29 красавiка 2024, панядзелак, 15:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Краўчук: Мне 80 гадоў, але я вазьму зброю і буду абараняць сваю зямлю

29
Леанід Краўчук: Мне 80 гадоў, але я вазьму зброю і буду абараняць сваю зямлю

Першы прэзідэнт незалежнай Украіны заклікаў расейцаў падумаць аб стасунках двух народаў.

Пра гэта Леанід Краўчук напісаў у блогу на сайце «Сноб». Прыводзім словы першага прэзідэнта Украіны цалкам:

- Мне 80 гадоў, але я вазьму зброю і буду абараняць сваю зямлю

360 гадоў мы жылі ў адной краіне. Шмат пакаленняў людзей. Змяшалася ўсё: сям'і, этнасы, культура...Няма такой старонкі ў нашай гісторыі, дзе б мы не былі арганічна пераплеценыя. Вялікую Айчынную вайну і Першую сусветную вайну мы прайшлі разам, мы не ваявалі адзін з адным. Самае страшнае, што можна ўявіць сабе, гэта вайна Украіны і Расеі. Я не веру, што гэтая вайна можа быць, але любыя небяспечныя дзеянні палітыкаў могуць прывесці да канфлікту. У Савеце Федэрацыі сядзяць хворыя людзі, яны не разумеюць, што кажуць. Трэба спыніцца і астыць. Нашы народы - гэта золата, улада не варта нашага мезенца. Людзі ва ўладзе кіруюцца ўласнымі амбіцыямі, а не інтарэсамі народа.

Няхай Расея падумае аб адносінах нашых народаў, а не абараняе ўладу - ні мінулую, ні пазамінулую. Прэзідэнты прыходзяць і сыходзяць, а народы жывуць і будуць жыць. Трэба даць права народу самому разбірацца ў сваіх унутраных справах.

Ні адзін расеец не загінуў ад рук, як яны іх называюць, бандэраўцаў. Такіх фактаў няма. Але ёсць іншыя факты. Сёння Крым акупаваны войскамі Расейскай Федэрацыі, якія заблакавалі нашы воінскія часткі, разграмілі аэрапорт «Бельбек» у Севастопалі, блакавалі Вярхоўную раду і Кабінет міністраў. Крым жыве пад патранатам расейскіх ваенна-марскіх сіл. Яны выйшлі за межы сваёй базы і акупавалі Крым - фактычна гэта захоп тэрыторыі.

Я заклікаю расейскія ўлады спыніцца. Паміж нашымі народамі не павінна быць вайны. Няўжо Расея не разумее, што можа стаць агрэсарам, а Пуцін - ініцыятарам агрэсіі, і што гэта пачатак Трэцяй сусветнай вайны?

Мой прадзед і дзед ваявалі ў Першай сусветнай вайне разам з Расеяй і маюць царскія ўзнагароды. Мне 80 гадоў, але я вазьму зброю і буду абараняць сваю зямлю. Кожны грамадзянін будзе абараняць сваю тэрыторыю як свой дом.

Сёння Рада бяспекі Украіны прывяла войскі ў вышэйшую баявую гатоўнасць.

А што рабіць узброеным людзям, да якіх прыходзяць чужыя войскі і блакуюць іх? Усе размовы ў Белакаменнай, што яны тут выконваюць гуманітарную місію - трызненне сабачае! Зразумела, што яны там выконваюць.

Як жа быць з Харкаўскім пагадненнем, згодна з якім Расея - гарант нашай тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці, як ЗША і Вялікабрытанія? Навошта нам на тэрыторыі чужыя войскі, якія не выконваюць ні аднаго пункта з пагаднення па Чарнаморскім флоце?

Расея кажа, што ў нас адбываецца нешта, што ёй не падабаецца. Нам таксама шмат чаго не падабаецца з таго, што адбываецца ў Расеі. Але Расея сама павінна развязваць свае пытанні.

У Крыме жанчыны і дзеці выйшлі, каб стаць паміж вайскоўцамі. Мы маем вопыт Чачэніі. Колькі там загінула мірных людзей. На вайне гінуць не толькі вайскоўцы, чый прафесійны абавязак - паміраць. Ёсць яшчэ старыя, жанчыны і дзеці...Яны таксама павінны паміраць па волі нейкага шызафрэніка?

Расея парушыла Будапешцкі мемарандум. Ва Украіны ёсць усе падставы звярнуцца ў міжнародны арбітражны суд. Гэта будзе не проста галаслоўная заява Украіны, што мы перадумалі і больш не хочам бачыць у Севастопалі расейскі флот. Калі б гэты флот стаяў на варце міру і спакою, я б сам яшчэ раз прагаласаваў за тое, каб ён застаўся. Але Расея растаптала пагадненне.

Мы сталі на калені, а Расея села нам на галаву. Чэхаславаччына, Польшча, Афганістан, Вугоршчына. Цяпер што, Украіна на чарзе?

Усе краіны Еўропы падтрымаюць Украіну. У мяне няма ніякага сумневу. Мы - аб'ект агрэсіі. У гэтай сітуацыі нам трэба проста быць разумнымі, не дапускаць стромкіх дзеянняў. Пасля Другой сусветнай вайны быў Нюрнбергскі працэс. Так, ён быў у Нямеччыне. Але ён можа паўтарыцца і ў іншым месцы.

Нагадаем, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 1 сакавіка ўнёс у Савет Федэрацыі зварот аб выкарыстанні узброеных сіл на тэрыторыі Украіны «да нармалізацыі грамадска-палітычнай абстаноўкі ў гэтай краіне». Прычынай такіх мер у дакуменце названа «экстраардынарная сітуацыя», якая склалася ў гэтай краіне.

Раней ваенныя Расеі занялі амаль усе стратэгічныя аб'екты ў Крыме. У некаторых абласных цэнтрах на ўсходзе Украіны правакатары і сепаратысты штурмавалі адміністрацыйныя будынкі. 2 сакавіка стала вядома, што да мяжы ў раёне Харкаўскай вобласці высунутыя падраздзяленні Цэнтральнай вайсковай акругі Расеі.

Украіна звярнулася да ЗША і іншых пастаянных сяябраў Савета Бяспекі ААН, а таксама да кіраўніцтва НАТА з просьбай аб абароне тэрытарыяльнай цэласнасці. В.а. прэзідэнта краіны Аляксандр Турчынаў увёў у дзеянне пастанову Савета нацбяспекі і абароны аб прывядзенні Узброеных сіл у поўную баявую гатоўнасць.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках