30 красавiка 2024, aўторак, 10:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Независимая газета»: Лукашэнка гатовы ўвязацца ў вайну на баку Расеі

50
«Независимая газета»: Лукашэнка гатовы ўвязацца ў вайну на баку Расеі

Беларускія аэрадромы гатовыя да прыёму расейскіх знішчальнікаў.

Эксперты ў Менску сцвярджаюць, што рашэннем прыняць гэтыя самалёты Беларусь дэманструе гатоўнасць уступіць у вайну супраць Украіны на баку Расеі. На іх думку, менавіта па гэтай прычыне Украіна адмовілася ад сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў МЗС краін СНД, якая сёння павінна была адбыцца ў Менску, піша «Независимая газета».

«Па ўзгадненні з расейскім бокам прынятае рашэнне аб перабазаванні знішчальнікаў РФ на нашы аэрадромы, - паведаміў учора журналістам камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Беларусі Алег Двігалёў. - Аэрадромы гатовыя да прыёму авіяцыі». Па словах Двігалева, гаворка ідзе аб сумесным баявым дзяжурстве па СПА як на аэрадромах базавання, так і на аператыўных аэрадромах. Камандуючы растлумачыў, што сумесныя з расейцамі баявыя дзяжурствы яны нясуць ужо са снежня 2013 года, таму ніякіх праблем з выкананнем пастаўленай задачы не чакаецца. «Будуць адпрацаваныя пытанні патрулявання паветранай прасторы Беларусі, пытанні ўзаемадзеяння расейскіх і беларускіх экіпажаў, пытанні перабазавання на новыя аэрадромы, а таксама ў цэлым засваенне паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь», - растлумачыў Алег Двігалёў.

Як паведамлялася, аб перадыслакацыі расейскіх самалётаў у Беларусь днём раней у ходзе пасяджэння Савета бяспекі заявіў Лукашэнка. Эмацыйна абураючыся дзеяннямі НАТА, прыпамінаючы абавязацельствы ў рамках «саюзнай дзяржавы», ён нават словам не абмовіўся аб прычынах актывізацыі сілаў Паўночнаатлантычнага альянсу і тым больш пра сваё стаўленне да канфлікту паміж Расеяй і Украінай, які паклаў пачатак ваеннай актыўнасці ваеннага блока. Больш за тое, беларускі кіраўнік, гаворачы пра Украіну, заявіў, што з'яўляецца прыхільнікам ідэі захавання яе тэрытарыяльнай цэласнасці. Эксперты тут жа выявілі нестыкоўкі ў развагах прэзідэнта.

«Гэта можа здацца нечаканым, але справа ў тым, што Лукашэнка наўмысна нагнятае сітуацыю, каб ураўнаважыць гучныя, самастойныя і палітычныя выказванні, у тым ліку ў дачыненні да Украіны», - называе прычыны такіх нестыковак беларускі ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін. Ён мяркуе, што такім чынам Лукашэнка «гуляе на струнках ваенна-палітычнага кіраўніцтва Расеі, якое вельмі зацікаўлена ва ўскосным або прамым кантролі геапалітычнага прасторы Беларусі».

Праўда, так ацэньваюць сітуацыю не ўсе эксперты. Шэраг каментатараў ацэньваюць дзеянні Лукашэнкі як згоду Беларусі ваяваць на баку Расеі. «Востры міжнародны крызіс з-за Украіны непасрэдна закрануў і Беларусь, - кажа з гэтай нагоды беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч. - З'яўленне на нашых аэрадромах 15 расейскіх самалётаў азначае, што краіна ўцягнулася ў гэты вар'яцкі працэс па сваёй волi. Прычым прычына гэтага ўцягвання як раз у тым, што беларускі прэзідэнт узмоцнена адмаўляе, - у ціску Крамля. Тое, як кіраўнік Беларусі хутка здаўся, сведчыць аб тым, што Масква націснула вельмі моцна». Карбалевіч, вылучаючы гэтую версію, нагадвае, што незадоўга да заявы Лукашэнкі аб расейскіх знішчальніках адбылася тэлефонная размова паміж ім і прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.

Эксперты, якія прытрымліваюцца падобнага пункту гледжання, нагадваюць, што прычынай таго, што Беларусь уцягнулася ў канфлікт, з'яўляецца яе эканамічная слабасць і фінансавая залежнасць ад Расеі. «Каб у краіне не здарыўся майдан, чаго вельмі баіцца Лукашэнка, неабходна ўтрымаць яе ад фінансавай бездані, а без расейскай падтрымкі гэта немагчыма. Менавіта таму Беларусь вымушаная будзе ісці ў фарватэры расейскай палітыкі, якой бы тая ні была», - кажуць яны.

Яшчэ адно тлумачэнне дзеянням Лукашэнкі даў менскі палітолаг Юрый Чавусаў. Ён мяркуе, што спіч пра пагрозу НАТА быў разлічаны на мясцовую грамадскасць. «Лукашэнка, мабыць, паспрабаваў выкарыстоўваць тую ўвагу, якая сёння выяўляецца да падзеяў ва Украіне з боку беларускага грамадства... Ён спрабуе апраўдаць пэўную страту кантролю над ваенным складнікам суверэнітэту», - мяркуе эксперт. Чавусаў звярнуў увагу на тое, як няёмка сябе адчуваў беларускі прэзідэнт, калі гучалі першыя заявы ваеннага кіраўніцтва РФ аб размяшчэнні ў Беларусі расейскіх авіябаз: «Лукашэнка адразу ж спрабаваў згладзіць гэтыя ініцыятывы, падкрэсліваючы, што, маўляў, гэта будуць не базы, а магчыма, і не расейскія самалёты, а беларускія». Цяпер, на думку Чавусава, прэзідэнт Беларусі апраўдвае свае саступкі ў ваеннай сферы Расеі пагрозай НАТА.

На фоне гэтых абмеркаванняў учора стала вядома, што Украіна адмовілася ад сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў МЗС краін СНД, якая сёння павінна была адбыцца ў Менску, хоць сама ж яе і ініцыявала. Эксперты ў большасці сваёй звязваюць такое развіццё падзей з апошнімі дзеяннямі і заявамі Лукашэнкі.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках