29 красавiка 2024, панядзелак, 19:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Замежнікі затрымліваюцца ў Беларусі ўсяго на чатыры дні

13
Замежнікі затрымліваюцца ў Беларусі ўсяго на чатыры дні

Сярэдні тэрмін знаходжання замежніка ў Беларусі сягоння складае чатыры дні.

Што спрабуюць зрабіць улады, каб даўжэй і на добраахвотнай аснове затрымаць гасцей з-за мяжы? Адзін з варыянтаў - развіццё караванінга, піша «Інтэрфакс».

Тут вам не Егіпет

Паводле слоў дырэктара дэпартамента турызма Міністэрства спорту і турызму РБ Вадзіма Кармазіна, Беларусь можна лічыць краінай спантанага турызму. Калі гаварыць зразумелай мовай, то адпачынак у Сінявокай плануецца не за паўгода і больш, а спантанна.

- Замежныя турысты адпачываюць у Беларусі ў сярэднім па чатыры дні, - кажа спецыяліст. - Умоўна кажучы, чалавек можа прыехаць на выходныя. Гаворкі аб раннім браніраванні, як, напрыклад, пры планаванні адпачынку ў Егіпце або Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, не ідзе. Пуцёўка за паўгода не купляецца.

Кіраўнік дэпартамента лічыць, што гэтую асаблівасць можна і трэба выкарыстоўваць пры распрацоўцы праграм развіцця ўязнога турызму. У прыватнасці, пры развіцці ў рэспубліцы караванінга - аўтамабільнага турызму з пражываннем у аўтадамах або аўтапрычэпах.

Мінімум на бліжэйшы год - 38 новых аб'ектаў

У цяперашні час у Беларусі функцыянуе 21 стаянка для кемпераў. Па рэгіёнах гэтыя пляцоўкі размеркаваліся наступным чынам:

Віцебская вобласць - 8;

Гомельская вобласць - 4;

Менская вобласць - 4;

Берасцейская вобласць - 3;

Менск - 2.

Калі разлічваць, што ўся гэтая гаспадарка будзе працаваць выключна для беларусаў, то падобныя аб'екты можна пакуль і не развіваць: усё роўна ў рэспубліцы зарэгістравана ўсяго каля 2000 прычэпаў-лецішчаў. А вось з разлікам на замежнікаў падобную інфраструктуру памнажаць варта.

- Да 2016 года плануецца стварыць у рэгіёнах 38 пляцовак, - кажа Валім Кармазін. - Гэта той мінімум, які мяркуецца планам мерапрыемстваў у развіцці кемпінгаў і караванінга. Магчыма, падобных пляцовак будзе і больш, мы гэтаму будзем толькі радыя. З'яўленне новых аб'ектаў залежыць і ад намеру дзелавых колаў, і ад жадання інвестараў, і ад уменняў мясцовай улады.

Новыя пляцоўкі з'явяцца ў людных месцах

Стаянкі для кемпераў і развіццё караванінга ў Беларусі ў бліжэйшай перспектыве плануецца ў першую чаргу ўздоўж асноўных транспартных калідораў, а таксама паблізу водных аб'ектаў і месцаў, да якіх турысты праяўляюць павышаную цікавасць.

У прыватнасці, запланаванае з'яўленне стаянак недалёка ад Менска, Берасця, Гародні, Гомеля, Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Міра, Полацка, побач з межамі нацыянальных паркаў.

У Менспорту разлічваюць на актыўнае ўзаемадзеянне з рознымі грамадскімі аб'яднаннямі. У першую чаргу - з зарэгістраванымі ў Беларусі РГА «Беларускі клуб караванераў і аўтатурыстаў», РГА «Беларускія караванеры» і ГА «Саюз кемпінгаў».

У перспектыве Беларусь плануе ўвайсці ў міжнародныя асацыяцыі кемпінгаў і караванераў і прымаць удзел у міжнародных форумах, прысвечаных гэтаму віду турызму.

- Пакуль Беларусь не прадстаўленая ў еўрапейскіх каталогах для аўтатурыстаў, - наракае Вадзім Кармазін. – Але ж Еўропа - наш патэнцыйны рынак, але мы яго не выкарыстоўваем.

***

Караванінг караванінгам, але куды больш замежных гасцей прыцягнулі б у Беларусь танныя візы і далейшае спрашчэнне працэдуры іх атрымання. Паводле слоў Вадзіма Кармазіна, Менспорту раней накіроўвала прапановы аб лібералізацыі візавага рэжыму ў Саўмін і МЗС. Акрамя таго, у цяперашні час вядуцца перамовы аб спрашчэнні візавых працэдур з Еўразвзязам.

- Тым не менш, замежнікаў ад наведвання Беларусі адштурхвае не столькі кошт, колькі працэдура афармлення візы, - мяркуе дырэктар дэпартамента турызму.

Фота: Reuters

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках