26 красавiка 2024, Пятніца, 18:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зварот беларускі да новай Украіны

88
Зварот беларускі да новай Украіны

Не здраджвайце нам.

Я прашу будучых лідараў новай Украіны не здраджваць ідэям свабоды і дэмакратыі, за якія так самааддана, праліваючы кроў, губляючы лепшых сыноў, змагаўся ўкраінскі народ.

Усе гэтыя доўгія чатыры месяцы супрацьстаяння ў Украіне мы, беларусы, падтрымлівалі вас ўсёй душой: стаялі з вамі плячом да пляча на Майдане, уваходзілі ў атрады самаабароны, распаўсюджвалі праўду пра рэвалюцыю ў Беларусі і свеце, гінулі пад кулямі...

Мы захапляемся вашай гераічнай і самаадданай барацьбой, молімся за вас, верым у вашу канчатковую перамогу і вельмі спадзяемся, што вашы лідары, якія прыйдуць да ўлады, не паўтораць памылку 2005 года.

Тады, падчас Аранжавай рэвалюцыі, беларусы таксама падтрымлівалі вашу барацьбу: тысячы з нас стаялі на Майдане. Але пасля прыходу да ўлады Віктар Юшчанка, ад якога чакалі ў адказ салідарнасці з беларускім народам, кінуўся лабіраваць інтарэсы дыктатара Лукашэнкі ў Еўропе.

У абмен за свае паслугі Юшчанка прасіў ратыфікацыі мяжы, спісання савецкага «доўгу», прэферэнцый для ўкраінскіх вытворцаў на беларускім рынку. Але беспрынцыповасць ўкраінскага кіраўніцтва, запраўленая маўчаннем і поўным ігнараваннем з боку ўкраінскага грамадства таго факту, што дэмакратычны лідар знаецца з суседнім дыктатарам, прывяла, у тым ліку, да рэваншу Януковіча ва Украіне.

Таму што беларуская дыктатура, якую сёння фактычна ігнаруюць заходнія палітыкі, як вірус, распаўсюджваецца на ўвесь рэгіён. Беспакаранасць злачынстваў Лукашэнкі, слабыя еўрапейскія санкцыі, што ні на што не ўплываюць, бясконцыя спробы еўрачыноўнікаў дамовіцца з вар'ятам, які пралівае кроў свайго народа, спараджаюць такіх пачвараў як Януковіч.

У гэтыя цяжкія месяцы вы адчулі, наколькі важная міжнародная салідарнасць. Увесь свет даслоўна дыхаў разам з Украінай: не толькі прэзідэнты краін, палітыкі, праваабаронцы, зоркі Галівуду, але простыя людзі не спалі начамі і, затаіўшы дыханне, сачылі за вашай барацьбой.

Мы аплакваем кожнага забітага на шляху да вашай Свабоды. Мы радуемся вашым перамогам ўсім сэрцам.

І я вельмі спадзяюся, што пасля вызвалення Юлія Цімашэнка не паедзе складаць чарговыя «выгадныя» ўгоды з Лукашэнкам. Хоць бы з салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, якіх сёння катуюць у турмах.

Я вельмі спадзяюся, што Віталь Клічко, які так самааддана вёў на Майдане свой самы важны ў жыцці бой, не нахіліцца, каб паціснуць руку беларускаму тырану.

Я вельмі спадзяюся, што Пётр Парашэнка, з якім мы нядаўна сустрэліся ў Вільні, не прамяняе сваю салідарнасць з беларускай апазіцыяй на прыбытак ад продажу цукерак «Рашэн» у дыктатарскай Беларусі.

Я вельмі спадзяюся, што Арсеній Яцанюк ўбачыць перспектыву і выгаду для Украіны ў свабоднай Беларусі.

Я веру, што ўкраінскія лідары не павядуцца на ідэю, якую ўкідваюць сёння некаторыя еўрабюракраты: дапамагчы Лукашэнку, каб адарваць яго ад Пуціна. Усе еўрапейскія грошы сёння ідуць толькі на падтрымку АМАПа, «эскадронаў смерці» і КДБ.

Сёння я гаварыла праз тэлефон з Віталём Портнікавым, і ён сказаў: «Не сумнявайся, падзеі ва Украіне паўплываюць на ўвесь рэгіён. Перамены ў Беларусі абавязкова будуць».

Я таксама ў гэта веру. Як у гэта верыў беларус Міхаіл Жызнеўскі, які загінуў на Еўрамайдане.

Беларусы, якія гатовыя загінуць за Украіну, абавязкова даб'юцца свабоды для сваёй Радзімы. Але не аддавайце нас зноў і не пакідайце нас у адзіноце.

Барацьба доўжыцца.

Слава Украіне! Жыве Беларусь! За нашу і вашу свабоду!

Наталля Радзіна, галоўны рэдактар сайта charter97.org

Напісаць каментар 88

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках