30 красавiка 2024, aўторак, 10:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арцемій Троіцкі: Я быў натхнёны «народнай містэрыяй» Майдана

8
Арцемій Троіцкі: Я быў натхнёны «народнай містэрыяй» Майдана

Вядомы расейскі музычны крытык супрацьпаставіў ліст дзеячаў культуры ў падтрымку Пуціна антываеннаму закліку, апублікаванаму рок-музыкамі.

«Я вельмі ганаруся і ўдзячны сваім даўнім сябрам, музыкам, якія нарэшце аб'ядналіся дзеля высакароднай мэты - я маю на ўвазе антываенны заклік, які запісалі Андрэй Макарэвіч, Барыс Грэбеншчыкоў, Юрый Шаўчук і Вячаслаў Бутусаў, - іхныя заклікі адумацца, спыніцца і пазбавіцца ад шавіністычнага чаду, - сказаў Арцемій Троіцкі ў інтэрв'ю Голосу Америки. -Гэтыя хлопцы нагадалі пра сябе як пра людзей, якія валодаюць маральным аўтарытэтам.

Наколькі наша насельніцтва будзе ўспрымальнае да гэтых заклікаў - гэта ўжо іншая размова. У мяне такое адчуванне, што нашы людзі проста ачмураныя нейкім прытухлым шавіністычнага паветрам. Але дзякаваць Богу, што чутныя галасы, якія заклікаюць людзей да дабрыні, спакою і міралюбнасці. Я шчаслівы, што самыя чутныя з гэтых галасоў належаць маім сябрам-музыкам».

Арцемій Троіцкі ў сераду ўвечары браў удзел у абмеркаванні падзей ва Украіне, якое прайшло ў Нью-Ёрскім універсітэце.

«Думаю, што сёй-той шчыра мяркуе, што ўсё, што адбываецца ў Крыме - гэта выдатна, законна і ура-ура, - сказаў ён. -Некаторыя зрабілі гэта дзеля страху, іншыя з нейкіх кар’ерных меркаванняў. Што там робяць заслужаныя і любыя артысты старэчага веку накшталт Аляксея Баталава, я, шчыра кажучы, не ведаю. Я магу зразумець, чаму там апынуўся Павел Лунгін, які, скажам так, заўсёды быў досыць хітрым хлопцам. Але навошта на старасці гадоў падставіўся Баталаў, якому, я думаю, нічога ад улады не трэба - гэта для мяне дзіўна».

На думку Траецкага, Расею пасля ўварвання ў Крым чакае ізаляцыя на міжнароднай арэне і «вяртанне да сталінізму» ўнутры краіны. Тым не менш, нягледзячы на досыць змрочнае бачанне будучыні, ён аптымістычна глядзіць на культурную прастору краіны.

«З усіх магчымых параметраў расейскай цывілізацыі культура і мастацтва пацерпяць менш за ўсё, - выказаў меркаванне крытык і журналіст. -Я думаю, што ёсць іншыя сферы, якія проста лягуць руінамі - найперш навука, распрацоўка высокіх тэхналогій, эканоміка. Што да культуры і мастацтва, даўно заўважана, што ў крызісныя часы ствараюцца самыя моцныя творы. Таму я зусім не выключаю таго, што ўсе тыя сумныя падзеі, якія цяпер адбываюцца ў Расеі, акурат узнімуць хвалю новай магутнай літаратуры, выяўленчага мастацтва».

«Я магу сказаць, - працягнуў Траецкі, -што ў мінулым, 2013 годзе, Расея, на мой погляд, зрабіла некаторую колькасць абсалютных шэдэўраў. Я маю на ўвазе і фільм Аляксея Германа «Цяжка быць Богам», які я не магу назваць добрым ці дрэнным, таму што ён вар'яцка цяжкі і малаўцямны - але гэта, бясспрэчна, вельмi магутная рэч. Гэта і спектаклі Канстанціна Багамолава ў МХАТе «Ідэальны муж», «Карамазавы».

Я скажу шчыра, што з часоў класічнай любімаўскай «Таганкі» 1970-х гадоў нічога лепшага ў расейскім тэатры, па-мойму, не было. І гэта некаторыя супэрэкзатычныя акцыі накшталт выбрыка Пятра Паўленскага пад назвай «Фіксацыя», калі ён прыбіў машонку да бруку Чырвонай плошчы. Так што, я б сказаў, што культура ў нас жывая, хоць іншая рэч, што шмат якія галіны культуры, як кіно, напрыклад, натуральна, маюць патрэбу ў субсідыях - яны не могуць стварацца проста так, на чыстым натхненні».

«Народная містэрыя» Майдана

Выступаючы ў Нью-Ёрскім універсітэце, Траецкі распавёў, што сам ён у снежні мінулага года правёў два дні на Майдане і нават выступаў там - як у якасці расейскага грамадзяніна, які падтрымаў украінскіх рэвалюцыянераў, так і ў якасці ды-джэя. Паводле ягоных слоў, тады на Майдане не было ніякай нянавісці ці нават варожасці ў дачыненні да расейцаў, роўна як і да каго-небудзь яшчэ, за выняткам карумпаванай, зладзейскай украінскай улады.

Не бачыў Траецкі на Майдане і неанацыстаў, пра перавагу якіх сярод дэманстрантаў паведамляюць расейскія СМІ. Ён дапусціў, што яны там, напэўна, былі, але іх колькасць была невялікая - нягледзячы на тое, што Майдан падтрымлівалі тысячы валанцёраў і «99% насельніцтва Кіева». Траецкі адзначыў пры гэтым, што «вісусы» ўльтраправага або левага кшталту сустракаюцца на буйных маніфестацыях ва ўсіх краінах, у тым ліку і Расеі.

У сваім блогу неўзабаве пасля паездкі на Майдан Траецкі ахарактарызаваў тое, што ён там убачыў, як «народную містэрыю» і «рэальнае народаўладдзе, прычым цалкам самаарганізаванае». «Ніякіх лідэраў там няма, ніякіх разумнікаў, ніякіх харызматыкаў, ніякіх гэтых мудрагелістых палітыкаў, - напісаў ён. - То бок, гэта велізарная колькасць народу, якія аб'яднаныя, я так разумею, збольшага ў нейкія такія групы паводле схільнасцяў».

Ён таксама назваў тады нацыяналізм на Майдане адухоўленым, пазітыўным і абсалютна не агрэсіўным ў дачыненні да іншых краін і народаў. Праўда, выступаючы ў Нью-Ёрку, Траецкі дапусціў, што пасля гвалту, кульмінацыяй якога стала змена ўлады і ўцёкі з краіны Віктара Януковіча, а таксама «наступных дзеянняў Расеі», тон Майдана, магчыма, змяніўся.

Траецкі назваў «помсту за Майдан» аднам з ключавых складнікаў рэакцыі расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна на падзеі ва Украіне.

«Натуральна, Украіна краіна і братэрская, і вельмі блізкая Расеі - краіна, якая да самага апошняга часу была вельмі падобная да Расеі, - сказаў ён. -Таму, гледзячы на тое, што ва Украіне адбылося, я думаю, і Пуцін, і шмат якія ягоныя калегі вельмі лёгка экстрапалявалі гэтыя падзеі на сябе, на свае палацы, на сваю ўсёмагутнасць - і зразумелі, што гэта для іх вельмі небяспечна. Таму яны зрабілі ўсё магчымае, каб падаць Майдан самым скрыўленым чынам, як нейкую зборню фашыстаў, а не ўсенародную рэвалюцыю, і, адпаведна, адхіліць наш народ ад таго, што там адбылося».

Дэмакратыя, народаўладдзе і ўлада натоўпу

Траецкі заявіў, што ён не рамантызуе Майдан.

«Я думаю, што ўсе цяперашнія ўкраінскія лідэры выдатна разумеюць, што без мандата Майдана, без таго, што народ іх ухваліць і падтрымае, яны нішто, - сказаў ён. -Іх скінуць сапраўды гэтак жа, як скінулі Януковіча. Таму - не, я ня рамантызую Майдан. Я мяркую, што гэта вельмі дзейсны інструмент народаўладдзя. Па-мойму, гэта выдатна».

Пры гэтым на пытанне, ці з'яўляецца сітуацыя, калі пастановы прымаюцца самаарганізаваным натоўпам, хай нават вельмі вялікім, прыкладам дэмакратыі, Траецкі адказаў: «Мне цяжка сказаць, дэмакратыя гэта ці не. Я б назваў гэта народаўладдзем дырэктыўнага дзеяння. Калі гэта не ўважаецца за дэмакратыю, то я думаю, у панятку «дэмакратыя» маюцца вельмі істотныя заганы».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках