27 красавiка 2024, Субота, 21:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Ханжанкоў: Асноўная частка лагера ніяк не святкавала 7 лістапада, а адзначала яго адміністрацыя

9
Сяргей Ханжанкоў: Асноўная частка лагера ніяк не святкавала 7 лістапада, а адзначала яго адміністрацыя

Якія святы адзначалі савецкія палітвязні, і чаму ў Беларусі дагэтуль п'юць за Кастрычніцкую рэвалюцыю, распавядае дысідэнт, які дзесяць гадоў правёў у лагерах Мардовіі.

«Кастрычнік! Навекі зрынулі ўладу буржуяў і дваран. Так у кастрычніку мара спраўдзілася рабочых і сялян», - апяваў знамянальную дату Сяргей Міхалкоў, сын якога цяпер крытыкуе за антыімперскія погляды «жыда» Макарэвіча і валодае раскошным маёнткам са слугамі, паляўнічымі ўгоддзямі, лясамі, стайняй і лазняй на пантонах (прама на возеры).

Аматары канікул расейцы лістападаўскія святы ўжо адгулялі, пачаўшы Днём судовага прыстава РФ, 1 лістапада, а скончыўшы Днём народнага адзінства, 4 лістапада. Апошні запоўніў вакуум ад спачылага 7 лістапада - Дзярждума зацвердзіла адпаведны закон у 2004 годзе. Што ж хаваецца за «народным адзінствам»? Міжрэлігійны савет Расеі, памеркаваўшы, прыляпіў туды падзеі 1612.

Беларусы ж па інэрцыі святкуюць поспех бальшавікоў і ў XXI стагоддзі.

Пра тое, чаму для Беларусі 7 лістапада дагэтуль свята, і навошта ўлады краіны чапляюцца за Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 года, карэспандэнт «ЕўраБеларусі» пагутарыла з дысідэнтам Сяргеем Ханжанковым, які дзесяць гадоў правёў у мардоўскіх лагерах і ніколі не адзначаў гэтае свята.

«Успамінаецца лёс Сяргея Ханжанкова, які адседзеў да 1973 году 7 гадоў за спробу - ці нават намер - падарваць глушыцель ў Менску. А бо, зыходзячы з агульначалавечых клопатаў, нельга зразумець гэтага злачынцу інакш як змагара за ўсеагульны мір», - казаў пра гэтага чалавека Аляксандр Салжаніцын у інтэрв'ю Associated Press. Ён памыліўся толькі ў тэрмінах - Ханжанкоў адседзеў роўна дзесяць гадоў.

- Сяргей Мікалаевіч, чаму, на вашу думку, у Беларусі дагэтуль афіцыйна святкуецца 7 лістапада? Навошта ўлады Беларусі чапляюцца за савецкія традыцыі і Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 году?

- Гаворка ідзе не толькі пра гэтае святкаванне. Мы ж засталіся самай савецкай рэспублікай з усяго Савецкага Саюза. Справа ў тым, што ў Беларусі вельмі складаная гісторыя - тут было шмат войнаў, праз яе пастаянна хтосьці кудысьці ішоў, і беларусы прывыклі да таго, што называецца «абыякавасць». Галоўнае, выжыць, галоўнае, перачакаць! Пройдзе - і добра!

Уласна кажучы, беларусы ж не ўдзельнічалі ў контррэвалюцыі сапраўднай. Ну, не лічачы Булак-Балаховіча. А падчас вайны былі партызаны, але і вельмі шмат у паліцыі было людзей. Гэта значыць, няма такога ўстойлівага трэнду да незалежнасці, да пабудовы свайго дэмакратычнага грамадства. Мне так здаецца.

Адсюль і постсавецкі сіндром, і пры савецкай улады было «добра жыць у калгасе». Няма патрэбы самім нешта рабіць. Што зверху кажуць, то і добра. Адсюль і такая пазіцыя ў дачыненні да Лукашэнкі - «усё добра, абы вайны не было».

- Справа нават не ў навязванні ўладамі гэтага свята, а ў самім беларускім грамадстве?

- Так.

- Чаму айчынныя ідэолагі не турбуюць сябе вынаходствам новай назвы даты па прыкладзе Расеі? Там «чырвоны дзень календара» перайменавалі ў Дзень народнага адзінства, а саму дату адсунулі на 4 лістапада?

- Калі параўноўваць з Расеяй, то там - Пуцін і неаімперыялізм, ідэя «рускага свету», у якую ўсё ўпісваецца. Вы ж бачылі, як яны святкавалі цяпер выбары ў самаабвешчаных рэспубліках на ўсходзе Украіны? Ужо і «Наваросію» туды прыплюсавалі, і Крым - маўляў, вось, «Расея ўстае з каленяў».

У Беларусі няма патрэбы скасавання святкавання 7 лістапада. Яе кіраўніцтва займаецца самазабеспячэннем, як і Януковіч на Украіне гэта рабіў. Пануе, і добра. Не зусім савецкі - ужо праваслаўны атэіст ён у нас, хоць рэлігія яго не цікавіць зусім, ён не таго ўзроўню чалавек. А ўсё - як ён, бо ў нас аўтарытарызм, усе дыктуецца з самага верху, адзін чалавек усё пастанаўляе.

- А якое ваша меркаванне з нагоды наватвораў на целе Украіны - ЛНР і ДНР, раз ужо зайшла гаворка пра гэта?

- Гэта спроба Расеі адрадзіць Савецкі Саюз. Але ў СССР была камуністычная ідэалогія. Яна была ілжывая, але яна была! Таму Савецкі Саюз рабіў значныя поспехі ў сваім развіцці, як-ніяк на другое месца ў свеце выйшаў, усім пагражаў. А цяпер гэта проста не атрымаецца. Гэта пуцінскія трызненні.

Пуцін наогул абвясціў «Наваросію» - ад Харкава да Адэсы. І што гэта ўсё павінна адысці яму. Не атрымалася. Так ён хоць за гэта кавалачак зачапіўся, каб ва Украіне была пастаянная напружанасць. Пакуль ягоная мэта такая, па-мойму. Але рэалізаваць план не атрымалася і не атрымаецца. І вялікую ролю ў гэтым адыгрывае сусветная супольнасць.

Ён думаў, што яму ўсё сыдзе з рук, а нічога не сыходзіць! Санкцыі і іншыя меры яшчэ адаб'юцца, будзе вельмі дрэнна.

- Вернемся ў Савецкі Саюз. Як праводзілі свята 7 лістапада ў мардоўскіх лагерах? Якія паказальныя канцэрты турэмнай самадзейнасці задавальнялі начальства?

- Ведаеце, наш лагер быў спецыяльны, палітычны. Ён выразна дзяліўся на дзве часткі. Людзей, якія сталі на так званы шлях выпраўлення - для іх стваралі ўсякія актывы, парады калектыву, - было меншасць. А большасць іх проста пагарджала за гэта.

Так вось сярод гэтых людзей, што былі ў меншасці, праводзіліся канцэрты лагернай самадзейнасці, але асноўная частка проста ігнаравала гэтыя мерапрыемствы. У адкрытую, не хаваючы гэтага - ужо былі хрушчоўскія часы.

Таму і асноўная частка лагера ніяк не святкавала 7 лістапада. Лаяліся ўсё толькі з гэтай нагоды. А адзначала яго ўся лагерная адміністрацыя, лагерны актыў - тыя, хто насіў павязкі.

Мы ж цалкам не адзначалі савецкія святы - ні гэты, ні 1 траўня, ні іншыя. Адзначалі свае святы, нацыянальныя. Там жа былі прадстаўлены ўсе народы Савецкага Саюза. Мардоўскія лагера - гэта цэлы комплекс, два дзесяткі лагераў, але адно кіраванне.

Дык вось украінцы адзначалі свае святы, літоўцы - свае, беларусы - свае.

Былі святы не толькі нацыянальныя, але і ідэалагічныя. Я, напрыклад, заўсёды адзначаў Дзень незалежнасці ЗША. Клікаў сяброў, заварвалі гарбату, ставілі амерыканскі сцяжок. Вось такое было свята...

Сяргей Мікалаевіч Ханжанкоў нарадзіўся ў лагерным пасёлку Усць-Качыны Магаданскай вобласці ў 1942 годзе. Яго дзед і бацька былі рэпрэсаваныя.

Дзед, сельскі настаўнік і эсэр Сяргей Нікіціч Громаў, у 1929-м быў сасланы ў ГУЛАГ на Салаўкі, адкуль вярнуўся, але ў 1937-м яго зноў забралі. Бацька, Мікалай Іванавіч Ханжанкоў, быў арыштаваны на трэцім курсе Маскоўскага інстытута інжынераў транспарту ў 1935-м, трапіўшы ў «Кіраўскі паток», і адпраўлены на Калыму.

У 1955 году сям'я Ханжанковых пераехала ў Менск. Пасля школы Сяргей паступіў на гідратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута.

Арыштаваны вясной 1963 г. ў Менску. Асуджаны на 10 гадоў лагераў паводле арт. 69, 65 і 67, ч.1 КК БССР за антысавецкую дзейнасць, стварэнне антысавецкай арганізацыі і дыверсію - падрыхтоўку выбуху глушыцеля адной з менскіх радыёстанцый. Пакаранне адбываў у Дуброўным - канцлагеры МУС Мардоўскай АССР. У 1973 годзе ён вярнуўся ў Менск. Працаваў інжынерам у Белгіпрадар і на заводзе імя Кірава. У 1990-х - супрацоўнік таварыства «Мемарыял».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках