29 красавiка 2024, панядзелак, 19:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каб служба мёдам не здавалася?

Каб служба мёдам не здавалася?

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч каментуе некаторыя палажэнні законапраекта аб альтэрнатыўнай службе, прынятага ў першым чытанні «палаткай».

Праблема адсутнасці практычнай рэалізацыі магчымасці замены вайсковай службы альтэрнатыўнай, гарантаванай артыкулам 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, налічвае ўжо больш за дваццаць гадоў - з моманту прыняцця ў сакавіку 1994 года Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая прадугледзела такую магчымасць. На гэтую праблему ў свой час звярталі ўвагу і Канстытуцыйны суд краіны, і актывісты грамадзянскай супольнасці, і праваабарончыя арганізацыі. У 2004 годзе законапраект аб альтэрнатыўнай службе ўносіўся на разгляд у Палату прадстаўнікоў дэпутатам Уладзімірам Навасядам, але быў адхілены парламентарыямі, піша Валянцін Стэфановіч на сайце ПЦ «Вясна».

Мелі месца выпадкі прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад мерапрыемстваў па прызыву асоб, якія заяўлялі пра сваё права на альтэрнатыўную службу і немагчымасць праходжання вайсковай службы паводле пераканання сумлення.

Трэба адзначыць, што абарона дзяржавы ў выпадку замежнай агрэсіі з'яўляецца адным з абавязкаў грамадзяніна. Аднак праваабаронцы заўсёды зыходзілі з таго, што гэтае абавязак не з'яўляецца абсалютным і павінны ўлічвацца такія ж гарантаваныя асобе правы як свабода сумлення, поглядаў і перакананняў, свабода бесперашкодна іх прытрымлівацца. Ніхто не можа быць прымушаны да адмовы ад сваіх перакананняў. Гэтыя правы знайшлі сваё адлюстраванне і ў нашай Канстытуцыі.

Згодна з артыкула 57 Канстытуцыі, абарона Рэспублікі Беларусь - абавязак і свяшчэнны абавязак грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Парадак праходжання вайсковай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайсковай службы цi замена яе альтэрнатывы вызначаюцца законам.

Праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб альтэрнатыўнай службе», які прадугледжвае практычную рэалізацыю гэтай канстытуцыйнай нормы, цяпер знаходзіцца ў «палаце прадстаўнікоў».

Пасля азнаямлення з тэкстам гэтага законапраекта хацелася б выказаць некалькі меркаванняў што да прапанаванай канцэпцыі альтэрнатыўнай службы.

Адразу адзначу, што прапанаваны Закон не апраўдаў чаканняў праваабарончай супольнасці краіны і, на нашу думку, носіць дыскрымінацыйны характар у стасунках да асобаў, якія адмаўляюцца ад праходжання вайсковай службы на матыў сумлення.

У сувязі з гэтым спынюся на асноўных праблемных, на мой погляд, момантах законапраекта.

Згодна з артыкула 3 гэтага законапраекта, на альтэрнатыўную службу могуць накіроўвацца грамадзяне мужчынскага полу ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў, якiя падлягаюць прызыву на вайсковую службу, службу ў рэзерве, прыгодныя па стану здароўя i фiзiчнаму развiццю да праходжання вайсковай службы, асабіста заявіўшы аб тым, што прыняцце вайсковай прысягі, нашэнне зброі або непасрэдны ўдзел у вытворчасці і абслугоўванні зброі, баявых харчоў і баявой тэхнікі супярэчыць іх рэлігійным перакананням у той меры, у якой робіцца немагчымым праходжанне вайсковай службы.

Такім чынам адзінай падставай для замены вайсковай службы на альтэрнатыўную, згодна з названым вышэй артыкулам, з'яўляюцца рэлігійныя перакананні асобы. Трэба адзначыць, што прыняцце вайсковай прысягі, нашэнне зброі або непасрэдны ўдзел у вытворчасці і абслугоўванні зброі можа супярэчыць не толькі рэлігійным перакананням асобы, але і іншым перакананням паводле матываў сумлення. Напрыклад, асоба можа адмаўляцца ад вайсковай службы ў сувязі з палітычнымі і этычнымі матывамі, з'яўляючыся перакананым пацыфістам.

У артыкуле 8 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, у якім змяшчаецца забарона выкарыстання прымусовай працы, прадугледжваецца, што паняццем прымусовай працы не ахопліваецца «якая б ні была служба вайсковага характару, а ў тых краінах, у якіх прызнаецца адмова ад вайсковай службы па палітычных і рэлігійна-этычных матывах, - якая б ні была служба, прадугледжаная законам для асоб, якія адмаўляюцца ад вайсковай службы па такіх матывах». Такім чынам Пакт прадугледжвае магчымасць замены вайсковай службы па палітычных і рэлігійна-этычных матывах, што безумоўна шырэй выключна рэлігійных перакананняў.

Прыняцце гэтага законапраекта ў прапанаванай рэдакцыі можа прывесці да таго, што асобам, якія будуць адмаўляцца ад вайсковай службы па матывах сумлення, але не звязаным з рэлігійнымі перакананнямі, будуць адмаўляць у замене вайсковай службы на альтэрнатыўную, а ў выпадку адмовы ад праходжання вайсковай службы яны рызыкуюць быць пакараныя крымінальнаю адказнасцю за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу. У такім выпадку мы можам сутыкнуцца з фактамі парушэння права гэтых асобаў на свабоду пераканання і права бесперашкодна прытрымлівацца такіх перакананняў, што з'яўляецца прыкладам дыскрымінацыі па прыкметах перакананняў асобы.

Другім істотным недахопам з пункту гледжання адпаведнасці гэтага законапраекта міжнародным нормам у галіне правоў чалавека з'яўляецца неапраўдана большы тэрмін праходжання альтэрнатыўнай службы ў параўнанні з вайсковай службай прызыву.

Трэба адзначыць, што ў першапачаткова прапанаваным тэксце законапраекта тэрмін альтэрнатыўнай службы для асоб, якія не маюць вышэйшай адукацыі, складаў 30 месяцаў, а для асоб, якія маюць вышэйшую адукацыю, - 20 месяцаў. Аднак, падчас слуханняў і галасавання па законапраекту дэпутаты Палаты прадстаўнікоў наважылі змяніць тэрміны альтэрнатыўнай службы на 36 і 24 месяца адпаведна. Напэўна, дэпутаты прыйшлі да высновы, што павелічэнне тэрміну альтэрнатыўнай службы ўдвая ў параўнанні з тэрміновай вайсковай службы будзе надзейным сродкам праверкі шчырасці перакананняў асобы, якая хадайнічае аб замене вайсковай службы на альтэрнатыўную.

Варта нагадаць, што ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» вайсковая служба прызыву вядзецца ў некалькіх формах і прадугледжвае наступныя тэрміны службы, устаноўленыя артыкулам 45 гэтага Закона:

для вайскоўцаў, якія не маюць вышэйшай адукацыі, якія праходзяць тэрміновую вайсковую службу, - 18 месяцаў;

для вайскоўцаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, якія праходзяць тэрміновую вайсковую службу, - 12 месяцаў;

для вайскоўцаў, якія прайшлі навучанне на вайсковых кафедрах ці факультэтах па праграмах падрыхтоўкі малодшых камандзіраў, якія здалі устаноўленыя праграмамі падрыхтоўкі экзамены і якія праходзяць тэрміновую вайсковую службу - 6 месяцаў;

для вайскоўцаў, якія праходзяць вайсковую службу афiцэраў па прызыву - 12 месяцаў.

Закон прадугледжвае яшчэ адзін від службы для асоб, якія падлягаюць прызыву на тэрміновую вайсковую службу, - служба ў рэзерве.

Гэты від службы заключаецца ў абавязковым выкананні грамадзянамi, якiя падлягаюць прызыву на тэрміновую вайсковую службу, вайсковым абавязку шляхам праходжання службы ў воінскіх часцях, іншых арганізацыях Узброеных сіл ці транспартных войскаў Рэспублікі Беларусь на занятках і вучэбных зборах у мэтах атрымання вайскова-ўліковай спецыяльнасці без спынення працоўнай дзейнасці . На такі від вайсковай службы прызываюцца грамадзяне ў выпадку адсутнасці патрэбнасці Узброеных сіл, іншых воінскіх фармаванняў Рэспублікі Беларусь у вайсковаслужачых тэрміновай вайсковайслужбы ў парадку, устаноўленым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Тэрмін такога віду службы, згодна з артыкуламі 62, 63 Закона, складае ад 300 да 850 навучальных гадзін (у залежнасці ад вайсковай спецыяльнасці) для першага навучальнага года і да 250 навучальных гадзін у другой і трэці навучальныя гады. Для асоб, якія не маюць вышэйшай адукацыі, тэрмін праходжання службы ў рэзерве складае тры навучальных года, для асоб, якія маюць вышэйшую адукацыю, - два навучальных года, а для асоб, якія прайшлі навучанне на вайсковых кафедрах ВНУ, - адзін навучальны год. Папросту кажучы, служба ў рэзерве заключаецца ў праходжанні вайсковых збораў цягам кароткага перыяду часу (блізу месяца) цягам кожнага навучальнага года. Увесь астатні час рэзервіст знаходзіцца па месцы жыхарства, працуе на сваёй працы.

Калі параўноўваць тэрміны тэрміновай вайсковай службы з прапанаванымі тэрмінамі альтэрнатыўнай службы, то ўбачым, што апошнія два разы перавышаюць тэрміны вайсковай службы. Пры гэтым удвая большы тэрмін альтэрнатыўнай воінскай службы ніяк не абгрунтоўваецца дзяржавай у гэтым законапраекце. Артыкул 26 Пакта не забараняе ўсе адрозненні ў звароце. Разам з тым, як гэта неаднаразова заяўлялася Камітэтам правоў чалавека ААН, у аснове любога дыферэнцыраванага падыходу павінны ляжаць абгрунтаваныя і аб'ектыўныя крытэры. У гэтым выпадку, падобна, што адзіным крытэрыем для большай працягласці альтэрнатыўнай службы ў параўнанні з іншымі відамі вайсковай службы з'яўляецца выключна неабходнасць праверкі шчырасці такіх перакананняў. Інакш як растлумачыць, чаму асоба, якая адмовілася ад праходжання вайсковай службы па матывах сумлення, будзе знаходзіцца ў значна больш нявыгадных і горшых умовах, напрыклад, у параўнанні з асобамі, якія не маюць такіх перакананняў і залічаны для праходжання службы ў рэзерве? У адрозненне ад іх, асобы, якія будуць праходзіць альтэрнатыўную службу, будуць праходзіць яе па-за месцам жыхарства, не будуць атрымліваць свой звычайны заробак па месцы працы, а будуць атрымліваць ўтрыманне ў вызначаным пастановай Савета міністраў памеры.

Паводле сэнсу артыкула 8 Пакта, дзяржавы-ўдзельніцы могуць патрабаваць праходжання службы вайсковага характару, а ў выпадку адмовы ад такой службы па меркаваннях сумлення - альтэрнатыўнай нацыянальнай службы, пры ўмове, што такая служба не носіць дыскрымінацыйнага характару.

Як мне здаецца, павелічэнне ўдвая тэрміну альтэрнатыўнай воінскай службы ў параўнанні з тэрмінамі тэрміновай вайсковай службы, а таксама значнае перавышэнне у параўнанні з тэрмінамі службы ў рэзерве з'яўляецца дыскрымінацыяй асоб, якія будуць заяўляць пра замену вайсковай службы на альтэрнатыўную на падставе сваіх поглядаў і перакананняў. Гэта з'яўляецца парушэннем артыкула 26 Пакту. Трэба адзначыць, што да такой жа высновы прыйшоў Камітэт правоў чалавека ААН у справе «Фуэн супраць Францыі (№666/1995)», прызнаўшы, што ўдвая большы тэрмін альтэрнатыўнай службы ў параўнанні з вайсковай службай з'яўляецца дыскрымінацыяй паводле прыкметах перакананняў і парушэннем дзяржавай-удзельніцай артыкула 26 Пакту.

Тэрмін праходжання альтэрнатыўнай службы не павінен насіць карны характар і тым больш не павінен прыводзіць да змушанай, фактычна гвалтоўнай, адмовы асобы ад сваіх перакананняў.

Фота: charter97.org

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках