29 красавiка 2024, панядзелак, 15:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пётр Святальскі: Беларусь не выконвае патрабаванняў для ўваходжання ў Раду Еўропы

2
Пётр Святальскі: Беларусь не выконвае патрабаванняў для ўваходжання ў Раду Еўропы

Ніхто не будзе ствараць для Менска ільготных умоў для ўваходжання ў Раду Еўропы.

Пра гэта заявіў дырэктар стратэгічнага планавання РЕ, пасол Пётр Святальскі 4 лістапада на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Страсбургу, піша БелаПАН.

«У беларускага кіраўніцтва пакуль няма палітычнай волі выканаць патрабаванні, звязаныя з сяброўствам у Радзе Еўропы, але ільготных умоў для Беларусі ніхто ствараць не збіраецца. Яна будзе разглядацца як і ўсе астатнія краіны», - сказаў еўрадыпламат.

Ён адзначыў, што са снежня 2010 года няма ніякага пазітыўнага развіцця супрацоўніцтва Беларусі і РЕ, пры гэтым падкрэсліў, што сяброўства ў арганізацыі «карыснае для дзяржавы».

«Не думаю, што для аблічча дзяржавы добра быць адзінай краінай у Еўропе, якая не знаходзiцца ў Радзе. Гэта дрэнна адбіваецца на іміджы, - упэўнены Святальскі. - Але вам трэба самім больш актыўна дзейнічаць у плане развіцця супрацоўніцтва з РЕ. У Рады Еўропы шмат іншых праблем. Праца з краінамі - не сябрамі вядзецца, але яна далёка не на першым месцы ў парадку дня».

Палітык адзначыў, што ўсе краіны – сябры РЕ разумеюць, што знаходзяцца ў адзінай еўрапейскай сям'і, паведамляе БелаПАН.

«Вядома, Беларусь мае права на выбар і мае права на пазіцыю «мы не хочам быць з усімі - мы хочам адны стаяць у куце». Але пытанне, у імя якой стратэгічнай мэты выбіраецца самотнае стаянне ў куце? Я гэтага не разумею», - заявіў Святальскі.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што вельмі многія цяпер мяркуюць, што ў Азербайджане, які знаходзіцца ў Радзе Еўропы, палітычных свабодаў значна менш. «Але яны пастанавілі, што хочуць быць сябрамі РЕ, і хоць іх вельмі рэзка крытыкуюць, выходзіць з арганізацыі не збіраюцца. І я не магу зразумець, чаму беларускія ўлады мяркуюць, што лепш не быць у Радзе Еўропы», - сказаў пасол.

Ён адзначыў, што ў беларускім грамадстве ніколі не было адкрытага абмеркавання выгод і страт ад паўнавартаснага сяброўства ў РЕ. Прадстаўнік арганізацыі мяркуе, што дзяржава ўстрымліваецца ад ўступлення ў Раду Еўропы праз боязь вялікай колькасці спраў у Еўрапейскім судзе ў правах чалавека.

Аднак, падкрэсліў ён, ва ўсіх краін пры ўступленні ў Раду Еўропы ў першыя 10 гадоў назіраўся вялікі рост колькасці зваротаў у ЕСПЧ, але потым іх станавілася менш.

«Мяркую, што большасць беларусаў былі б «за» далучэнне да Рады Еўропы. З усіх міжнародных інстытутаў менавіта ён, з пункту гледжання простага чалавека, - самая карысная арганізацыя, так як праз свае канвенцыі сочыць за выкананнем правоў чалавека ў краінах-сябрах», - сказаў Святальскі.

Ён нагадаў, што цяпер у стасунках паміж Беларуссю і Радай Еўропы стаяць дзве асноўныя праблемы: прымяненне смяротнага пакарання і наяўнасць палітвязняў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках