28 красавiка 2024, Нядзеля, 0:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія эколагі: Улады павінны прызнаць памылкі ў будаўніцтве АЭС

34
Беларускія эколагі: Улады павінны прызнаць памылкі ў будаўніцтве АЭС

Эколагі заклікалі ўлады спыніць падман грамадзян Беларусі.

Пра гэта гаворыцца ў заяве актывістаў антыядзернай кампаніі, якую атрымала рэдакцыя сайта charter97.org.

«Ядзерныя аварыі маюць пачатак, але не маюць канца! Мы, прадстаўнікі грамадскасці краіны, у найбольшай ступені пацярпелай ад Чарнобыльскай катастрофы, згодныя з гэтымі словамі расейскага антыядзернага актывіста Уладзіміра Слівяка. Сапраўды, ні новыя тэхналогіі, ні новыя інжынерныя развязанні, ні сучасная навука не могуць справіцца з наступствамі радыяцыйных катастроф на атамных

электрастанцыях. Гэта прадэманстраваў не толькі Чарнобыль, але і Фукусіма.

Сёння прайшло тры гады з моманту адной з найбуйнейшых атамных аварый у гісторыі чалавецтва. За гэтыя тры гады радыяцыйныя наступствы аварыі на АЭС Фукусіма-1 нікуды не зніклі, а працягваюць пагаршацца. Тысячы тон радыёактыўнай вады выкінутыя ў Ціхі акіян. Апошні маштабны выкід адбыўся менш за месяц таму», - гаворыцца ў заяве.

Эколагі адзначаюць, што вынікам Фукусімы, услед за Чарнобылем, стала ўсведамленне сусветнай грамадскасцю ўсёй бездапаможнасці сучаснай цывілізацыі перад наступствамі радыяцыйных аварый. Следствам гэтага становіцца адмова ад атамнай энэргетыкі ў шэрагу краін. Еўропа сёння актыўна пераарыентуецца на экалагічна бяспечныя аднаўляльныя крыніцы энэргіі. У Нямеччыне ўжо больш за 25% усёй электраэнэргіі генеруецца пры дапамозе сонечнай, ветравой і біяэнергетыкі. Сярод эканамічна развітых краін, якія адмаўляюцца ад АЭС - не толькі Нямеччына, але і Аўстрыя, Данія, Нарвегія, Швайцарыя, Бельгія, Італія. Францыя абмяркоўвае, як скараціць дзель атамнай электрагенерацыі, а шэраг штатаў ЗША заканадаўча забараніў будаўніцтва АЭС.

«Паралель паміж Чарнобылем, Фукусімай і беларускай АЭС відавочная - і там, і тут, атамнікі, будаўнікі і кантрольныя інстанцыі хавалі парушэнні тэхнічных нормаў і заканадаўства, замест праўдзівай інфармацыі распаўсюджваючы хлусню пра нібыта «поўную бяспеку» гэтых ядзерных аб'ектаў.

Будаўніцтва Беларускай АЭС сёння закрытае ад грамадскасці, і мы не можам праверыць шматлікія звесткі аб парушэннях і крадзяжах, якія паступаюць ад будаўнікоў, якія былі задзейнічаныя на астравецкай атамнай будоўлі, аднак даказаным з'яўляецца факт пачатку гэтага будаўніцтва без праектнай дакументацыі, як і шэраг іншых парушэнняў. Нам бы вельмі хацелася, каб урад Беларусі, які яшчэ падманвае сябе і сваіх грамадзян, нарэшце прызнаў свае памылкі. Мы заклікаем Беларусь спыніць незаконнае будаўніцтва АЭС, выканаць свае міжнародныя абавязанні і выслухаць беларускі народ, ці хоча ён будаўніцтва атамнай электрастанцыі на сваёй зямлі. Мы заклікаем спыніць падман і праядзерную прапаганду. Як паказвае Фукусіма, плён гэтай прапаганды пажынаць шмат якім пакаленням людзей у выглядзе забруджанай зямлі, вады, прадуктаў харчавання і ўсплёску анкалагічных захворванняў», - гаворыцца ў заяве.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках