3 траўня 2024, Пятніца, 12:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутат раскрыў падрабязнасці аперацыі зачысткі Майдана

15
Дэпутат раскрыў падрабязнасці аперацыі зачысткі Майдана

Народны дэпутат і генерал міліцыі Генадзій Маскаль назваў вінаватых у забойствах мірных дэманстрантаў.

Прадстаўнік фракцыі «Бацькаўшчына» заявіў, што ў аўторак, а 20:00 былі ўведзеныя ў дзеянне дзве сілавыя аперацыі, мэта якіх - поўная зачыстка Майдана, «Украінскага дома», Дома прафзвязаў і Кастрычніцкага палаца.

«Першую аперацыю пад назвай «Хваля», згодна з нарматыўна-прававымі актамі, можа ўвесці ў дзеянне толькі міністр МУС Віталій Захарчанка. Рыхтавалі і ажыццяўляюць кіраўніцтва «Хваляй» намеснік міністра МУС Віктар Ратушняк, начальнік дэпартамэнта грамадскай бяспекі МУС Аляксандр Крыкун, в.а.начальніка ГУМУС у Кіеве Валерый Мазан і начальнік галоўнай управы - начальнік унутраных войскаў МУС Станіслаў Шуляк», - заявіў Генадзь Маскаль.

Другая аперацыя пад назвай «Бумэранг» выконваецца сіламі Антытэрарыстычнага цэнтра СБУ.

«Распрацоўваюць і кіруюць аперацыяй першы намеснік старшыні СБУ Уладзімір Тоцкі, начальнік управы дэпартамэнта «Т» СБУ Сяргей Паціеўскі, начальнік УСБУ Кіева і Кіеўскай вобласці Аляксандр Шчогалеў, а таксама кіраўнік антытэрарыстычнага цэнтра М. і кіраўнік цэнтра спецыяльных аперацый «Альфа» П. (паводле заканадаўства, прозвішчы апошніх дзвюх службовых асоб засакрэчаныя)», - дадаў дэпутат.

Як адзначыў Генадзь Маскаль, паводле тэорыі і практыкі правядзення гэтых аперацый, іх эфектыўнасць і тэрмін выканання складае не больш за 30 хвілін. Пасля гэтага пачынаецца працяглае супрацьстаянне, якое можа перарасці ў грамадзянскую вайну. Паводле звестак генерала, такія тэрміны пазначаныя ва ўсіх падручніках аб правядзенні спецаперацый, паведамляе прэс-служба дэпутата.

«Магчымасць ужывання «Хвалі» і «Бумэранга» супраць мітынгоўцаў неаднаразова абмяркоўвалася на працягу ўсяго перыяду акцый пратэсту. На адну з нарад у Адміністрацыю прэзідэнта запрасілі вядомага спецыяліста ў антытэрарыстычным аперацыях з Расеі, героя Расейскай Федэрацыі (ёсць дакументальнае пацверджанне, што ён перасякаў мяжу Украіны ў той час). Расеец моцна раскрытыкаваў прапанаваныя МУС і СБУ спецаперацыі, назваў іх аўтараў прафэсійна непрыдатнымі і перасцярог ад ужывання «Хвалі» і «Бумэранга», паказваючы на высокую імавернасць значных ахвяр з абедзвюх старон і непрадказальныя наступствы ў будучыні. Як бачым, гэтыя парады былі прыдатныя, аднак да іх ніхто не прыслухаўся», - заўважыў Генадзій Маскаль.

Ён падкрэсліў, што за тое, што цяпер адбываецца ва Украіне, павінны несці персанальную адказнасць згаданыя службовыя асобы МУС і СБУ.

Нагадаем, 18 лютага ў цэнтры Кіева адбыліся найбольш жорсткія сутыкненні паміж дэманстрантамі і сілавікамі. Яны пачаліся ўчора раніцай адразу пасля адкрыцця пасяджэння Вярхоўнай Рады, на якім разлічвалі развязаць палітычны канфлікт у краіне. Па мітынгоўцах стралялі са шратавікоў, спецвайскоўцы выкарыстоўвалі гранаты, гумовыя кулі і карцеч. Вакол Вярхоўнай Рады актывісты збудавалі новыя барыкады, аднак неўзабаве іх выціснулі з урадавага квартал. Медыкі і дэпутаты паведамілі пра пяць загінулых. Увечары і ўночы, пасля пачатку зачысткі самага Майдана Незалежнасці, колькасць забітых вырасла да 26 чалавек. Некалькі сотняў дэманстрантаў атрымалі раны.

Фота: espreso.tv

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках