29 красавiка 2024, панядзелак, 19:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менгарсуд пакінуў прысуд «СМС-мінёраў» метро без змен

15
Менгарсуд пакінуў прысуд «СМС-мінёраў» метро без змен

28 лістапада Менскі гарадскі суд адхіліў касацыйную скаргу СМС-мінёра менскага метро.

Прысуд, вынесены судом Цэнтральнага раёна сталіцы 30 верасня, пакінуты без змен. Пра гэта паведаміла БелаПАН прэс-сакратар Вярхоўнага суда Беларусі Юлія Ляскава.

Слуханні справы ў судзе першай інстанцыі праходзілі ў закрытым рэжыме, такі ж парадак быў і падчас разгляду касацыі.

Абвінавачваны - 34-гадовы жыхар Менскай вобласці Канстанцін Сіманаў, які адправіў з мабільнага тэлефона паведамленне аб наяўнасці ў яго выбуховага прыстасавання і намеры падарваць яго ў метрапалітэне. Судом Цэнтральнага раёна ён прызнаны вінаватым ва ўсіх інкрымінаваных яму складах злачынстваў і прысуджаны да дзевяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Адпраўленае 26 лютым СМС утрымлівала наступны тэкст: «У мяне бомба я ў метро дзе падарваць код актывацыі падкажы». На час спецыяльных мерапрыемстваў у праверцы інфармацыі работа метро перарывалася на некалькі гадзін, а ў графік работы гарадскога пасажырскага транспарту ўносіліся істотныя змены. Факт існавання выбуховага прыстасавання, якое магло б пагражаць жыццю і здароўю людзей, не пацвердзіўся. Падазроны быў затрыманы ў выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў.

Дзеянні затрыманага следчымі былі кваліфікаваныя як злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 340 КК (заведама ілжывае паведамленне аб падрыхтоўцы выбуху, які стварае небяспеку для жыцця і здароўя людзей, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры і іншыя цяжкія наступствы ў выглядзе працяглага парушэння работы грамадскага транспарту). Прычыненая злачынствам шкода ацэньваецца больш чым у 90 млн. рублёў.

Падчас расследавання, паводле інфармацыі следства, былі атрыманыя звесткі аб учыненні абвінавачваным іншых крымінальна каральных дзей: згвалтавання заведама непаўналетняй, ажыццяўлення іншых дзеянняў сексуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту, дэманстрацыі заведама непаўнагадоваму відэафільмаў парнаграфічнага зместу.

На думку экспертаў, абвінавачваны мае псіхічныя адхіленні ад нормы. Устаноўленыя таксама факты злоўжывання ім алкагольнымі напоямі. З прычыны гэтых абставін усе следчыя дзеянні з абвінавачаным праводзіліся толькі ў прысутнасці абаронцы. Разам з тым ён прызнаны здольным усведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку учыненых дзеянняў, а таксама ў поўнай меры ўсведамляць іх значэнне і кіраваць імі.

Аўтару СМС былі прад'яўленыя абвінавачванні ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 166, арт. 168, ч. 2 арт. 343 і ч. 2 арт. 340 Крымінальнага кодэкса. Ён знаходзіўся пад вартай, на ягоную маёмасць накладзены арышт.

Суд пастанавіў спагнаць з абвінавачанага на карысць ГУУС Менгарвыканкама 135,6 млн. рублёў, на карысць ГП «Менсктранс» - 49,9 млн. рублёў.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках