4 траўня 2024, Субота, 16:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Салігорскае прадпрыемства ЖКГ звальняе 467 чалавек?

36
Салігорскае прадпрыемства ЖКГ звальняе 467 чалавек?

Мясцовыя ўлады вырашылі аптымізаваць структуру і колькасць работнікаў ЖКГ «Комплекс».

Аптымізацыя прадугледжвае скарачэнне колькасці работнікаў гэтай камунальнай гаспадаркі на 20 адсоткаў. Скарачаць запланавалі прапарцыйна па ўсіх падраздзяленнях прадпрыемства. Аптымізацыя павінна завяршыцца да 1 сакавіка. Такую інфармацыю давялі да жыхароў афіцыйныя салігорскія СМІ.

Салігорскае ЖКГ «Комплекс» - гэта 10 ЖЭСаў (домакіраўніцтваў), падраздзяленні цеплавых сетак, участкі па рамонце абсталявання і сантэхнічных сістэм, рамонтна-будаўнічая, дрэваапрацоўчая, кацельная гаспадарка. Г.зн. усё тое, што падтрымлівае неабходнае жыццезабеспячэнне жылога і нежылога фонду, забяспечвае своечасовы рамонт цеплатрас, добраўпарадкаванне і ўборку двароў, сквераў, пешаходных дарожак, піша camarade.biz.

На сустрэчы прадстаўнікоў мясцовай «вертыкалі», кіраўніцтва прадпрыемства з работнікамі ЖЭСа №7, фрагменты якой паказалі па мясцоваму тэлеканалу 17 студзеня, дырэктар ЖКГ «Комплексу» Анатоль Нядвецкі заявіў, што падпадаюць пад скарачэнне 57 ІТР і 410 рабочых.

Усяго на прадпрыемстве лічыцца 1708 работнікаў. 467 чалавек - гэта ўжо скарачэнне нават не 20 адсоткаў кадравага складу, як паведаміў праз сваю газету райвыканкам. Памяншэнне штата, зыходзячы з лічбаў, якія назваў Анатоль Нядвецкі, атрымліваецца запланавана больш чым на 27 адсоткаў.

Давялі таксама гледачам у гэтым сюжэце, што такое скарачэнне - гэта добрая эканомія. Захавае ў год цэлых 6,2 мільярда бюджэтных сродкаў. ЖКГ на сённяшні дзень частку сваіх выдаткаў датуе сродкамі з раённага бюджэту.

«Эканоміць, вядома, трэба, але не за кошт скарачэння рабацяг з ЖКГ, - выказалася з гэтай нагоды жыхарка Салігорска, у мінулым інжынер аднаго з гарадскіх прадпрыемстваў. – Па-мойму, розных кіраўнікоў у нас звыш меры ўжо, і заробкі ў іх далёка не тыя, што ў слесара або дворніка ЖЭСа. У пад'ездах, у дварах нашмат брудней, чым у ранейшыя гады, антысанітарыя. Чула ад нашай прыбіральшчыцы, што ім ужо некалькі месяцаў, як загадалі прыбіраць пад'езды ў два разы радзей. Затое пад'ездаў панапхалі абслугоўваць у два разы больш. Выходзіць, павялічваць колькасць гэтых прыбіральшчыц трэба, а зараз іх, напэўна, яшчэ менш стане. Дажывем, што хутка пацукі па пад'ездах бегаць пачнуць».

Жыхар горада Мікалай Пятровіч, паглядзеўшы згаданы вышэй сюжэт па салігорскім тэлебачанні, прыйшоў у здзіўленне:

«Гэта атрымліваецца што? На працягу многіх гадоў штат ЖКГ быў неймаверна разадзьмуты? Скараціць больш за чатыры сотні рабочых ЖКГ - гэта, ведаеце! Кожны год у горадзе, з аднаго боку, расце жылы фонд, а з другога - немалой часткі дамоў ужо за трыццаць-сорак гадоў - неабходны рамонт дахаў, балконаў, лесвіц, сценаў, труб каналізацыі. Не веру я, што сярод рабочых ЖКГ столькі лішніх людзей. Наадварот, уражанне, што не хапае. У домакіраўніцтве чуў: заявак поўна, зваршчыкі не паспяваюць. І прыбіраюць у пад'ездах ўжо некалькі месяцаў як значна радзей, тратуары нашмат горш зімой пачышчаныя, чым яшчэ два гады таму».

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках