3 траўня 2024, Пятніца, 9:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нестабільныя элементы Беларусі

27
Нестабільныя элементы Беларусі

Ігнараванне праблем Беларусі прывяло да распаўсюджвання віруса дыктатуры на ўсёй постсавецкай прасторы.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў і галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна наведалі Нарвегію. У Осла былыя палітвязні сустрэліся з Дзяржаўным сакратаром Міністэрства замежных спраў Нарвегіі Мортэнам Глад-Педэрсанам і нарвежскімі парламентарамі, сталі ганаровымі гасцямі фестывалю дакументальных фільмаў «Human Rights Human Wrongs», які адкрыўся стужкай Мадэлэйн Саклер «Небяспечныя дзеянні з удзелам нестабільных элементаў Беларусі», і далі інтэрв'ю вядучым нарвежскім СМІ.

«Вельмі важна не забываць пра Беларусь. Нарвежскі народ павінен падтрымліваць беларусаў, якія змагаюцца сёння за свабоду. Мы павінны патрабаваць ад Лукашэнкі неадкладнага вызвалення палітвязняў, спынення рэпрэсій і захавання правоў чалавека. Трэба захоўваць санкцыі супраць яго рэжыму і нават узмацняць іх. Адначасова трэба пакідаць палітыку адчыненых дзвярэй для народа Беларусі, падтрымліваць грамадзянскую супольнасць.

Мы павінны пастаянна памятаць, што Беларусь - гэта частка нашай еўрапейскай сям'і. Зараз там дыктатура. Еўрапейцы, уключаючы нарвежцаў, павінны рабіць усё, каб дыктатар Лукашэнка сышоў. Пакуль ён кіруе, немагчымыя ніякія пазітыўныя змены ў Беларусі», - заявіла адна з арганізатараў візіту беларусаў, прадстаўнік Нарвежскага Хельсінкскага камітэта Бэрыт Ліндэман.

На сустрэчы з Дзяржсакратаром МЗС Нарвегіі Андрэй Саннікаў і Наталля Радзіна казалі пра сітуацыю з палітычнымі вязнямі, а таксама пра неабходнасць выпрацоўкі Захадам стратэгіі ў дачыненні да Беларусі, якая з'яўляецца ключавой краінай рэгіёну.

«Нельга цяпер не бачыць сувязі паміж пратэстамі ў Беларусі ў 2010 годзе і тым, што адбываецца ва Украіне. Гэта пацверджанне адной простай думкі: Еўропе нельга весці перамовы з дыктатарамі ў надзеі змяніць да лепшага сітуацыю ў краінах, дзе яны кіруюць. Сёння ва Украіне адбываюцца вельмі важныя працэсы і абнадзейвае тое, што еўрапейцы паводзяць сябе там не так, як у Беларусі. Адбываюцца пастаянныя кантакты і з уладамі, і з апазіцыяй, і з грамадзянскай супольнасцю, і з алігархамі. Еўропа нарэшце прадметна загаварыла аб важкай фінансавай падтрымцы Украіны ў пераходны перыяд. У гэтай сітуацыі нельга ігнараваць Беларусь. Наадварот, народ Беларусі, грамадзянская супольнасць, апазіцыя патрабуюць большай увагі і ў большай падтрымкі, бо сітуацыя ў нас складаней, чым ва Украіне.

Правал Віленскага саміту не павінен прывесці да паслаблення ўвагі да Беларусі як да ключавой краіны ўсяго рэгіёну. На жаль, сёння аслабла падтрымка нават па самай балючай для нас тэме палітвязняў, якія знаходзяцца ў жахлівым становішчы і павінны быць неадкладна вызваленыя. Нарвегія, якая не з'яўляецца членам ЕЗ, можа дазволіць сабе больш рашучыя крокі і патрабаванні па спыненні рэпрэсій», - заявіў лідар «Еўрапейскай Беларусі».

Сюжэт нарвежскага тэлеканала NRK пра сітуацыю ў Беларусі:

Галоўны рэдактар charter97.org асобна распавяла пра сітуацыю з незалежнымі медыямі і грамадзянскай супольнасцю ў краіне, а таксама адзначыла неабходнасць змяніць падыходы да дапамогі дэмакратычнаму руху Беларусі.

«Апошнія падзеі ў краінах, якія жывуць пры аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымах, паказваюць узрослую ролю інтэрнэту, інтэрнэт-СМІ, сацыяльных сетак, грамадзянскай журналістыкі. Гэта адзін з тых напрамкаў, якія неабходна падтрымліваць. Неабходна таксама аказваць рэальную, а не дэкларацыйную дапамогу дэмакратычнаму руху і праваабарончым арганізацыям Беларусі. Шматлікія механізмы ЕЗ забюракратызаваныя настолькі, што атрымаць падтрымку практычна немагчыма. Вельмі часта гэтак неабходную для дэмакратаў дапамогу атрымліваюць праўладныя структуры.

Часам здаецца, што ў Еўропе забыліся пра Беларусь, махнулі рукой, страціўшы надзею што-небудзь змяніць. Але змены ў краіне магчымыя ў любы момант. Беларусы ненавідзяць дыктатара, ад адкрытага пратэсту іх пакуль утрымлівае страх рэпрэсій. У краіне на 100 тысяч насельніцтва 1460 супрацоўнікаў МУС, не кажучы ўжо пра спецслужбы. Каб адбыліся перамены, нам неабходная міжнародная салідарнасць, прынцыповасць заходніх палітыкаў у дачыненні да Лукашэнкі і падтрымка дэмакратычнага руху», - сказала Наталля Радзіна.

У парламенце Нарвегіі беларусы сустрэліся з прадстаўнікамі розных партый. На сустрэчы ўздымаліся многія пытанні, у тым ліку пра тое, што Парламенцкая асамблея АБСЕ ў стане зрабіць для дэмакратызацыі Беларусі больш, чым яна робіць сёння, у прыватнасці, звярнуць увагу на Маскоўскі механізм, які не выкарыстоўваецца належным чынам у дачыненні да нашай краіны. На маючай адбыцца ў лютым сесіі Парламенцкай асамблеі гэтыя пытанні як раз будуць абмяркоўвацца, у тым ліку з удзелам нарвежскіх дэпутатаў.

Андрэя Саннікава і Наталлю Радзіну таксама запрасілі адкрыць фестываль дакументальнага кіно «Human Rights Human Wrongs», які пачаўся ў гэтыя дні ў Осла. Першым фільмам у праграме фестывалю стала дакументальная стужка Мадэлэйн Саклер «Небяспечныя дзеянні з удзелам нестабільных элементаў Беларусі». У фільме распавядаецца пра Беларускі Свабодны тэатр, аднак цэнтральным стаў не толькі лёс прадстаўнікоў тэатра, многія з якіх былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

У фільме ідзе гаворка пра трагедыю Беларусі - краіне ў цэнтры Еўропы, якая «не прывабная» (not sexy) - тут няма нафты, газу, мора і гор. Тут ёсць толькі людзі, але людзі - не прывабны тавар, таму на дыктатуру ў цэнтры Еўропы сёння не звяртаюць увагі.

«Да Беларусі, у якой ужо 20 гадоў кіруе дыктатар, дзе выкрадаюць і забіваюць людзей, дзе ў турмах знаходзяцца палітвязні, дзе парушаюцца ўсе правы і свабоды, ніколі не было асаблівай увагі. Так, нашу краіну назвалі апошняй дыктатурай Еўропы і... забыліся пра яе.

Мы вельмі ўдзячныя, што салідарнасць з нашай краінай праяўляюць праваабаронцы і грамадскія актывісты па ўсім свеце, шмат сяброў у нас тут, у Нарвегіі. Еўрапейскія бюракраты ж фактычна заплюшчвалі вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі, замест рашучых дзеянняў прымаліся гучныя заявы без наступстваў для ўладаў у выпадку іх ігнаравання, а таксама санкцыі, якія мелі хутчэй сімвалічнае значэнне.

У выніку гэта прывяло да таго, што беларускі народ страціў 20 гадоў, а шматлікія беларускія героі, якія змагаліся за свабоду Беларусі, страцілі жыцці. Больш за тое, вірус дыктатуры Лукашэнкі сёння распаўсюджваецца на суседнія краіны. Праблемы з дэмакратыяй ва Украіне і Расеі - вынік таго, што Захад заплюшчваў вочы на дыктатуру ў Беларусі.

Але нягледзячы на тое, што ў 21 стагоддзі ў цэнтры Еўропы сёння існуе страшная дыктатура, там жывуць адважныя людзі, якія змагаюцца за свабоду і еўрапейскія каштоўнасці.

У нас ёсць астраўкі свабоды - у тым ліку, такія як Свабодны тэатр, фільм пра які мы ўбачым, ёсць сайт charter97.org, іншыя праекты. Мы робім усё для таго, каб Беларусь стала свабоднай. Дапамажыце нам у гэтым. Беларускаму народу вельмі патрэбныя саюзнікі і сябры ў свеце», - сказала падчас адкрыцця фестывалю Наталля Радзіна.

Андрэй Саннікаў, які таксама стаў адным з герояў фільма, заявіў:

«Гэта цудоўны фестываль, але не вельмі радасная падзея, паколькі тут прадстаўленыя фільмы пра краіны, дзе парушаюцца правы чалавека. Я ганаруся тым, што мяне папрасілі выступіць перад фільмам пра Беларускі Свабодны тэатр і яго стваральнікаў, маіх сяброў Мікалая Халезіна і Наталлю Каляду. Гэта вельмі яркі, энергічны тэатр, які падымае вострыя праблемы ў маёй краіне і ў свеце. Рэжысёр фільма пачала працаваць над гэтым праектам да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Потым здарылася 19 снежня, мірная дэманстрацыя, якая была жорстка разагнаная. Я быў кандыдатам у прэзідэнты і ў гэтую ноч быў збіты і арыштаваны, апынуўся ў турме, як і мая жонка і мае сябры. Коля і Наташа паспелі з'ехаць з Беларусі, ратуючыся ад пераследаў. Мадэлэйн Саклер не чакала такога развіцця сюжэту свайго фільма. Таксама як не чакалі такіх падзей і мы. Наша дэманстрацыя была момантам духоўнага ўздыму, надзеі на перамены, на свабоду. Гэта і выклікала жывёльны страх у дыктатара, які жорстка здушыў мірны пратэст.

Сотні чалавек апынуліся ў турмах і там нас ратавала салідарнасць людзей Беларусі і міжнародная салідарнасць. Вы не ўяўляеце, што значыць для палітвязня лісты з волі. Нам іх пісалі тысячы, у тым ліку і мне. Многія з іх не даходзілі, але тыя, якія даходзілі з розных краін свету, вельмі падтрымлівалі нас там. Нарвежцы таксама мне пісалі. У Беларусі тут шмат сяброў.

Тое, што адбылося ў снежні 2010 года ў Менску, сёння адбываецца і на ўкраінскім Майдане, які таксама патрабуе нашай салідарнасці і дапамогі. У вас не зойме шмат часу напісаць лісты палітвязням, падпісаць петыцыю, выказаць сваё стаўленне да дыктатуры. Паверце мне, што нават простыя дзеянні дапамагаюць умацаванню салідарнасці з людзьмі, якія змагаюцца з дыктатурай, як гэта адбываецца ў Беларусі. Я хачу цяпер навучыць вас двум самым важным словам на беларускай мове. Акрамя таго, што вы зможаце эмацыйна зблізіцца з фільмам, ведайце, што гэтыя словы дапамагаюць нам жыць, змагацца і яны азначаюць для нас свабодную будучыню. Я хачу, каб гэтыя словы прагучалі ў знак падтрымкі беларускіх палітвязняў: Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча і іншых як патрабаванне іх вызвалення. Будзьце ўпэўненыя, што яны пра гэта даведаюцца. Гэтыя словы - «Жыве Беларусь!».

Гледачы ўспрынялі заклік з натхненнем. Сотні чалавек, якія запоўнілі кіназалу, скандавалі словы «Жыве Беларусь!» у падтрымку беларускіх вязняў сумлення.

Падчас фільма «Небяспечныя дзеянні з удзелам нестабільных элементаў Беларусі», які ішоў паўтары гадзіны, стаяла поўная цішыня. Людзей узрушылі гісторыі з жыцця акцёраў Свабоднага тэатра, Андрэя Саннікава, а таксама кадры разгону Плошчы 19 снежня 2010 года, у выніку чаго каля тысячы чалавек трапілі за краты.

Калі гледачы выйшлі з здранцвення, доўга не змаўкалі апладысменты.

На прагляд фільма прыйшлі палітыкі, дыпламаты, грамадскія дзеячы, а таксама прадстаўнікі Нарвежскага Алімпійскага камітэта, якія ў сувязі з Алімпіядай у Сочы сталі больш цікавіцца палітычнай сітуацыяй у краінах рэгіёну.

Сапраўдным шокам для многіх стала і тое, што ў канцы фільма словы «Жыве Беларусь!» прамаўляе нядаўна загінулы амерыканскі акцёр Філіп Сэймур Хофман.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках