5 траўня 2024, Нядзеля, 13:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Патрыярх Філарэт: Святы абавязак кожнага - абараняць свой дом

57
Патрыярх Філарэт: Святы абавязак кожнага - абараняць свой дом

Улады Расеі парушылі тры Божыя наказы і забыліся аб выніках рэферэндуму 1991 года ва Украіне.

Пра гэта заявіў у сваім звароце Патрыярх Кіеўскі і ўсёй Русі-Украіны Філарэт.

Тэкст звароту змешчаны на сайце царквы.

"Пакліканне Царквы – сведчыць аб праўдзе. Таму трэба даць маральную ацэнку анэксіі, або лепш сказаць - аншлюсу Крыму, напярэдадні ўчыненага Расейскай Федэрацыяй. 18 сакавіка 2014 года кіраўнікамі Расеі было публічна ўчыненае парушэнне трох наказаў Божых: не крадзі; не сведчы фальшыва на блізкага твайго; не жадай дома блізкага твайго... (і) нічога, што ў блізкага твайго (Зыход 20:15-17). Наступствам узброенай агрэсіі расейскіх улад супраць Украіны таксама ўжо стала кровапраліццё - забойства сэпаратыстамі ўкраінскага актывіста ў Данецку, забойства крымскага татарына і ўкраінскага вайскоўца ў Крыме", - адзначыў ён.

Са слоў Філарэта, падбухторваныя і падтрымоўваныя Расеяй правакатары сеюць разлад і заклікаюць да сэпаратызму, распальваюць грамадзянскі канфлікт ва ўсходніх і паўднёвых абласцях Украіны.

"У выступе 18 сакавіка ў Крамлі Прэзідэнт Расеі У.Пуцін выкарыстаў сродак д'ябла - змяшаў праўду з хлуснёй. Перакананы, што паўпраўда, якую з вуснаў кіраўніка расейскай дзяржавы чуў увесь свет, горшая за шчырую хлусню - як схаваная ў ежу атрута больш небяспечная, чым атрута відавочная, - адзначыў кіраўнік УПЦ КП. - Уважаючы раскіданне таталітарнага СССР за "трагічную падзею", ён не сказаў, што ва Украіне, у тым ліку ў Крыме і Севастопалі, большасць людзей 1 снежня 1991 года на адкрытым рэферэндуме без усялякага прымусу падтрымалі незалежнасць Украіны. Таксама ён ні словам не абмовіўся аб абавязаннях не толькі паважаць, але і гарантаваць тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і недатыкальнасць межаў Украіны, узятыя на сябе Расейскай Федэрацыяй паводле Будапэшцкага мэмарандуму 1994 года і Пагадненнем аб сяброўстве 1997 гадоў".

Філарэт адзначыў, што акупаваўшы і анэксаваўшы Крым, кіраўніцтва Расеі фактычна паставіла пад сумнеў "усю сістэму міжнароднага права".

"Матывуючы агрэсію супраць Украіны, прэзідэнт Расеі апэлюе да агульнай гістарычнай мінуўшчыны нашых дзяржаў і народаў. Але ў розны час пад расейскай уладай, акрамя Украіны, знаходзіліся яшчэ шэраг дзяржаў - Беларусь, краіны Балтыі, Польшча, Фінляндыя, Малдова, краіны Закаўказзя і Сярэдняй Азіі. Мяркуючы з ўсяго, ад расейскага кіраўніцтва цяпер можна чакаць не толькі ўварвання ў паўднёва-ўсходнюю Украіну, але і ў кожную з гэтых краін. Бо там, як і ва Украіне, ёсць этнічныя расейцы і расейскамоўныя людзі, "абаронай інтарэсаў" якіх Крэмль гатовы апраўдваць свае заваёвы", - адзначыў ён.

"Уладзімір Пуцін афіцыйна стаў выкарыстоўваць такія вызначэнні, як "расейскі свет", "гістарычная Расея", "расейцы - падзеленая нацыя", "мы з украінцамі - адзін народ". Усё гэта, разам з настальгіяй аб былой дзяржаўнай велічы ды імкненнем рэваншу за раскіданне СССР, з'яўляецца дакладнай копіяй ідэалогіі і рыторыкі фашыстоўскіх рэжымаў ХХ стагоддзя, у прыватнасці ў Нямеччыне і Італіі", - падкрэсліў ён.

Ён звярнуўся да ўсяго ўкраінскага народу: "На нашу Радзіму здрадна напаў вораг, які акупаваў частку Украіны і імкнецца наогул знішчыць нашу дзяржаўнасць і незалежнасць, вярнуць нас у імпэрскае крамлёўскае ярмо. Таму святы абавязак кожнага - дапамагаць абараняць ад нападніка наш агульны ўкраінскі дом".

"Мы павінны згуртавацца, бо толькі ў еднасці - моц народа. Дзеянні прадстаўнікоў украінскай дзяржавы могуць выклікаць крытыку, але варта памятаць: акупацыйная ўлада не дазволіць ніякай крытыкі", - заклікаў Філарэт.

"Яшчэ раз паўтару словы, сказаныя неаднаразова ад імя нашай Царквы гэтымі днямі: украінскі народ не мае і не павінен мець ніякай нянавісці ці варожасці да расейскага народу, нават у варунках вайсковай агрэсіі супраць нашай дзяржавы. Мы хочам, і я перакананы - у будучыні будзем мець сяброўскія і раўнапраўныя стасункі паміж незалежнай Украінай і дэмакратычнай Расеяй на грунце ўзаемнай павагі суверэнітэту і неўмяшання ва ўнутраныя справы адзін аднаго, - дадаў кіраўнік УПЦ КП. - Дарагія браты і сёстры! У гэтыя цяжкія дні яшчэ раз хачу засведчыць - Кіеўскі Патрыярхат з украінскім народам. Мы молімся Богу і просім абараніць нашу дзяржаву і народ ад нашэсця іншапляменнікаў, просім Госпада нябачнай моцай умацаваць Украіну ў барацьбе за праўду, вольнасць і супакой".

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках