10 траўня 2024, Пятніца, 20:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У менскім карпункце рупара Крамля будуць працаваць 20 чалавек

10
У менскім карпункце рупара Крамля будуць працаваць 20 чалавек

Узначаліць карпункт агенцтва « Россия сегодня» ў Беларусі Андрэй Качура.

Пра гэта паведамілі БелаПАН у прэс-службе крамлёўскага агенцтва.

Новы праект будзе ўяўляць з сябе мультымедыйны хаб, у якім будзе працаваць больш за 20 чалавек. Яго ўзначаліць Андрэй Качура. Раней ён працаваў менскім карэспандэнтам радыёстанцыі « Вести FM», кіраваў карэспандэнцкім пунктам Усерасійскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі (ВГТРК) у Беларусі, які быў закрыты ўладамі ў 2004 годзе, паводле афіцыйнай версіі, за парушэнні беларускага заканадаўства і працу без рэгістрацыі.

У ВГТРК Андрэй Качура прыйшоў з прэс-групы УКДБ Беларусі ў Менску і Менскай вобласці.

На першапачатковым этапе існавання новага праекта ў Беларусі будзе працаваць сайт, які будзе называцца Sputnik-Беларусь.

«Пакуль запускаем рэсурс на рускай мове, у 2015 годзе будзем працаваць і на беларускай. Нашая аўдыторыя - гэта людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, нашая мэта - інфармаваць яе пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі і свеце. Мы будзем распавядаць пра ўсё, што адбываецца ў краіне, палітыцы, культуры, грамадстве, спорце», - паведамілі ў прэс-службе.

Карэспандэнцкі пункт у Беларусі будзе фінансавацца за кошт сродкаў МІА «Россия сегодня».

Агенцтва « Россия сегодня» было створанае 9 снежня 2013 года. У гэты дзень прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ, згодна з якім расейскае інфармацыйнае агенцтва (РІА) «Новости» было ліквідаванае, а правы заснавальніка і маёмасныя правы былі перададзеныя міжнароднаму інфармацыйнаму агенцтву « Россия сегодня ». Генеральным дырэктарам новай структуры быў прызначаны Дзмітрый Кісялёў.

Гэты расейскі журналіст вядомы шэрагам адыёзных рэпартажаў, у тым ліку пра апошнія падзеі ва Украіне.

Брытанская газета The Guardian ахарактарызавала Дзмітрыя Кісялёва як «кансерватыўнага вядучага навін» і «лаяльнага прыхільніка Пуціна, які час ад часу выступае з правакацыйнымі заявамі». У тэксце артыкула «Пуцін прызначыў тэлевядучага-гамафоба кіраўніком дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва» таксама сцвярджалася, што «Кісялёва часта абвінавачваюць у тым, што ён з'яўляецца рупарам прапаганды, і што ён атрымаў вядомасць за свае «адкрытыя антыгейскія, антыамерыканскія і антыапазіцыйныя погляды».

На думку брытанскага часопіса The Economist, у перадачах Кісялёва прымяняецца прынцып «дзвюх хвілінак нянавісці».

«Новы стыль прапаганды, прадстаўлены ў асобе Кісялёва, накіраваны на ўзбуджэнне і мабілізацыю аўдыторыі, распальванне нянавісці і страху. Гэты стыль нагадвае оруэлаўскія дзвюххвілінкі нянавісці працягласцю ў паўгадзіны», - гаворыцца ў адным з артыкулаў часопіса.

У пачатку лістапада гэтага года Дзмітрый Кісялёў прэзентаваў новы мультымедыйны брэнд Sputnik. Паводле слоў расейскага журналіста, рэдакцыі новага праекта будуць весці свае сайты і вяшчаць са сваіх студый на мясцовых частотах у дзясятках сталіц.

Sputnik будзе працаваць на 30 мовах. Штат кожнага мультымедыйнага цэнтра складае ад 30 да 100 чалавек.

«Кантэнт Sputnik'а разлічаны на тую частку шматмільярднай аўдыторыі, якая стамілася ад дакучлівай прапаганды аднапалярнага свету і мае патрэбу ў альтэрнатыўным пункту гледжання», - распавёў на прэзентацыі праекта Sputnik Дзмітрый Кісялёў.

«Ёсць краіны, якія навязваюць сваю волю як Захаду, так і Усходу. Усюды, куды б яны ні ўмешваліся, льецца кроў, разгараюцца грамадзянскія вайны, каляровыя рэвалюцыі і нават краіны распадаюцца. Ірак, Лівія, Грузія, Украіна, Сірыя... Многія ўжо разумеюць, што неабавязкова ва ўсім гэтым асіставаць амерыканцам. Расея прапануе мадэль свету на карысць чалавецтва. Мы за шматколерны, шматукладны свет, і ў гэтым у нас мноства саюзнікаў, таму нашая медыягрупа і запускае новы глабальны брэнд Sputnik», - патлумачыў падчас старту новага праекта Дзмітрый Кісялёў.

Фота: РІА «Навіны»

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках