4 траўня 2024, Субота, 14:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як катавалі журналістаў у крымскім палоне

86
Як катавалі журналістаў у крымскім палоне

У людзей стралялі, білі, падпальвалі валасы, прымушалі капаць магілы.

9 сакавіка ў Херсонскай вобласці на ўездзе ў Крым невядомыя ў камуфляжнай вопратцы выкралі некалькі журналістаў выдання «Тиждень» Алеся Кромплеса, Яўгена Рахно, Алену Максіменку, а таксама актывістаў «Аўтамайдана» Кацярыну Бутко і Аляксандра Разанцава.

Сустрэўшыся з журналістамі пасля вызвалення, маладыя людзі распавялі, што адбывалася з імі 9 і 10 сакавіка, калі ўвесь свет перажываў за выкрадзеных, піша «Украінская праўда».

«Галоўныя прэтэнзіі да мяне ўзніклі тады, калі знайшлі мае журналісцкія пасведчанні і фотакамеру. Але горш за ўсё тое, што там яшчэ была акрэдытацыя са Штабу Нацыянальнага супраціву - з прэс-цэнтра Майдану. Журналіст для іх - апрыёры вораг, які прыехаў падбухторваць народ і скажаць сітуацыю, - распавяла Алена Максіменка. - Нам, дзяўчынам, дасталася менш у фізічным плане, але больш - псіхалагічна. Спрабавалі высветліць, на каго мы працуем і хто нам плаціць, і ці не сорамна мне пісаць «заказныя» артыкулы.

Адзін з казакоў чытаў паэму на ўкраінскай мове, вельмі артыстычна, пры гэтым прамаўляючы кожнае слова скрозь зубы з нянавісцю. І потым распавядаў, што ў свеце перанасяленне і трэба лішніх людзей адстрэльваць: «А каго адстрэльваць, як не такіх людзей, як вы?» Прымусілі зняць шнуркі з чаравік, пасля чаго адзін мужчына пачаў анучай мяне душыць, ударыў кулаком у скулу, адрэзаў частку валасоў».

Алесь Кромплес сведчыць:

«У мяне было два фотаапараты, але атрымалася растлумачыць ім, што гэта не прафесійная тэхніка. Больш за ўсё іх раззлавала тое, што ў Яўгена была бронекамізэлька.

Наш аўтамабіль адагналі на абочыну, а нас з Яўгенам паставілі на калені і сказалі падняць рукі за галаву. На тым блокпосце было амаль 200 чалавек, стаялі БТРы, палаткі. І ўсе гэтыя людзі проста пачалі збірацца вакол нас, чытаць мараль, абзываць майданутымі, паралельна абшуквалі дзяўчын з «Аўтамайдана».

А потым падышоў нейкі супрацоўнік «Беркута». Спачатку сказаў: «Сюды глядзі», а потым: «Чаго ты глядзіш!» І проста ўдарыў мяне моцна нагой у жывот. Я стаяў на каленях. У нас рукі былі звязаны ззаду пластыкавымі сцяжкамі, у дзяўчат - скотчам. Яўгену даставалася больш, бо гэта быў яго аўтамабіль. Ён прызначаны для бездарожжа, там ёсць дамкрат, шнур. У нас распытвалі, навошта гэта вам. І пры кожным адказе, у які яны не верылі, яго проста білі.

Пасля нас завялі ў роў. Там таксама паставілі на калені. І пачаўся атракцыён нябачанага садызму. Хтосьці з гранатай прапанаваў засунуць яе мне ў рот. Хтосьці падышоў і балюча ўдарыў у жывот. Беркутавец падышоў і пачаў пагражаць зброяй. Спачатку ён прыставіў да маёй галавы пісталет, перазарадзіў. Хтосьці прыйшоў з двума рыдлёўкамі і сказаў, што будзем магілы капаць. Хтосьці казаў, што давайце канчайце іх, але каб не было шмат крыві.

Пыталіся: «Што табе адрэзаць? Нос або вуха?» Праз гадзіну такіх катаванняў мы зразумелі: усё, што ім трэба, - гэта проста здзек, у іх ёсць выразны загад не біць нас проста ў твар. Мне разрэзалі штаны, каб быў бачны голы зад. Усе здымалі на тэлефон.

Хтосьці падышоў і кінуў на галаву недакурак. Я ляжаў і разумеў, што ўсе валасы гараць, адчуваў, як нешта пячэ на галаве. Пачынаў круціцца і біцца галавой аб зямлю, каб патушыць валасы. Усе пачыналі смяяцца. Далей нас даставілі ў КПП ДАІ. З гэтага рова да КПП я ішоў без штаноў. Усе стаялі і рагаталі. Усё гэта дакументавалася на відэа».

Сведчыць Яўген Рахно:

«У яры мы ляжалі са звязанымі ззаду рукамі. Яны паклалі мне галаву набок і стрэлілі ў 5-10 сантыметрах ад твару. Патроны былі баявыя. А пасля гэтага прыстаўлялі да нагі, да рукі, пыталіся: «А што табе адстрэліць?»

Былі моманты, калі станавілася зразумела, што нас бяруць на понт. Яны ўвесь час нас правакавалі. Падыходзяць і кажуць: «А давай мы табе зубы вырвем». Бяруць абцугі і лезуць у рот. Гэта такі спосаб запалохвання быў. Увесь гэты час мы былі са звязанымі рукамі, у агульнай складанасці дзесьці 13 гадзін».

Напісаць каментар 86

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках