 14 лістапада, удакладніў Рувас агенцтву Reuters. Ён дадаў, што Кіпрская праваслаўная царква пакуль не паведаміла банку пра тое, ці выкупіць яна сваю дзель ў дадатковай эмісіі банка.

Рувас дадаў, што ў бліжэйшыя два-тры гады Hellenic Bank плануе правесці другасны лістынг на адной з еўрапейскіх біржаў. Дзе менавіта і калі будуць каціравацца акцыі банка, Hellenic вызначыцца да канца 2014 або ў пачатку 2015-га, удакладніў ён.

Увесну заснавальнік кампаніі Віктар Кіслы распавядаў «Ведомостям», што Wargaming стаў саўладальнікам банка падчас банкаўскага крызісу ў 2012-2013 гадах. Тады, паводле слоў Кіслага, банк замарозіў рахункі ўкладчыкаў, а ў лістападзе 2013 года кампаніі прапанавалі купіць акцыі Hellenic з магчымасцю аплаціць іх грашыма на замарожаных рахунках. «Навошта ж гэта яны зрабілі, так як мы ўсё ж такі добра сябе зарэкамендавалі ў мясцовым грамадстве, г. зн. спраўна ўсё, што трэба, плацім, трохі ў чымсьці дапамагаем краіне, падымаем рэпутацыю Кіпра ў тым ліку і як тэхналагічнага цэнтра, паводзім сябе правільна», - тлумачыў Кіслы. Ён дадаў, што, паводле ягонай версіі, кіпрыёты хацелі «неяк збалансаваць амерыканскія інвестыцыі вельмі буйнога фонду, які сабаку з'еў на інвестыцыях, і незразумела, як ён можа павесці сябе ў далейшым з удзелам іншага акцыянера ў роўных дзелях».

Third Point - інвесткампаніі інвестара-актывіста Дэніэла Лоэба, які аддае перавагу купляць праблемныя актывы, а потым піша публічныя лісты інвестарам гэтых актываў з крытыкай менеджменту, нярэдка на мяжы прыстойнасцей. Лоэб нядаўна здолеў раззлаваць Галівуд: пасля куплі 7% акцый кампаніі Sony ён пачаў крытыкаваць стратэгію японскай кампаніі ў галіне кіно і тэлебачання і запатрабаваў, каб менеджэры адказалі за кінаправалы. За Sony заступіўся акцёр Джордж Клуні - ягоная кампанія Smokehouse Pictures паспяхова супрацоўнічае з Sony. У інтэрв'ю выданню Deadline.com Клуні назваў Лоэба «сакваяжнікам» - карыкатурным прадпрымальнікам з паўночных штатаў ЗША, якія пазапаўнялі паўднёвыя штаты пасля амерыканскай грамадзянскай вайны і скуплялі патаннелыя плантацыі за бесцань. Паводле слоў Клуні, Лоэб запалохвае кінастудыі і змушае іх прымаць рашэнні, заснаваныя на страху. «Чаму ён скупляе акцыі, як вар'ят, калі ён так крытычна настроены? Ён спрабуе маніпуляваць рынкам!» - абвінаваціў Клуні.

Выпускнік Беларускага універсітэта Віктар Кіслы заснаваў у 1998 годзе кампанію, пазней перайменаваную ў Wargaming. Яна займаецца выпускам камп'ютэрных гульняў, самая вядомая з іх - шматкарыстальніцкая онлайн-гульня World of Tanks, у якую зараз гуляе 100 млн. карыстальнікаў па ўсім свеце. Прадстаўніцтва кампаніі на Кіпры было адкрытае ў 2011 годзе. Выручка Wargaming за 2013 склала $372 млн. паводле звестак даследчай кампаніі SuperData Research. Сама кампанія за 2013 да гэтага часу не зрабіла справаздачу.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках