28 красавiка 2024, Нядзеля, 4:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У менскі аэрапорт будзе хадзіць цягнік

10
У менскі аэрапорт будзе хадзіць цягнік

У Менску адбылася цырымонія адкрыцця пасажырскіх чыгуначных злучэнняў Менск-Пасажырскі - Нацыянальны аэрапорт Менск.

У цырымоніі бралі ўдзел міністр транспарту і камунікацый Беларусі Анатоль Сівак, начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў і іншыя афіцыйныя асобы, паведамляе БелТА.

«Гэты праект мае вялікую будучыню, у яго добрыя перспектывы. Ён вельмі важны для пасажыраў, не толькі для менчукоў, а для ўсіх жыхароў рэспублікі», - адзначыў Анатоль Сівак.

У сваю чаргу Уладзімір Марозаў канстатаваў, што ўпершыню з любога населенага пункта Беларусі, у якім ёсць чыгунка, можна дабрацца да Нацыянальнага аэрапорта цягніком. «Нашы пасажыры могуць скарыстацца гэтай паслугай, разлічыць свой шлях, зрабіць паездку ў камфортных і бяспечных умовах і, галоўнае, своечасова», - падкрэсліў начальнік БЧ.

Рух пасажырскіх цягнікоў маршрутам «Станцыя Менск-Пасажырскі - Пункт прыпынку «Нацыянальны аэрапорт Менск» адкрыўся сёння ў тэставым рэжыме. Сучасны трохвагонны дызель-цягнік зрабіў у аэрапорт два рэйсы. Праезд ад прыпыначнага пункта «Нацыянальны аэрапорт Менск» непасрэдна да аэрапорта вядзецца на аўтобусе. Агульны час шляху з улікам перасадкі займае блізу 70 хвілін, з іх 55-56 хвілін прыпадае на праезд ў чыгунцы. З 8 лістапада новым маршрутам будуць штодня курсаваць 5 пар такіх цягнікоў. Прадугледжаны адзін прыпынак у Смалявічах.

Квіткі на цягнікі, наступныя ад станцыі Менск-Пасажырскі да прыпыначнага пункта «Нацыянальны аэрапорт Менск» можна набыць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ў пунктах афармлення праязных дакументаў БЧ, уключаючы плацежна-даведачныя тэрміналы самаабслугоўвання. Два такіх тэрміналы былі ўсталяваныя на другой платформе станцыі Менск-Пасажырскі, з якой штодня будуць адпраўляцца цягнікі ў аэрапорт.

Праязныя дакументы ў аэрапорт можна купіць за 10 дзён да адпраўлення цягніка. Акрамя таго, у дзень адпраўлення набыць квіток магчыма ў цягніку ля білетных касіраў або праз аплатныя тэрміналы самаабслугоўвання, устаноўленыя ў аэрапорце.

Кошт адной паездкі да аэрапорта ад станцыі Менск-Пасажырскі складзе Br25 тыс., ад станцыі Смалявічы - Br14 600.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках