2 траўня 2024, Чацвер, 11:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Gazeta Wyborcza: Лукашэнка ўзяўся за інтэрнэт

16
Gazeta Wyborcza: Лукашэнка ўзяўся за інтэрнэт

Беларускаму рэжыму ўжо недастаткова кантролю над традыцыйнымі СМІ.

49-гадовы рабочы заводу «Белшына» з Бабруйска Алег Жалноў на працягу некалькіх гадоў вядзе блог і мае канал на сайце YouTube. Ён спецыялізуецца на выкрыцці парушэнняў, якія здзяйсняюцца прадстаўнікамі ўлады. Блогер трапіў у канфлікт з міліцыяй, калі 4 верасня 2013 года зняў, як маёр міліцыі прыпаркаваў аўтамабіль на тратуары, піша Gazeta Wyborcza (пераклад - charter97.org).

Калі ён паспрабаваў паведаміць аб здзяйсненні правапарушэння, яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі. Пазней у яго кватэры прайшоў ператрус, у яго канфіскавалі кампутар, мадэм і тэлефон.

У панядзелак стала вядома, што ў дачыненні да Жалнова распачатая справа за «абразу прадстаўніка ўлады». Яму пагражае штраф ці нават тры гады папраўчых работ.

«У 2012-2013 гадах на сайце «Блог Алега Жалнова», а таксама на іншых было распаўсюджана мноства матэрыялаў, якія абражаюць супрацоўнікаў міліцыі», - сцвярджае МУС.

Аб узбуджэнні справы блогер даведаўся з інтэрнэту і пакуль што не ведае, якія канкрэтна яго тэксты і ролікі былі палічаныя паклёпніцкімі.

- Думаю, сутнасць гэтай справы ў тым, каб я перастаў пісаць, - кажа ён.

У 200-тысячным Бабруйску канфлікт блогера і міліцыі шырока вядомы. Ролікі Жалнова маюць каля 100 тысяч праглядаў. Аднак стаўленне жыхароў да яго дзейнасці неадназначнае.

- Некаторыя яму сімпатызуюць, таму што самі сутыкаліся з бязмежжам чыноўнікаў і міліцыянтаў. Большасць лічыць, што ён проста шукае прыгод. У правінцыі ніхто не верыць, што чалавек, якія размяшчае ролікі ў інтэрнэце, можа выйграць у канфлікце з уладай, - лічыць Анатоль Санаценка, галоўны рэдактар незалежнай газеты «Бобруйский курьер».

Жалноў ужо трэці чалавек, якога пераследуюць за «абразу міліцыянтаў у інтэрнэце». У жніўні 5 мільёнаў рублёў штрафу атрымаў супрацоўнік аднаго з менскіх тэатраў, які на інтэрнэт-форуме крытычна выказаўся аб форме і паводзінах міліцыянтаў у грамадскім месцы. У верасні такі ж штраф атрымаў жыхар Гродна, які пасля няздачаю яго сяброўкай іспыту па ваджэнню размясціў у інтэрнэце негатыўны каментар пра супрацоўнікаў ДАІ.

- Сёння ўладзе ўжо недастаткова кантролю над традыцыйнымі СМІ, яна хоча пашырыць яго таксама на інтэрнэт, таму такіх спраў становіцца больш, - кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец.

Па дадзеных апошніх даследаванняў, каля 50% беларусаў рэгулярна карыстаюцца інтэрнэтам, а інтэрнэт-медыя, блогі і сацыяльныя сеткі сталі сур'ёзнай альтэрнатывай для традыцыйных СМІ.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках